Чырвоная картка для фанатаў

Польскі ўрад абвясціў татальную вайну футбольным хуліганам. На думку апазіцыі, за кампаніяй хаваецца палітычны піяр, які можа дорага каштаваць кабінету.

Першы сігнал прагучаў у Каўнасе, дзе сустракаліся зборныя Літвы і Польшчы. Тады для разгону польскіх фанатаў паліцыі давялося ўжываць слезацечны газ, а каля дзясятка найбольш агрэсіўных заўзятараў былі арыштаваныя.



Польскі ўрад абвясціў татальную вайну футбольным хуліганам. На думку апазіцыі, за кампаніяй хаваецца палітычны піяр, які можа дорага каштаваць кабінету.

Першы сігнал прагучаў у Каўнасе, дзе сустракаліся зборныя Літвы і Польшчы. Тады для разгону польскіх фанатаў паліцыі давялося ўжываць слезацечны газ, а каля дзясятка найбольш агрэсіўных заўзятараў былі арыштаваныя.

Традыцыя працягнулася 5 мая ў фінале Кубка Польшчы ў Быдгашчы. Матч паміж варшаўскай «Legia» і познаньскім клубам «Lech» завяршыўся перамогай сталічнай каманды. Фанаты зламалі агароджу і прабіліся на поле, збіваючы спартовых фатографаў, а таксама вырвалі вялікую колькасць крэслаў на сектарах. Паліцыі спатрэбілася ўжыць вадамёты, каб нейтралізаваць хуліганаў.

З таго часу тэма футболу не сыходзіць з першых палос польскіх СМІ. Прэм’ер Дональд Туск асабіста загадаў забараніць наведванне стадыёнаў самым агрэсіўным фанатам, жорстка караць клубы за праявы вандалізму з боку іх прыхільнікаў. «Больш ніякай талерантнасці да псеўдабалельшчыкаў», — рашуча заявіў старшыня ўраду і лідар ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа» (РО).

Футбольныя хуліганы з’явіліся ў Польшчы вельмі даўно. Яшчэ ў 1935 годзе прэса пісала пра ўдзел паліцыі ў разгоне бойкі паміж прыхільнікамі клубаў «Cracovia» (Кракаў) і «Ruch» (Хоржув). Падчас нацысцкай акупацыі ўсе спартовыя мерапрыемствы ў Польшчы былі забароненыя. Аднак клубы працягвалі сустракацца нелегальна. Адна з такіх нелегальных сустрэчаў кракаўскіх клубаў «Cracovia» і «Wisla» ў 1943 годзе вылілася ў масавую разборку фанатаў. Пабоішча хутка перакінулася са стадыёну на вуліцы. Нямецкай паліцыі спатрэбілася некалькі гадзін, каб супакоіць натоўп. Такога кшталту інцыдэнты назіраліся і пасля 1945-га. Так, у 1947 годзе ў Сасноўцы 20 тысяч фанатаў паспрабавалі атакаваць гульцоў гасцявога клубу. Міліцыя ўжыла аўтаматы.

Аднак як пра феномен пра фанатаў пачалі казаць у 1970-х. Як і ў СССР, для моладзі паход на стадыён быў сродкам пазбавіцца ад сумнай рэчаіснасці. Напрыканцы 1970-х у краіне склалася фанацкая сістэма. Арганізацыі фанатаў, або «фірмы», дзейнічалі пры 10–12 клубах. Яны сябравалі або наадварот ненавідзелі адзін аднаго.

Паступова бойкі паміж фанатамі пачалі выклікаць трывогу ў партыйным кіраўніцтве. Трыванне скончылася пасля падзеяў 9 мая 1980 года, калі ў Чэнстахове перад фіналам кубка Польшчы адбыліся маштабныя бойкі прыхільнікаў сталічнай «Legia» і познаньскага клубу «Lech». Факт сутычкі быў замоўчаны ў афіцыйных СМІ. Аднак дуэль паміж фанатамі клубаў «Widzew» і «Legia» ў 1981 годзе схаваць было немагчыма. Яна адбывалася на футбольным полі падчас прамой трансляцыі. Польскаму камсамолу было дадзенае заданне «прыручыць» фанаў у рамках дазволеных дзяржавай фан-клубаў. У выніку ідэя правалілася.

Падзенне камуністычнага рэжыму і рынкавая трансфармацыя, з аднаго боку, дазволілі казаць пра тэму хуліганаў адкрыта, з іншага — спрыялі росту шэрагаў фанатаў. Сярод маладых беспрацоўных стала модным быць хуліганам. Росту агрэсіўнасці садзейнічала пашыраная сярод моладзі мода на неанацысцкі стыль skinhead (брытагаловыя).

Хаця на пачатку стагоддзя эканамічная сітуацыя трошкі стабілізавалася, хуліганства застаецца сур’ёзнай грамадскай праблемай. Самая вялікая мабілізацыя паліцыі адбываецца напярэдадні сустрэчаў клубаў, фанаты якіх знаходзяцца ў стане доўгатэрміновай вендэты. Да такіх антаганістычных пар адносяцца тая ж «Cracovia» — «Wisla». Нянавісць паміж хуліганамі настолькі вялікая, што іх этыка дазваляе выкарыстоўваць падчас бойкі нажы і нават сякеры. Не дзіўна, што ў гісторыі шмат разоў падобныя бойкі заканчваліся з лятальнымі зыходамі.

Часопіс «Polityka» паспрабаваў намаляваць профіль сярэдняга польскага фаната. Гэта, як правіла, людзі 17–30 гадоў з крызісных рэгіёнаў, з так званых «цяжкіх» сямей, якія выраслі ў крымінальных раёнах, дзе формай арганізацыі моладзі з’яўляюцца вулічныя групоўкі, для якіх характэрны культ сілы і нянавісць да чужых. Напэўна, лепшым варыянтам праявіць сілу супраць чужога ёсць так званая ustawka — рытуальная бойка паміж футбольнымі фанатамі напярэдадні матчу.

Хаця, як было сказана вышэй, праблема фанатаў існавала даўно, казаць пра яе пачалі толькі зараз. Некаторыя лічаць, што тут не абышлося без палітыкі. Тым больш, што хутка парламенцкія выбары. Так, правыя блогеры пішуць, што кампанія — не што іншае, як помста за Адама Міхніка. Міхнік — вядомы польскі ліберальны інтэлектуал яўрэйскага паходжання — стаў аб’ектам здзекаў з боку тарсіды клубу «Legia».

Крытыкуюць Туска і левыя. Як піша папулярная левае выданне «Krytyka Polityczna»: «Абмежаванне грамадзянскіх свабодаў, устанаўленне больш жорсткага кантролю над грамадствам былі для кожнага ўраду вялікай спакусай. Самы цяжкім было пры гэтым абмежаваць свабоды такім чынам, каб грамадства не крытыкавала міністраў, а наадварот дарыла ім апладысменты. У такой сітуацыі важна знайсці групу, абарона ад якой была б падставай для рашучых мераў. Такой групай зараз сталі фанаты», — папярэджвае аўтар.

Для партый парламенцкай апазіцыі «Права і Справядлівасць» (PIS) або Саюза левых дэмакратаў (SLD) ход Туска — спроба адцягнуць увагу ад больш важных праблем польскага соцыуму. У дадатак правая фракцыя PIS лічыць, што фанаты клубаў трапілі ў фокус зачысткі з-за сваіх патрыятычных перакананняў.

Першыя вынікі апытанняў паказалі, што кампанія Туска карыстаецца падтрымкай. Рэйтынг «Грамадзянскай платформы» падвысіўся на 4 працэнты.

Аднак колькі грамадства будзе падтрымліваць прэм’ера ў яго паходзе супраць фанатаў, пакуль не ясна: тэма вельмі далікатная. Забароны на збіранне стадыёнаў, асабліва ў правінцыі, выклікаюць пратэсты з боку нармальных людзей, што, як след, можа ўдарыць па рэйтынгу РО.

Знішчыць агрэсіўную частку фанатаў паліцэйскімі метадамі цяжка. Сама паліцыя кажа, што фанацкія групоўкі амаль герметычныя. Вярбоўка інфарматараў або інфільтрацыя агентаў практычна не магчымая. У такой сітуацыі пераможныя рэляцыі ўраду пра перамогу над фанатамі могуць аказацца пшыкам.

Сам Туск трапляе ў спіс тых, каго нельга пускаць на стадыён. У 1970-х ён, тады яшчэ юнак, сам быў заўзятым хуліганам, які бараніў гонар клуба з роднага Гданьску.

Усе гэта дазваляе прэсе крытычна ацэньваць крыжовы паход ураду супраць фанатаў. Магчыма, гэта сапраўды так, аднак пастаўце сябе на месца прэм’ера. На тым матчы ў Быдгашчы прысутнічала спецыяльная камісія UEFA, якая прыгразіла пазбавіць Польшчу права правядзення Еўра–2012, калі праблема фанатаў не будзе вырашаная.

Каментаваць