Чатырнаццаць забітых біскупаў

Каталіцкая грамада краіны баскаў патрабуе бенефікацыі забітых франкістамі біскупаў. Кіраўніцтва іспанскага каталіцкага епіскапату рэзка супраць.

Варта прыгадаць, што да гэтага часу царква прызнавала пакутнікамі выключна тых дзеячаў, якія падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі загінулі ад рук рэспубліканцаў.



Каталіцкая грамада краіны баскаў патрабуе бенефікацыі забітых франкістамі біскупаў. Кіраўніцтва іспанскага каталіцкага епіскапату рэзка супраць.

Варта прыгадаць, што да гэтага часу царква прызнавала пакутнікамі выключна тых дзеячаў, якія падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі загінулі ад рук рэспубліканцаў.

У шэрагах апошніх было шмат анархістаў, якія заўсёды бачылі ў Касцёле сімвал прыгнёту і цемрашальства. Вайна развязала ваяўнічым атэістам рукі. Паколькі аматары ідэяў Бакуніна былі важнай фракцыяй лагеру прыхільнікаў рэспублікі, лідэры апошняй (пераважна памяркоўныя сацыялісты) былі вымушаны заплюшчваць вочы на пагромы манастыроў і храмаў, масавыя забойствы царкоўных служак, здзекі з святыняў і г.д.

З іншага боку, у анархістаў было саліднае апраўданне, каб чыніць гвалт з царквы: кіраўніцтва іспанскага Касцёла афіцыйна падтрымала Франка. У сваю чаргу, Франка ў закліку да паўстання сцвярджаў, што пачынае змагацца з рэспублікай «у імя каталіцызму і правоў Касцёла».

Пасля перамогі фашыстаў у 1939 годзе тэма забітых рэспубліканцамі каталікоў стала адным з асноўных дзяржаўных міфаў іспанскай дыктатуры. З часам у кіраўніцтве іспанскай каталіцкай царквы ўзнікла ідэя дабівацца іх бенефікацыі. Рым ахвотна падтрымаў ініцыятыву Мадрыда. У 1987 годзе Папа Ян Павел II правёў працэдуру бенефікацыі 474 іспанскіх каталіцкіх святароў — ахвяр рэспублікі. У кастрычніку 2007 года Бенедыкт XVI прызнаў пакутнікамі яшчэ 498 царкоўнікаў, якія загінулі ад рук усё тых жа рэспубліканцаў.

Аднак сёння высвятляецца, што падчас грамадзянскай вайны былі зафіксаваныя факты, калі каталіцкіх святароў забівалі і фашысты. Маюцца на ўвазе 14 баскскіх біскупаў, якіх без суду і следства франкісты паставілі да сценкі ў ліпні 1936 года. Увогуле, на тэрыторыі Краіны Баскаў было забіта 80 духоўных асобаў.

Віна апошніх была ў тым, што яны падтрымлівалі рэспубліканцаў. Рабілі яны гэта таму, што рэспубліканцы далі дзяржаўную аўтаномію баскам. Акрамя таго, кіраўнікамі аўтаноміі былі сябры Баскскай нацыяналістычнай партыі (PNV), складнікам ідэйнай дактрыны якой ёсць інтэгральны каталіцызм. Заснавальнікі PNV нават сцвярджалі, што баскі, якія ў Х стагоддзі прыпынілі рух арабаў на Еўропу, — абраны Богам народ.

Прайшло 73 гады, і цяпер каталікі Краіны Баскаў, якія маюць з 1979 года аўтаномію, нечакана вырашылі ўшанаваць памяць тых 14-ці царкоўнікаў. З гэтай нагоды 11 ліпеня ў Віторыі (сталіца Баскскай аўтаноміі) адбыліся спецыяльныя мерапрыемствы. У прысутнасці 200 чалавек біскуп правёў спецыяльнае набажэнства ў гонар нябожчыкаў. Было агучана патрабаванне — прызнаць іх пакутнікамі. Акрамя таго, каталікі-баскі настойвалі, каб каталіцкі клір Мадрыда прынёс прабачэнні. Варта згадаць, што ў 1936 годзе забітых баскскіх біскупаў іспанскі Касцёл забараніў хаваць па хрысціянскаму звычаю. Іх целы папросту кінулі ў агонь.

Здавалася б, у кантэксце палітычнага прымірэння шанаванне 14-ці забітых — справа добрая. Між тым, тэма баскскіх біскупаў — не проста пытанне ўсталявання гістарычнай справядлівасці.

Правая прэса Іспаніі адразу заўважыла адну супярэчнасць: ужо 30 гадоў краіна жыве па законах дэмакратыі, і толькі зараз баскі ўзгадалі пра тых 14 ахвяр франкістаў. Што замінала ім казаць пра гэту трагедыю раней? На думку журналістаў правых выданняў, тут прысутнічае палітычная кан’юнктура. Акцыя ўшанавання ў Віторыі прайшла на фоне канфлікту Касцёла з урадам сацыялістаў. Сацыялісты апошнім часам правялі некалькі рэформаў, якія выклікалі рэзкую крытыку з боку Касцёла. Гутарка пра законы, які пашыраюць правы гомасексуалістаў і лесбіянак, дазваляюць аборты, забараняюць дэманстрацыю рэлігійных сімвалаў у навучальных установах.

Незвычайная акцыя баскскіх каталікоў была яўна накіраваная супраць цяперашняга вельмі кансерватыўнага епіскапату іспанскай каталіцкай царквы, якой кіруе Антоніа Марыя Рока. Не дзіўна, што ніводны прадстаўнік Іспаніі імшу ў Віторыі не наведаў. У 2011 годзе мансеньёру Рока будзе 75 гадоў, і, адпаведна статуту, ён мусіць скласці паўнамоцтвы. У Касцёле пачынаецца ціхая вайна за тое, хто будзе новым старшынёй епіскапату. Шмат хто звярнуў увагу на тое, што за арганізацыяй цырымоніі ў Віторыі стаяў епіскап Більбао мансеньёр Рыкарда Бласкес, якога лічаць кандыдатам на пасаду кіраўніка епіскапату ад фракцыі рэфармістаў.

Цікава, што ў гэтай канфрантацыі сімпатыі Папы Рымскага Бенедыкта XVI, які лічыцца заўзятым фундаменталістам, прынамсі як піша прэса, на баку групы Бласкеса. Некаторыя каментатары нават кажуць, што падзеі ў Віторыі санкцыянаваў асабіста Бенедыкт.

Самі сацыялісты сцвярджаюць, што ніякай палітыкай тут і не патыхае. Зараз у краіне ідзе кампанія за рэабілітацыю ўсіх ахвяр фашысцкага тэрору. І шанаванне забітых каталіцкіх дзеячаў цалкам ёй адпавядае. На пытанне пра тое, чаму 30 гадоў ніводны баскскі біскуп не згадаў пра забітых у 1936-м, таксама ёсць адказ. Усе 30 гадоў у рэгіёне актыўна дзейнічала тэрарыстычная групоўка ЕТА, якая выступае за стварэнне незалежнай баскскай дзяржавы. Тэма забітых біскупаў адразу была б выкарыстана тэрарыстамі ў палітычным мэтах. З іншага боку, гэта адначасова магло б мабілізаваць прыхільнікаў Франка, а дэмакратычныя інстытуты ў Іспаніі доўгі час былі вельмі слабымі. Сёння і тэрарыстаў прыціснулі, і франкісты ператварыліся ў маргіналаў.

Каментаваць