Харваты абралі прэзідэнтам жанчыну

Упершыню ў гісторыі Харватыі прэзідэнтам стала жанчына. Калінда Грабар-Кітаравіч — прадстаўнік правай партыі Харвацкая дэмакратычныя садружнасць (HDZ ) перамагла эсдэка Іва Ёсіпавіча, які займаў прэзідэнцкую пасаду з 2009 года.



Поспех Грабар-Кітаравіч цікавы з улікам таго, што менавіта Ёсіпавіч прывёў Харватыю ў склад Еўрасаюзу ў 2013-м. Аднак у выніку еўраінтэграцыя аказалася ахілесавай пяткай кампаніі Ёсіпавіча. Як піша прэса, харваты наіўна думалі, што сяброўства ў Еўрасаюзе вырашыць усе сацыяльна-эканамічныя праблемы, аднак асаблівага прарыву не адбылося. 20 працэнтаў харватаў не маюць працы, а сярод моладзі гэта лічба дасягае 50 працэнтаў.  Менавіта з-за кепскага стану эканомікі Ёсіпавіч не змог мабілізаваць свой электарат і прайграў выбары, на якіх лічыўся фаварытам.

Другі фактар поспеху Калінды — актыўнасць харватаў у суседняй Босніі. Баснійскія харваты маюць права абіраць парламент і прэзідэнта Харватыі. Традыцыйна яны галасуюць за правыя партыі, што ў выніку і дапамагло кандыдату HDZ  абыйсці апанента на нейкіх 0,4 працэнта і стаць прэзідэнтам.

Новаму лідару Харватыі 46 гадоў. Сваё дзяцінства яна правяла ў ЗША. Добра ведаючы англійскую мову, яна зрабіла кар’еру дыпламата пасля заканчэння універсітэта ў Заграбе і серыі стажыровак у прэстыжных ВНУ накшталт Венскай дыпламатычнай акадэміі. Спачатку працавала паслом у Канадзе, пасля ў сакратарце НАТО, узначальвала харвацкі МЗС. У палітыцы з 2003 года, калі была ўпершыню абраная ў парламент па спісах HDZ. Замужам з 1996 года. Мае двух дзяцей.

Застаецца дадаць, што ў прынцыпе ў эсдэкаў ёсць шанец рэабілітавацца. У гэтым годзе ў краіне пройдуць парламенцкія выбары. Па канстытуцыі Харватыя парламенцкая рэспубліка.

Каментаваць