Чорныя, а не блакітныя

Афрыку ахапіла нябачаная хваля гамафобіі, за якой, на думку аглядальнікаў, хаваецца банальная нянавісць да багатай Еўропы.



Афрыку ахапіла нябачаная хваля гамафобіі, за якой, на думку аглядальнікаў, хаваецца банальная нянавісць да багатай Еўропы.

Трапіў пад раздачу і класік рок-музыкі сэр Элтан Джон. Спявак павінен быў даць прыватны канцэрт у Егіпце. Нечакана ў арганізацыю канцэрта ўмяшаўся мясцовы Саюз кампазітараў. Старшыня саюза папрасіў улады адмяніць выступ (у егіпецкім заканадаўстве ёсць артыкул, які надае кампазітарам права забараняць гастролі замежных музыкаў). Па словах аднаго з кампазітараў, для забароны выступу спявака ёсць шэраг прычын: “Элтан Джон — гей. Ён сказаў, што Ісус быў таксама гей. Акрамя таго, ён крытычна ставіцца да рэлігіі.

Яшчэ больш напружаная сітуацыя ў Чорнай Афрыцы. Не так даўно па ўсіх каналах паказалі кадры маніфестацый ва Уган­дзе. Іх удзельнікі патрабавалі ад Вашынгтону і Лондану не ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны. Мелася на ўвазе негатыўная рэакцыя ЗША і Вялікабрытаніі на нядаўна прыняты закон пра смяротнае пакаранне для садамітаў. Вялікабрытанія ўнесла дэпутатаў — аўтараў закона, у спіс тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Аднак той бок таксама не збіраецца здавацца. Як заявіў у інтэрв’ю “New York Times адзін з тых дэпутатаў: “Калі б мой сын быў геем, я б яго забіў.

Апісаныя гісторыі — самыя вядомыя і гучныя выпадкі праяў істэрыі, якая ахапіла сёння Чорны кантынент.

У авангардзе бітвы за мараль ідзе Зімбабве, якой ужо 30 гадоў жалезнай рукой кіруе дыктатар Мугабе. У 1987 годзе нешта падштурхнула Мугабе заняцца праблемай геяў. Выступаючы на мітынгу з нагоды Дня незалежнасці, Мугабе прысвяціў вялікі блок прамовы сексуальным меншасцям, якія, па яго словах, паводзяць сябе “горш, чым сабакі і свінні.

З тых часоў барацьба з геямі стала любімай тэмай афіцыйных СМІ. На яе старонках усіх апанентаў Мугабе называюць “блакітнымі. Цікава, што апазіцыя прыняла правіла гульні. Яна, у сваю чаргу, раскручвае выпадак, калі адзін з апаратчыкаў дзяржаўнай партыі ZANU-PF быў застуканы ў ложку са сваім шафёрам.

Адначасова з дзяржаўнай прапагандысцкай кампаніяй супраць геяў быў падпраўлены Крымінальны кодэкс, які і так утрымліваў пункт пра пакаранне за “ненатуральны сексуальны акт. Зараз таксама забаронена людзям аднаго полу трымаць адзін аднаго за руку і класці руку на плячо. У дадатак крыміналам прызнана трыманне антымаральнай літаратуры.

Мясцовай арганізацыяй геяў і лесбіянак GALZ займаецца спецыяльны аддзел разведкі. Актывістаў GALZ увесь час збіваюць, кідаюць за краты і нават гвалцяць. Заснавальнік арганізацыі даўно асуджаны на 10 год за садамію. Праўда, геі, трэба прызнаць, аказваюць супраціў. Як мінімум двойчы падчас замежных візітаў Мугабе быў аб’ектам атак раз’юшаных геяў, якія намагаліся адпомсціць дыктатару за сваіх калег у Зімбабве.

Дарэчы, праз ціск на геяў. У грамадзян Зімбабве, ахвочых атрымаць палітычны прытулак за мяжой, узнікла мода называць сябе гомасексуалістамі. У 2009 годзе амерыканскі суд упершыню прызнаў аднаго з уцекачоў з Зімбабве фальшывым геям. У фармулёўцы прысутнічае цікавая фраза пра тое, што той мужчына не гей, паколькі не праяўляе ў паўсядзённым жыцці адпаведную сексуальную арыентацыю.

Так ці інакш, статыстыка ўражвае: сёння ў 37 з 53 афрыканскіх дзяржаў гомасексуалізм афіцыйна забаронены. Аглядальнікі адзначаюць, што падобныя меры ў газетах называюць “абарона грамадства, і ўспрымаюцца яны ў соцыуме з вялікім энтузіязмам. У пераследзе геяў удзельнічаюць прафсаюзы, журналісты, юрысты, жаночыя арганізацыі.

Што хаваецца за феноменам? Наўрад ці купка геяў пагражае грамадскай маралі афрыканскіх краін, хаця б з таго, што традыцыі плямёнаў часам не менш супярэчаць прынцыпам той самай маралі. Дастаткова згадаць раннія і часам прымусовыя шлюбы для дзяўчынак. Звычайна іх аддаюць у шлюб з 12 гадоў.

Больш таго, гомасексуалізм быў таксама доўгі час часткай мясцовай традыцыі. Так, у аднаго з плямёнаў на тэрыторыі цяперашняга Зімбабве лічылася нармальным, калі стары рабіў “гэта з маладым, каб атрымаць ад яго нейкі ген маладосці. Амерыканскія сацыёлагі ўстанавілі, што як мінімум 50 народаў рэгіёну практыкавалі нешта падобнае.

Усё закончылася з прыходам у ХІХ стагоддзі еўрапейцаў, якія жылі па канонах Віктарыянскай маралі. Каланізатары не толькі забаранілі падобныя рэчы, аднак са спасылкай на тагачасную медыцыну давялі туземцам, што займацца чымсьці падобным могуць выключна хворыя на галаву людзі.

Сёння Еўропа назірае цікавы эфект бумерангу. Нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю афрыканцы сімвалічна звязва­юць з еўрапейскай цывілізацыяй, дзе сексуальныя меншасці карыстаюцца значнымі правамі. Той жа Мугабе называе садамію прадуктам белага каланіялізму. Гамафобія ператварылася, як піша Дэвід Шварц у нямецкім “Jungle World, у своеасаблівую дактрыну сучаснага антыкаланіяльнага руху. Афрыканскія рэжымы кампенсуюць эканамічную залежнасць ад Еўропы і ЗША за кошт культурных акцый.

Чым скончыцца паход супраць геяў, цяжка сказаць, паколькі гарызонты бітвы папросту неабсяжныя. На мінулым тыдні група егіпецкіх юрыстаў выступіла за забарону кнігі казак “Тысяча і адна ноч, якая ўтрымлівае, на іх думку, занадта шакуючыя інтымныя сцэны.
 

Каментаваць