Чорны чацвер

25 лютага ў польскі кінапракат выйшаў фільм «Чорны чацвер», прысвечаны трагічным падзеям 1970 года. Рэжысёр — Антоній Краўзе.

Кароткая гісторыя падзей снежня 1970 года.



25 лютага ў польскі кінапракат выйшаў фільм «Чорны чацвер», прысвечаны трагічным падзеям 1970 года. Рэжысёр — Антоній Краўзе.

Кароткая гісторыя падзей снежня 1970 года.

12 снежня 1970 года ўлады Польшчы прынялі рашэнне пра падвышэнне коштаў на прадукты. 14 снежня застрайкавалі працоўныя гданьскай суднаверфі імя Леніна. Адбыліся першыя сутыкненні з міліцыяй. У той жа дзень у Гдыні рабочыя прыйшлі да будынку гарсавета. Улады сустрэліся з дэлегацыяй працоўных, прызналі справядлівымі іх патрабаванні і падпісалі адпаведную дамову. Але познім вечарам таго ж дня сябры страйкаму былі арыштаваныя.

17 снежня з 5 гадзін раніцы на станцыю Гдыня-Суднаверф, як заўсёды, пачалі прыбываць электрычкі з працоўнымі. Аднак падыход да верфі быў перакрыты атрадамі вайскоўцаў. Кожныя шэсць хвілін электрычкі прывозілі новыя партыі людзей, праз паўгадзіны перон, чыгуначны мост і плошча перад станцыяй былі запоўнены натоўпам. І тут жаўнеры адкрылі агонь.

Бойня на чыгуначнай станцыі была пралогам вулічных баёў. 20 снежня быў скліканы VII пленум ЦК Польскай Аб’яднанай Рабочай партыі (ПАРП), на якім Уладзіслаў Гамулка быў зняты з пасады першага сакратара, а яго месца заняў Эдвард Герэк. Так пачалася новая эпоха, пазбаўленая, з аднаго боку, ілюзій адносна «народнай» улады, з іншага — эпоха адліку апошніх дзён Польскай Народнай Рэспублікі (ПНР).

Таму сімвалічныя апошнія кадры славутага фільму «Чалавек з жалеза» Анджэя Вайды. Галоўныя героі сустракаюць навіну пра перамогу «Салідарнасці», а за кадрам гучыць «Легенда пра Янэка Вішнеўскага» — народная песня ў памяць ахвяр снежня 1970 года.

Стваральнікі фільма бачылі сваю задачу не ў тым, каб паказаць хроніку падзей, але і імкнуліся працягнуць справу герояў снежня. Як заўважыў Антоній Краўзе, «для таго, каб заваяваць і ўтрымаць волю, неабходныя дзве абавязковыя ўмовы — праўда і памяць».

Таму, па словах рэжысёра, галоўным было стварэнне адпаведнага эмацыйнага паслання, якое б дапамагло гледачу адчуць атмасферу 1970-х. Для гэтага быў ужыты цікавы прыём, калі каляровая стужка сумяшчаецца з чорна-белымі кадрамі з архіваў.

Сцэнарысты і стваральнікі карціны імкнуліся адыйсці ад таннага пафасу. Героем «Чорнага чацвярга» яны зрабілі звычайнага рабочага, далёкага ад палітыкі. Ён жыве з сям’ёй і дзецьмі, марыць пра новую мэблю, радуецца, што застаўся дома і не пайшоў на дэманстрацыю, як іншыя. Аднак у выніку ўсё роўна становіцца ахвярай. Дарэчы, гэты герой мае канкрэтнага прататыпа.

Асобнай фокус-групай для сцэнарыстаў была моладзь, якая ведае пра снежань 1970-га хіба што па падручніках. Слушнай аказалася ідэя зрабіць рок-версію згаданай вышэй «Легенды пра Янэка». Яе выканаў вядомы польскі музыка Казік Сташэўскі. На базе песні быў створаны кліп, які стаў трэйлерам фільму.

Наколькі ўдалася стужка? Мяркуючы па першых рэцэнзіях, фільм успрымаецца досыць пазітыўна: «Просты фільм, які хапае за горла», «Першы фільм, які дазваляе не толькі зразумець гісторыю ПНР, аднак і пачуць яе».

Ёсць і крытычныя водгукі. Аўтарам «Чорнага чацвярга» наракаюць, што яны занадта смакуюць расправу над дэманстрантамі з боку вайскоўцаў і супрацоўнікаў SB — аналагу КДБ у сацыялістычнай Польшчы. На экранах паказваюць, як людзей збіваюць палкамі, катуюць у камерах, вайсковымі штыкамі выразаюць з галоў шматкі скуры (гэта ўсё сапраўды было). Аднак не ставіцца пытанне, дзе крыніца гэтага садызму. Магчыма, гэта была праява істэрычнага страху перад народам: напярэдадні ў Гданьску працоўныя падпалілі партыйны абкам.

Крытыкі адзначаюць, што Краўзе ігнараваў версію, адпаведна якой Гамулка мог стаць ахвярай змовы фракцыі Герэка, што наўмысна штурхала лідара ПАРП да прыняцця непапулярных сілавых рашэнняў, каб у выніку адправіць таго ў адстаўку. Гучыць крытыка і на адрас актораў, якія выконваюць ролі партыйных функцыянераў. Шмат каму яны падаюцца занадта камічнымі.

«Чорны чацвер» стаўся па­дзеяй не толькі ў Польшчы. Для Беларусі і Украіны ён аказаўся надзвычай актуальным. Задоўга да прэм’еры ва Украіне і ў Беларусі з’явіліся публікацыі, прысвечаныя карціне і ўрокам 1970 года.

Калі ў Варшаве адзначалі ўгодкі снежня 1970-га, у Кіеве разганялі палатачны гарадок прадпрымальнікаў на Майдане і рыхтавалі крымінальныя справы супраць лідараў аранжавых. Знішчаюцца набыткі аранжавай рэвалюцыі, якую ў свой час параўноўвалі з забастоўкай «Салідарнасці». «Чаму палякі здолелі, а мы не?» — задаецца пытаннем газета «Дзеркало тижня», адзін з вядучых органаў апазіцыі.

У Беларусі ў снежні 2010 года адбыўся папросту нейкі рымейк польскай гісторыі, прычым у праекцыі, звязанай не толькі са снежнем 1970-га, але і снежнем 1981 года — увядзеннем вайсковага становішча і ўсталяваннем дыктатуры Ярузельскага.

Дарэчы, пра Ярузельскага таксама шмат гавораць у дэбатах, звязаных з фільмам. Непасрэдна на экране яго няма, хаця ў снежні 1970 года Войцэх Ярузельскі быў міністрам абароны. Сцэнарысты кажуць, што апусцілі яго постаць, паколькі канчатковыя рашэнні прымала Партбюро, сябрам якога Ярузельскі стаў пазней. Аднак шмат хто нагадвае, што без яго загаду вайскоўцы, якім было даручана патруляваць вуліцы, не атрымалі б камплекты баявых патронаў, якімі пасля стралялі па дэманстрантах.

Часам тая трагедыя набывала рысы камедыі. Адзін з асаў сучаснай польскай культуры Казік Сташэўскі з нагоды прэм’еры фільму даў газеце «Rzeczpospolitа» інтэрв’ю. Аказваецца, у 1981 годзе ён збіраўся эміграваць у Лондан, каб працаваць на будоўлі. Нават білет ужо набыў. Аднак планы яго скасаваў вайсковы пераварот Ярузельскага. Так Казік не стаў брытанскім будаўніком, заняўся музыкай. «Па вялікім рахунку, — кажа Казік, — я заўсёды быў праціўнікам генерала Ярузельскага, аднак прыватна, у сувязі з тым, што ён не даў мне пакінуць край, удзячны яму».

Застаецца дадаць, што ніхто з тых, хто кіраваў масакрай у Гданьску, не быў асуджаны. Таксама, зрэшты, як і непасрэдныя выканаўцы загадаў, як і суддзі, якія прыгаворвалі людзей да турэмнага зняволення толькі за тое, што запалілі свечкі на станцыі Гдыня–Суднаверф у памяць ахвяр бойні.

Таму можна пагадзіцца з рэжысёрам Краўзе, які кажа, што «Чорны чацвер» — не канчатковы рахунак з гісторыяй. Грамадства яшчэ не зразумела цалкам маштаб трагедыі асобы ў час дыктатуры.
 

Каментаваць