Чэхія - Іспанія - Латвія - Літва - Славакія

 

Чэхія
 
Чэхія, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, мае намер склікаць канферэнцыю краін-донараў па сектары Газа, дзе ўжо больш за два тыдні ізраільская армія праводзіць ваенную аперацыю.
Як паведамляе прэс-служба чэшскага старшынства, тэмай сустрэчы павінна стаць складаная гуманітарная сітуацыя ў палесцінскім анклаве і доўгатэрміновыя перспектывы яго рэканструкцыі. Дата канферэнцыі пакуль не вызначана.
12 студзеня Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю, у якой асуджаецца ваенная аперацыя Ізраіля ў сектары Газа.
У ноч на 13 студзеня ізраільскія войскі ўзмацнілі націск на палесцінскія пазіцыі ў сталіцы сектара Газа, уваходзячы ў горад з новых напрамкаў і прасоўваючыся ўглыб гарадскіх кварталаў.
 
Чэхія
 
Чэхія, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, мае намер склікаць канферэнцыю краін-донараў па сектары Газа, дзе ўжо больш за два тыдні ізраільская армія праводзіць ваенную аперацыю.
Як паведамляе прэс-служба чэшскага старшынства, тэмай сустрэчы павінна стаць складаная гуманітарная сітуацыя ў палесцінскім анклаве і доўгатэрміновыя перспектывы яго рэканструкцыі. Дата канферэнцыі пакуль не вызначана.
12 студзеня Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю, у якой асуджаецца ваенная аперацыя Ізраіля ў сектары Газа.
У ноч на 13 студзеня ізраільскія войскі ўзмацнілі націск на палесцінскія пазіцыі ў сталіцы сектара Газа, уваходзячы ў горад з новых напрамкаў і прасоўваючыся ўглыб гарадскіх кварталаў.
 
 
Іспанія
 
Нацыянальны музей Прада (Мадрыд) і іспанскі філіял кампаніі Google 13 студзеня запусцілі інавацыйны праект «Шэдэўры Прада ў Google Earth», перадае РИА «Новости».
«Тры грацыі» Рубенса, «Мяніны» Веласкеса, «Сад зямных уцехаў» Босха, «Зняцце з крыжа» ван дэр Вейдэна, «Аўтапартрэт» Дзюрэра — усяго 14 палотнаў — цяпер можна разгледзець у найдрабнейшых дэталях дзякуючы найноўшым тэхналогіям, што прымяняюцца праграмай Google Earth.
На ажыццяўленне праекта пайшло больш як паўгода. Першыя тры месяцы прафесійныя фатографы па начах здымалі разбітыя на квадраты дэталі кожнай карціны. Толькі па палатне Босха было зроблена 1,6 тысячы фатаграфій, а ўсяго па 14 карцінах — больш як 8,2 тысячы здымкаў. Затым кампутаршчыкі збіралі з гэтых найдрабнейшых фатаграфій своеасаблівы пазл у адзінае цэлае. Апошні месяц пайшоў на наладку самой праграмы.
Дзякуючы найноўшай тэхналогіі набліжэння Google павелічэнне кожнай карціны стала магчыма да 14 тысяч мегапікселяў.
Дырэктар Прада Мігель Сугаса зазначыў, што музеі павінны быць зацікаўлены ва ўкараненні найноўшых тэхналогій, паколькі іх асноўная задача — не толькі захоўваць творы мастацтва для будучых пакаленняў, але і папулярызаваць мастацтва.
 
Латвія
 
Апазіцыйная партыя «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» («ЗаПЧЕЛ») мае намер звярнуцца ў Канстытуцыйны суд краіны, каб адмяніць папраўкі, якія павялічваюць штрафы за выкарыстанне ў прафесійнай дзейнасці замежнай мовы.
Як паведамляе РИА «Новости», прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс зацвердзіў прынятыя парламентам краіны папраўкі да Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія павялічваюць памеры штрафаў за выкарыстанне поруч з дзяржаўнай (латышскай) мовай замежнай (на практыцы — рускай). Штрафы могуць дасягаць 50 латаў (100 долараў).
Раней МЗС Расіі асудзіў рашэнне латвійскага прэзідэнта і ўказаў, што падобныя дыскрымінацыйныя дзеянні парушаюць агульнапрызнаныя ў Еўропе правы нацыянальных меншасцей.
На мінулым тыдні прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс прыняў рашэнне не размаўляць з рускамоўнымі журналістамі на рускай мове. «У Латвіі адна дзяржаўная мова — латышская», — патлумачыў В. Затлерс.
 
Літва
 
Еўракамісар па энергетыцы Андрыс Піебалгс у ходзе тэлефоннай размовы 12 студзеня прапанаваў міністру замежных спраў Літвы Вігаўдасу Ушацкасу «засяродзіцца на будаўніцтве ўласнай новай атамнай электрастанцыі, якая магла б таксама вырашыць і энергетычныя патрэбы Беларусі». Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.
В. Ушацкас азнаёміў еўракамісара з вынікамі візіту ў Рыгу, дзе 9 студзеня было вырашана паскорыць рэалізацыю праекта Swedlink — па стварэнні агульнага энергетычнага рынку краін Балтыі. Паводле слоў міністра, Літва гатова да працы.
У сваю чаргу еўракамісар папрасіў прадставіць Еўракамісіі канкрэтную інфармацыю пра праект.
А. Піебалгс таксама зазначыў: «Няма ніякіх сумненняў у тым, што для развіцця адносін з ЕС Беларусь павінна будзе звярнуць увагу на пазіцыю ЕС па будаўніцтве АЭС на мяжы з аб’яднанай Еўропай».
 
Славакія
 
 
12 студзеня Еўракамісія папярэдзіла Славакію, што планы па рэактывацыі атамнай электрастанцыі ў Яслоўску Багуніцы супярэчаць пагадненню пра ўступленне краіны ў ЕС.
Як паведамляе агенцтва «Франс Прэс», прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо заявіў, што аднаўленне працы АЭС дазволіць краіне пазбегнуць энергетычнага крызісу. У той жа час, прызнаў ён, гэты крок пойдзе ўразрэз з пагадненнем пра ўступленне ў ЕС.
Варта зазначыць, што ў сувязі з канфліктам паміж Расіяй і Украінай, у выніку якога былі поўнасцю спынены пастаўкі расійскага газу праз украінскую тэрыторыю ў ЕС, улады Балгарыі таксама разглядаюць магчымасць запуску атамных рэактараў савецкага ўзору.
Будаўніцтва АЭС узамен Ігналінскай АЭС, якая рыхтуецца да спынення, плануе Літва. Магчыма, праект будзе міжнародны, да яго далучацца таксама Латвія, Польшча і Эстонія. Між тым, польскае кіраўніцтва заявіла пра планы да 2020 года пабудаваць АЭС на сваёй тэрыторыі.
Для абмеркавання планаў Беларусі па будаўніцтве АЭС на мяжы з Літвой літоўскае кіраўніцтва прапанавала падключыць Еўракамісію. Вільнюс апасаецца, што беларускі праект будзе распрацоўвацца недастаткова празрыста і без уліку ўсіх стандартаў ЕС.

Каментаваць