Чорнае золата Арктыкі

Зялёныя ўсёй планеты раз’юшаныя: канцэрн «British Petroleum» (ВР) — нафтавы гігант, адказны за экалагічную катастрофу ў Мексіканскім заліве, — збіраецца пачаць нафтаздабычу ў расійскай Арктыцы.

14 студзеня СМІ нечакана паведамілі пра тое, што «Роснефть» і ВР дамовіліся пра стварэнне стратэгічнага альянсу. Праз тыдзень, 26 студзеня, абедзве кампаніі падпісалі дамову пра партнёрства для сумеснага засваення вуглевадародаў у расійскай частцы Арктыкі.



Зялёныя ўсёй планеты раз’юшаныя: канцэрн «British Petroleum» (ВР) — нафтавы гігант, адказны за экалагічную катастрофу ў Мексіканскім заліве, — збіраецца пачаць нафтаздабычу ў расійскай Арктыцы.

14 студзеня СМІ нечакана паведамілі пра тое, што «Роснефть» і ВР дамовіліся пра стварэнне стратэгічнага альянсу. Праз тыдзень, 26 студзеня, абедзве кампаніі падпісалі дамову пра партнёрства для сумеснага засваення вуглевадародаў у расійскай частцы Арктыкі.

Паводле дамовы, згаданыя кампаніі ствараюць сумеснае прадпрыемства, якое будзе займацца геалагічнай разведкай і эксплуатацыяй трох перспектыўных нафтагазаносных участкаў на шэльфе Карскага мора. Тут, як адзначае расійскае Міністэрства прыродных рэсурсаў, знаходзіцца 37,4% усіх патэнцыйных запасаў вуглевадародаў на кантынентальным шэльфе Расіі.

Навіна пра стварэнне картэлю — нібыта гром у ясны дзень. Усе былі ўпэўнены, што пасля аварыі на платформе Deepwater Horizon у мексіканскім заліве ў 2010 годзе рэпутацыя ВР пахаваная надоўга.

Пра маштабы экалагічнага злачынства ВР кажуць лічбы. Пасля аварыі ўзнікла нафтавая пляма акружнасцю ў 965 кіламетраў. Яна стварыла пагрозу пляжам і раёнам рыбалоўнай здабычы, якія адыгрываюць найважнейшую ролю ў эканоміцы прыбярэжных штатаў ЗША. Велізарная шкода нанесеная прыродзе рэгіёна. Навукоўцы кажуць, што разліў нафты ў Мексіканскім заліве негатыўна паўплываў на хуткасць Гальфстрыму і на надвор’е ва ўсёй Еўропе.

5 студзеня 2011 года ўрадавая камісія ЗША, створаная па ініцыятыве прэзідэнта Абамы, назвала адной з прычынаў катастрофы скарачэнне кампаніяй ВР і яе партнёрамі сродкаў на бяспеку здабычы нафты.

Як сказаў Майк Чайлдс, лідар руху «Сябры зямлі»: «З улікам наступстваў катастрофы ў зоне Мексіканскага заліва, ВР па праву заслужыла першы прыз у намінацыі «галоўны вораг прыроды». Спатрэбіцца некалькі гадоў, каб кампанія магла пазбавіцца гэтага іміджу». Так яно, здаецца, нейкі час і было. Напрыклад, у снежні мінулага года ўрад Грэнландыі адмовіў ВР у праве здабываць нафту ў сваіх тэрытарыяльных водах.

Але дзякуючы кантракту з «Роснефть» «British Petroleum», падобна, выкруцілася.

Эколагі рыхтуюцца пратэставаць. Для іх прынцыпова не толькі не пусціць кампанію з такой рэпутацыяй у Арктыку, важна не стварыць прэцэдэнт здабычы нафты ў полюсных шыротах.

Эколагі адзначаюць: «Эксплуатацыя нетраў Арктыкі павінна быць забаронена, паколькі Арктыка — унікальнае месца, дзе захавалася першапачаткова прырода. Гэта прыродная сістэма вельмі ўразлівая і далікатная, і наша задача — шукаць сродкі яе абароны, а не разбурэння».

Дакс Лавергроў, прадстаўнік брытанскага філіялу міжнароднага Фонду дзікай прыроды, папярэджвае, што эксплуатацыя нафтавых запасаў у Арктыцы яшчэ больш складаная, чым у Мексіканскім заліве. У Арктыцы значна менш спосабаў аператыўна рэагаваць на аварыйныя сітуацыі. Напрыклад, менш магчымасцяў прыцягнуць у выпадку надзвычайнага становішча аварыйныя судны, таму што навігацыя ў Карскім моры доўжыцца толькі 3–4 месяца на год. Эколагі таксама выступаюць супраць прац на шэльфе, пакуль не будуць ліквідаваныя прабелы ў ведах пра мясцовую экасістэму і не будуць створаны эфектыўныя механізмы барацьбы з разлівам нафты.

У экалагічных арганізацыях адзначаюць, што ліцэнзійныя ўчасткі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад некалькіх ахоўваемых тэрыторый, напрыклад, нацыянальнага парку «Руская Арктыка». Парк уключае паўночную тэрыторыю архіпелага Новая Зямля, тут знаходзяцца найбуйнейшыя ў паўночным паўшар’і птушыныя калоніі, калоніі маржоў, а таксама адзін з найважнейшых арэалаў папуляцыі белага мядзведзя.

Эколагі ўжо дзейнічаюць. Перш за ўсё, яны звярнуліся да ўладальнікаў акцый «British Petroleum». Іх пасланне наступнае: як вы можаце дазволіць дырэкцыі інвеставаць вашы грошы ў новыя праекты, пасля таго, як кампанія праматала 20 мільярдаў долараў на Deepwater Horizon? Усяго кампанія павінна выкласці за ачыстку заліва 40 мільярдаў.

Доля авантурызму тут ёсць. Вось што піша пра матывы ўладальнікаў кампаніі брытанскае выданне «Chatam Housе»: «Цяпер, ва ўмовах праблем, якія зваліліся на кампанію, «British Petroleum» вырашыла пайсці на новыя істотныя капіталаўкладанні ў Расіі. Крытыкі ВР угледзелі ў гэтым роспач, якая выклікана праблемамі кампаніі ў Мексіканскім заліве».

У амерыканскім сенаце тым часам кажуць, што тут не абышлося без карупцыі. «Не магу зразумець, як рускія даверыліся ВР, пасля таго, як катастрофа ў Мексіканскім заліве абышлася амерыканцам у мільярды долараў», — кажа адзін з сенатараў. Адначасова амерыканскія палітыкі прапануюць дзеля жарту перайменаваць «British Petroleum» у «Петролеум Вялікі».

На шчасце абаронцаў Арктыкі, у праекта ВР — «Роснефть» узнікла шмат арганізацыйных і прававых недапасаванняў. 27 студзеня кансорцыум ААР (саўладальнік ТНК-BP — даччынай кампаніі «British Petroleum»), звярнуўся ў Лонданскі суд з просьбай прыпыніць працу на арктычным шэльфе. Акцыянеры ААР кажуць, што іх «кінулі». Паводле дамовы, усе свае праекты ў Расіі, а таксама на Украіне, партнёры брытанскай кампаніі рэалізуюць толькі праз ТНК-ВР. 2 лютага суд вынес рашэнне пра прыпыненне дамоўленасці паміж «Роснефтью» і BP.

Але радавацца эколагам рана. Наўрад ці канцэрны так проста адмовяцца ад ідэі, у якую ўжо інвеставалі шмат грошай і рэсурсаў.

Акрамя таго, сваё вока на арктычную нафту паклалі іншыя кампаніі. Усё той жа «Chatam Housе» адзначае: «Стагоддзе лёгкадаступнай нафты прайшло, і нафтавы бізнэс ХХІ стагоддзя паказвае, што дзеля пошуку нафты і газу неабходна ўступаць у рызыкоўныя партнёрскія адносіны з нестабільнымі палітычнымі рэжымамі, дзейнічаць у цяжкіх і вельмі складаных прыродных умовах».

Каментаваць