Хартыя застаецца з намі

Цяперашняя 800-я гадавіна падпісання Вялікай Хартыі Вольнасцяў прыйшлася на самы буйны канстытуцыйны крызіс у Вялікабрытаніі. Зараз брытанцы думаюць, ці варта ім і далей жыць паводле сярэднявечных нормаў.



Галоўны кур’ёз у гісторыі з’яўлення Вялікай Хартыі Вольнасці (Magna Carta) заключаецца ў тым, што «маці ўсіх канстытуцый» (так называюць часам гэты дакумент) чалавецтва абавязанае аднаму з самых непапулярных і нелюбімых англійскіх манархаў. Гутарка пра Джона Беззямельнага. Дастаткова ўзгадаць славуты раман «Айвенга», дзе каварны кароль Джон перманентна ўстаўляе палкі ў колы высакароднаму рыцару Айвенга і яго патрону — каралю Рычарду Львінае Сэрца. Пры жыцці Джон Беззямельны меў у англійскім народзе такую кепскую рэпутацыю, што з тых часоў ніводны англійскі манарх не называў сваіх нашчадкаў гэтым імем (пасля імя Джон стала лічыцца нешчаслівым таксама для кіруючых дынастый Шатландыі і Францыі).

Так ці інакш, менавіта той Джон падпісаў 16 чэрвеня 1215 года дакумент, які стварыў юрыдычную базу пад інстытут вольных выбараў у парламент, які, у сваю чаргу, станавіўся галоўным заканадаўчым органам у краіне. З тых часоў у заканадаўстве з’явілася норма прэзумпцыі невінаватасці і прынцып недатыкальнасці асобы. Параграфы Вялікай Хартыі ўсе 800 гадоў інспіруюць дэмакратычны рух па ўсім свеце.

Тэкст Вялікай Хартыі Вольнасцяў заставаўся адносна стабільным даволі доўгі час; пры пазнейшых папраўках у яго ўносіліся толькі рэдакцыйныя змены. Аднак гэта не выратавала яго ад крытыкі. Па сутнасці, Хартыя выконвае функцыю Канстытуцыі, аднак Канстытуцыяй назваць яе немагчыма. Гэта пункты дамовы, якія размешчаныя без пэўнай сістэмы і датычацца самых розных пытанняў эпохі, што даўно прайшла. Напрыклад, там можна наткнуцца на такі пункт: «Мы вернем сына Левеліна неадкладна ж, а таксама ўсіх уэльскіх закладнікаў і граматы, якія былі выдадзеныя нам у забеспячэнне міру».

Затое ў тэксце Хартыі няма ніводнага слова пра падзел улады і фармальныя функцыі ўраду. Адсутнасць нармальнай сучаснай канстытуцыі ў Вялікабрытаніі стварыла дзіўную схему, дзе сам чорт зломіць нагу. Брытанскі асноўны закон складаецца з нормаў трох катэгорый: 1) норм статутнага права; 2) норм прэцыдэнтнага права; 3) канстытуцыйных звычаяў.

Аднак нягледзячы на ўсе недахопы існуючай сістэмы, у выніку ўсё роўна перамагалі прыхільнікі традыцыі. Іх галоўны рэзон быў просты. Нашто нешта мяняць, калі ўсё і так, быццам, някепска працуе?

Цяперашняя 800-я гадавіна падпісання тэксту Magna Carta прыйшлася на самы буйны канстытуцыйны крызіс у Вялікабрытаніі за апошнія дзесяцігоддзі. Яго асноўныя чыннікі — незалежніцкія памкненні Шатландыі плюс крызіс вакол фармату адносін Аб’яднанага Каралеўства і ЕС. Яшчэ адным каталізатарам дыскусіі вакол лёсу Хартыі сталі апошнія парламенцкія выбары, якія давялі недасканаласць мажарытарнай сістэмы, што прапісаная менавіта ў Хартыі. Напрыклад, з-за мажарытарнай сістэмы шатландцы, якія выступаюць за ўнію з Англіяй (гэта кожны другі жыхар краю), аказаліся прадстаўленыя ў парламенце толькі двума дэпутатамі.

Але праблема заключаецца ў тым, што лагер рэфарматараў нагадвае салянку. Пра неабходнасць перамен кажуць шмат, аднак не зразумелы агульны алгарытм працы над кадыфікацыяй. Падавалася, нічога цяжкага тут няма — трэба правесці канстытуцыйны сход, або хаця б стварыць пры парламенце адпаведную камісію.

«Стоп!» — кажуць на гэта шатландскія нацыяналісты, нагадваючы, што Вялікабрытанія складаецца з чатырох суб’ектаў: Паўночнай Ірландыі, Уэльсу, Шатландыі і Англіі. На іх думку, у кожным з суб’ектаў спачатку павінны быць выпрацаваны свае тэзісы адносна кантэнту будучага асноўнага закону. Пасля прадстаўнікі лакальных устаноўчых сходаў могуць сустрэцца і скампанаваць фінальны тэкст. З такой формулай вельмі не згодныя ў Лондане, дзе разглядаюць Адзінае Каралеўства як самастойны юрыдычны суб’ект.

Ёсць абсалютна арыгінальная думка шэрагу палітолагаў, якія лічаць, што цяперашнія дэбаты наконт замены Хартыі на Канстытуцыю не маюць сэнсу, паколькі Канстытуцыі пішуцца ў часы рэвалюцый (так, дарэчы, было і з Хартыяй, якая, як вядома, з’явілася на свет як прадукт кампрамісу паміж каралём і баронамі-мяцежнікамі).

Аднак нават наяўнасць адзінага падыходу сярод рэфарматараў не значыла б, што Вялікую Хартыю можна смела запісваць у помнікі гісторыі брытанскага права. Сітуацыя ўскладняецца пазіцыяй правячага кабінета. Торы будуць да канца сабатаваць перамены. Кансерватары па выніках майскіх выбараў маюць у парламенце дэпутацкую большасць, хаця за іх прагаласавала толькі 37 працэнтаў  выбаршчыкаў. Таму перспектыва адмовы ад Хартыі і, як следства, адмова ад мажарытарнай сістэмы выбараў не абяцаюць партыі Дэвіда Кэмерана нічога добрага.

Кулуарна прызнаючы бесперспектыўнасць вайны з Хартыяй, некаторыя праваабарончыя арганізацыі яшчэ да пачатку цяперашніх святкаванняў адмовіліся ад правядзення дэбатаў, заклікаўшы проста байкатаваць урачыстасці з нагоды 800-й гадавіны Хартыі.

Што тычыцца непасрэдна святочнай праграмы, то галоўныя мерапрыемствы пройдуць 15 чэрвеня ў будынку Брытанскай бібліятэкі. Тут у прысутнасці прадстаўнікоў ураду і розных высокіх госцяў адчыніцца выстава трох захаваўшыся да нашага часу асобнікаў Хартыі. Таксама будзе прадстаўлены твор аднаго з вядомых сучасных брытанскіх мастакоў на тэму нараджэння дакумента, па якому дасюль жылі і, падаецца, яшчэ доўга будуць жыць на Туманным Альбіёне. 

Каментаваць