Чэрап хана

Нурсултан Назарбаеў не любіць старажытных казахскіх ханаў. Падставай падазраваць прэзідэнта ў гэтым стала нядаўняе адкрыццё архітэктурнага ансамбля «Казах елі», на які сабралі больш за 70 тысяч чалавек.



Нурсултан Назарбаеў не любіць старажытных казахскіх ханаў. Падставай падазраваць прэзідэнта ў гэтым стала нядаўняе адкрыццё архітэктурнага ансамбля «Казах елі», на які сабралі больш за 70 тысяч чалавек.

Помнік сам па сабе скандальны: на барэльефе “па просьбах працоўных выяўлена скульптура прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Аднак крытыкаў рэжыму зацікавілі іншыя аспекты свята. Першапачаткова ідэя ансамбля была іншай: каля калоны павінны былі знаходзіцца скульптуры ханаў Жанібека і Керэя — заснавальнікаў казахскага ханства, якое было створана ў XV стагоддзі. Помнікі нават замовілі ў Кітаі. Увесну 2008 года бронзавыя статуі даставілі ў Астану, каб потым… выкінуць на пустыр на ўскрайку горада. Жанібек і Керэй валяюцца сёння пасярод стэпу. Улады не хаваюць, што батырам не знайшлося месца ў “Казах елі з той прычыны, што “канцэпцыя змянілася.

“Атрымліваецца, што подзвігі ханаў — дробязь у параўнанні з заслугамі Назарбаева. Сорам. Ганьба, — пісаў на форуме аднаго інтэрнэт-выдання нейкі раз’юшаны гісторык. Аднак гэта быў толькі пралог. На хвалі скандалу апазіцыя абвінаваціла адміністрацыю Назарбаева ў тым, што яна сабатуе працэс пошукаў чэрапа хана Кенесара.

Хан Кенесар — апошні з казахскіх ханаў. Ён стаў ініцыятарам паўстання 1838 года — самага буйнога паўстанне казахаў супраць расійскай каланізацыі. Сімвалічна, што бунт пачаўся з таго, што казахі спалілі Акмалінскі форт — месца, дзе сёння знаходзіцца Астана. У 1841 годзе прадстаўнікі трох казахскіх родаў абралі Кенесара ханам.

Лічыцца, што падчас кульмінацыі паўстання армія Кенесара складала каля 20 тысяч чалавек. У 1844 годзе паўстанне набыло такі маштаб, што Санкт-Пецярбург быў вымушаны накіраваць сюды вайсковую экспедыцыю. “У адной дзяржаве не можа быць двух манархаў, — сказаў імператар Мікалай І, падпісваючы загад на адпраўку войскаў.

Аднак забілі хана не рускія, а кіргізы. Пад ціскам расійскіх войскаў Кенесар накіраваўся ў 1847 годзе ў Кіргізію. Кіргізская манапы (князі) адмовіліся падпарадкоўвацца захопнікам, тым больш, што ім абяцалі падтрымку рускія. Да гэтага часу не вядома, як хан трапіў у палон да кіргізаў. Адны крыніцы кажуць, што ў выніку няўдалага бою, іншыя — што правадыра казахаў падманулі, запрасіўшы на перамовы.

Пасля цела хана было разарванае на часткі. Чэрап нябожчыка кіргізы вырашылі перадаць рускім у якасці сувеніра. Трафей даставілі ў Омск генерал-губернатару Гарчакову. Пасля, па легендзе, быццам перадалі ў кунсткамеру ў Санкт-Пецярбург.

Тут пачынаецца самае дзіўнае. Ёсць шмат людзей, якія кажуць, што асабіста бачылі чэрап. Між тым, адміністрацыя Эрмітажа сцвярджае, што чэрапа Кенесара ў іх няма, паколькі анатамічнай каштоўнасці ён не мае. Варыянт знікнення экспаната кіраўніцтва Эрмітажа радыкальна адмаўляе.

Пакуль вучоныя шукалі галаву Кенесара, ягоная мара споўнілася — Казахстан стаў незалежнай дзяржавай. Паўстанне 1838 года перасталі трактаваць як бунт буйных феадалаў (у савецкіх падручніках мяцеж Кенесара звязвалі з прыняццем статуту 1822 года, які пазбаўляў арыстакратаў былых правоў). Сам Кенесар стаў нацыянальным героем. У Астане ў 2001 годзе яму быў адкрыты помнік. Адначасова казахскія дыпламаты праз консульства ў Санкт-Пецярбургу накіравалі ў Эрмітаж ліст з просьбай вярнуць экспанат на радзіму. Адтуль прыйшоў тыповы адказ, што ніякага чэрапа ў фондах кунсткамеры няма.

Аднак у кунсткамеры ёсць чэрап іншага казахскага героя — Нурмагамбета Какембайулы, вядомага як батыр Кейкі. Кейкі быў адным з лідэраў антыцарскага паўстання 1916 года. Калі ў 1926 годзе сталіца Казахстана пераязджала з Арэнбурга, чэрап чамусьці перадалі на часовае захаванне ў тую ж кунсткамеру.

Пасля атрымання незалежнасці казахі прасілі вярнуць і гэты чэрап батыра на радзіму. Эрмітаж адпісаў, што можа разглядзець падобную просьбу ў выпадку, калі да іх звернуцца родныя і нашчадкі Кейкі. Тыя так і зрабілі, аднак чэрап іхняга славутага прашчура дасюль знаходзіцца на берагах Нявы.

Існуе версія, што чэрап Кенесара так і застаўся ў Омску. Дарэчы, адным з тых, хто яго бачыў, быў родзіч Чокана Валіханава — будучага вядомага навукоўца. На той момант ён быў курсантам кадэцкага корпусу ў Омску.

Так ці інакш, гісторыя са скульптурамі ханаў зноў прыцягнула цікавасць да Кенесара і яго чэрапа. Чэрап набывае сімвалічнае значэнне ў сучаснай казахскай палітыцы. Усім вядома, што Назарбаеў носіцца з ідэяй перадаць уладу свайму трохгадоваму сыну Султану. Лепшая формула для рэалізацыі такога плану — стварэнне ў краіне мадэлі канстытуцыйнай манархіі. Але што ў такім выпадку рабіць са старымі арыстакратычнымі родамі, якія маюць куды большыя правы на манаршы трон? Адсюль, быццам, і нелюбоў прэзідэнта да ханаў. І, натуральна, вяртанне чэрапа Кенесара толькі ўзмоцніць цікавасць да роду Чынгізідаў.

Праўда, існуе і іншая версія. Ёсць думка, што Расія баіцца аддаваць, а Астана прымаць чэрап Кенесара, паколькі гэта адразу справакуе выбух антырасійскіх настрояў. Усё таму, што з чэрапа ворага, як патрабуе азіяцкая традыцыя, часта рабілі кубкі. Магчыма, такая ж доля выпала і галаве хана.

Каментаваць