Чырвоны Грунвальд

Ці мела б сёння святкаванне 600-й гадавіны Грунвальдскай бітвы такі буйны маштаб, калі б у свой час камуністы не зрабілі з падзеі сапраўдны культ?



Ці мела б сёння святкаванне 600-й гадавіны Грунвальдскай бітвы такі буйны маштаб, калі б у свой час камуністы не зрабілі з падзеі сапраўдны культ?

Прычына, з якой 15 ліпеня — менавіта ў гэты дзень у 1410 годзе адбылася бітва палякаў і літвінаў з крыжакамі, — аказалася чырвонай датай у афіцыйным календары Польскай народнай рэспублікі, цалкам зразумелая. На які яшчэ гістарычны міф мог абапірацца рэжым, які быў сатэлітам Масквы? Майская канстытуцыя, паўстанні, рэвалюцыя 1905 года, цуд пад Варшавай — усе іншыя гучныя даты польскай гісторыі так ці інакш мелі выразны антыімперскі і антрырасійскі падтэкст.

Бітва ж пад Грунвальдам стаіць асобна. Больш таго, негатыўнае стаўленне да крыжацкай экспансія характэрна для палітычнай традыцыі як расіян, так і палякаў. Да таго ж, антынямецкі накірунак меў салідную ідэйную падтрымку ў польскай палітычнай думцы. Лідэр мясцовых нацыяналістаў Раман Дмоўскі яшчэ ў якасці дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы даказваў, што пруская мадэль нацыянальнай і культурнай асіміляцыі палякаў з’яўляецца больш эфектыўнай і небяспечнай для польскай нацыі, чым яе расійскі аналаг.

Акрамя таго, крыжацкай тэме добра пасавала істэрыка ў СМІ з нагоды вяртання ў 1945 годзе ў склад Польшчы тэрыторый, якія ў свой час у выніку так званага Націску на Усход (Drang nach Osten) сталі часткай Прусіі. Навязваўся тэзіс пра тое, што Польшча змагла вярнуць сабе Памор’е, Вроцлаў, Шчэцін выключна дзякуючы дапамозе Маскве. Як дадатковы доказ узгадвалі прысутнасць на грунвальдскім полі двух смаленскіх палкоў. Чым вам не гістарычнае вайсковае братэрства двух народаў?

Увогуле, Грунвальд пачалі эксплуатаваць яшчэ ў час першых крокаў па стварэнню прасавецкай Польскай народнай арміі ў 1943 годзе. Адной з самых высокіх узнагарод Арміі стаў Ордэн крыжу Грунвальда.

Застаецца ўзгадаць, што якой бы моцнай ні была інтэрнацыяналісцкая і прамаскоўская рыторыка лідэраў ПНР, заўсёды ў кіруючай Польскай аб’яднанай рабочай партыі існавалі групы нацыяналістаў. Апошнія не лічылі, што заходні дэмакратычны лад аптымальны для Польшчы. Галоўны канцэпт «нацыяналістаў» быў сфармуліраваны наступным чынам: ідэалогія працоўнага класа ёсць ідэалогія ўсёй польскай нацыі. Самая вядомая з такога кшталту груповак назвалася «партызаны». Яна прыклала руку да антысеміцкай кампаніі ў сакавіку 1968 года.

У выніку Грунвальд быў у ПНР не толькі легалізаваны, аднак стаў самай любімай гістарычнай тэмай афіцыйнай прапаганды. Святкаваць бітву пачалі адразу пасля вызвалення ад фашыстаў. Тым больш, што ў 1945 годзе споўнілася 535 гадоў славутай падзеі. Дата не вельмі круглая, аднак абыйсці яе камуністы не маглі. 15 ліпеня на поле пад Грунвальдам асабіста прыбыў тагачасны кіраўнік ураду Баляслаў Берут. Улады нават дазволілі касцёлу правесці імшу.

З тых часоў шуміха вакол Грунвальда ніколі не прыпынялася аж да падзення рэжыму ў 1989-м. У гэтым ім доўгі час ускосна дапамагалі ўлады ФРГ, якія да пачатку 1970-х гадоў упарта адмаўляліся прызнаваць новыя заходнія межы Германіі, падліваючы тым самым вады на млын камуністычнай агітацыі.

Кульмінацыяй шанавання Грунвальда стаў 1960 год, калі бітве споўнілася 550 гадоў. Праграму ўрачыстасцяў склалі за тры гады да юбілею. Лейтматывам мусіла быць ідэя пра гістарычнае адзінства народаў Усходняй Еўропы, якія на той час уваходзілі ў камуністычны блок. Таксама падкрэслівалі, што новы Drang nach Osten немагчымы дзякуючы стварэнню Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі — першай у гісторыі дзяржавы нямецкіх рабочых і сялян.

У 1959 годзе ўзнікла ідэя пабудаваць на месцы бітвы вялікі манумент (першы помнік стаяў тут з 1910 года). На працоўную вахту сабраліся 30 тысяч маладых чалавек з усёй краіны. У ліпені 1960 года ў прысутнасці Уладзіслава Гамулкі (першы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі) пачаліся ўрачыстасці. І цэнтральнай падзеяй стала адкрыццё помніка, які стаяў на фундаменце з фрагментаў зямлі са ста польскіх гарадоў і месцаў, дзе ў сярэднявеччы адбываліся вайсковыя сутычкі з тэўтонцамі. На цырымоніі, паводле афіцыйных дадзеных, прысутнічала 200 тысяч чалавек. Закончылася ўсё салютам і спяваннем… інтэрнацыяналу.

1 верасня таго ж года ў кінатэатрах Польшчы паказалі фільм «Крыжакі». На здымкі стужкі пайшло 33 мільёны злотых. Крытыкі паставілі фільму сярэднюю адзнаку. Аднак глядач вырашыў інакш. Да 1973 года, пакуль «Крыжакі» былі ў пракаце, карціну пабачылі 26 мільёнаў чалавек. Такая салідная лічба кажа пра тое, што тэма Грунвальда і гульня на патрыятычных лозунгах сапраўды мелі рэзананс у масах.

Цікава, што СССР і Чэхаславакія паставіліся да апісанага юбілею вельмі асцярожна. На мерапрыемствы з Масквы і Прагі прыбылі чыноўнікі другога рангу. На думку гісторыкаў, гэта адлюстроўвала стаўленне Хрушчова да Гамулкі, якога ён лічыў польскім нацыяналістам.

У 1975 годзе на банкноце наміналам 50 злотых з’явілася выява славутай карціны Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва». Аднак на гэты час тэма Грунвальда была на другім плане. Пасля візіту ў Варшаву Вілі Брандта і прызнання нямецкім бокам вынікаў Патсдамскай мірнай канферэнцыі антынямецкай прапаганды стала значна менш. Гэта адлюстравалася і на статыстыцы публікацый на тэму бітвы.

Затое пра Грунвальд нечакана ўзгадалі ў час вайсковага становішча. У 1981 годзе са згоды Ярузельскага ўзнікае Патрыятычнае аб’яднанне «Груневальд». Сябры арганізацыі ў сваіх выступах і артыкулах часта згадвалі 1410 год. Па іх словах, палякі ў тыя цяжкія часы перамаглі толькі таму, што аб’ядналіся вакол моцнага лідэра — караля Ягайлы, ахвяраваўшы сваімі правамі і свабодамі.

Дзейнасць «Грунвальда» стала апошнім акордам у гісторыі выкарыстання бітвы ў мэтах камуністычнай прапаганды. Хутка пачаліся палітычныя змены, якія прынеслі з сабой у тым ліку свабодныя дэбаты, меркаванні розных палітычных школ. Стала зразумелым, што Drang nach Osten быў больш складанай гістарычнай з’явай. Прынамсі, яе наступствам стала ўрбанізацыя Польшчы, уключэнне яе ў арбіту еўрапейскай палітыкі. Паралельна вялікую ўвагу новыя дэмакратычныя ўлады надалі забароненым у часы ПНР тэмам — варшаўскаму паўстанню, Арміі Краёвай, Катыні.

Аднак Грунвальд працягвае заставацца самым любімым гістарычным святам у Польшчы, хаця ніякай палітычнай нагрузкі, і перш за ўсё камуністычнай, свята цяпер не нясе.
 

Каментаваць