Хто баіцца федэралізацыі?

Тэрмін «федэралізм» стаў жупелам для ўладаў Кіева, хаця шматлікія аўтары незалежніцкай ідэі бачылі Украіну выключна федэратыўнай. Каб зразумець гэты нонсэнс, трэба зрабіць экскурс у гісторыю ўкраінскай федэралісцкай дактрыны.



«Будзе Украінская Рэспубліка фармальна звацца федэратыўнай ці не, фактычна, яна ўсё адно павінна арганізоўвацца як федэрацыя рэспублік-грамадаў. Любое навязванне грамадам механічнай унітарнасці, прымусовых сувязяў будзе вялікай памылкай, якая прывядзе толькі да супраціву, рэакцыі, цэнтрабежнасці ці дасць аснову для новых канфліктаў», — гэтыя словы належаць не прыхільніку данецкага сепаратызму, а Міхаілу Грушэўскаму — прэзідэнту Украінскай Народнай Рэспублікі.

Пры гэтым Грушэўскі — не адзіны вядомы ўкраінскі нацыяналіст, хто падзяляў федэралісцкія погляды. Ідэя федэралізму ва Украіне мае глыбокую гістарычную тэарэтычную базу. Спачатку яна развіваліся як ідэя федэрацыі ўсіх славянскіх народаў, прыхільнікамі якой былі такія выбітныя асобы, як Міхаіл Кастамараў, Іван Франко і той жа Шаўчэнка. Захапленне федэралізмам можна часткова растлумачыць тым, што на той час сярод інтэлігенцыі панавала мода на народніцкі сацыялізм, паводле якога дзяржава павінна быць федэрацыяй працоўных камунаў.

Праўда, у 1930–1940-я гады, калі ўкраінскія нацыяналісты захапіліся аўтарытарнымі канцэпцыямі, федэралізм згубіў прываблівасць. Усе праграмныя заявы той жа ОУН патрабуюць, каб незалежная Украіна была ўнітарная дзяржавай.

З гэтым былі не згодныя ўкраінскія дысідэнты савецкіх часоў. У якасці прыкладу можна ўзгадаць Вячаслава Чарнавола — палітвязня, заснавальніка Народнага руху Украіны. Напачатку 1990-х гадоў ён казаў: «Бачу ў складзе Украінскай Федэратыўнай Народнай Рэспублікі такія землі, як Кіеўшчына, Падолле, Валынь, Галіччына, Букавіна, Закарпацце, Гецьманшчына, Слабажаншчына, Запарожжа, Данбас, Таўрыя, а Крым — як незалежнага суседа ці аўтаномную рэспубліку ў саюзе з Украінай. Кожная з земляў будзе мець свой парламент (Данецкую Раду, Галіцкую Раду і г.д.) і свой зямельны ўрад». У пачатку 1990-х гадоў Вярхоўная рада з ініцыятывы дэмакратаў разглядала пакет законаў пра дэцэнтралізацыю, аднак пасля пра яго забылі.

Пра федэралізацыю ўзгадалі толькі падчас аранжавай рэвалюцыі. У лістападзе 2004 года ў горадзе Севераданецк прайшлі зборы прадстаўнікоў адміністрацый украінскага Поўдня і Усходу. Фінальная рэзалюцыя ўключыла пункт аб неабходнасці заснаваць «паўднёва-ўсходнюю ўкраінскую дзяржаву ў форме федэратыўнай рэспублікі».

Хутчэй за ўсё, гэта была форма шантажу аранжавых. Інакш бы ідэя федэралізму не знікла з лексікону «рэгіяналаў» адразу, як толькі Януковіч стаў прэзідэнтам. Галоўная прычына такога зігзага відавочная: пасля адпаведных змен у Канстытуцыі наконт федэралізацыі, цэнтральная ўлада губляла б абсалютны кантроль над фінансамі ў рэгіёнах і ператварылася б у орган, які сам мусіць прасіць грошы. Цікава, што на месцах былі свае рахункі з Януковічам. Так, федэралізацыі патрабавалі ў Марыупалі, маючы надзею выйсці са складу Данецкай вобласці і стварыць сваю адміністратыўную адзінку — Прыазоўскі край.

І вось зараз тэрмін «федэралізацыя» зноў на транспарантах Партыі рэгіёнаў, якая адначасова заклікае ўзгадаць спадчыну Грушэўскага і Чарнавола. Аднак наўрад ці Чарнавол, калі б ён быў жывы, падтрымаў такую прапанову. Ідэя федэралізацыя гучыць як дыягназ хваробы ўкраінскай дзяржаўнасці.

Патрабуючы федэралізацыі, яе адэпты парушаюць саму базавую формулу федэратыўнай дзяржавы, калі будучыя нізавыя суб’екты добраахвотна падпісваюць дамову. Бываюць і адваротныя прыклады. Напрыклад, у Бельгіі федэрацыя была створаная па патрабаванні фламандцаў, аднак відавочна, што ў бельгійскім выпадку кансенсусу паміж рэгіёнамі няма.

Фактычна, федэралізацыя, якую прапануе Масква і яе саюзнікі, будзе накіраваная на эскалацыю напружанасці. Як піша выданне «Хвиля»: «Цяперашнія федэратыўныя заклікі здольныя рэзка стымуляваць усе рэгіянальныя тэндэнцыі, у тым ліку і звязаныя з рэанімацыяй даўніх супярэчнасцяў паміж асобнымі рэгіёнамі, узнікненнем праблем пераразмеркавання тэрыторый, што зусім відавочна прывяло б да расколу Украіны і страты яе дзяржаўнасці».

У гэтым пане не дзіўна, што ўкраінскі абывацель баіцца федэралізацыі. У сярэднім толькі 16–20 працэнтаў украінскіх грамадзян гатовыя галасаваць за такую рэформу. Аднак пры гэтым назіраецца поўны, як зараз модна казаць, кагнітыўны дысананс. Выступаючы ў большасці супраць федэралізацыі, 69 працэнтаў украінцаў адначасова выступаюць за дэцэнтралізацыю ўлады.

Чым дэцэнтралізацыя адрозніваецца ад федэралізацыі — цяжка сказаць. Так ці інакш, гэта значыць, што супярэчнасці ў адносінах паміж цэнтрам і рэгіёнамі, а таксама паміж рэгіёнамі, сапраўды існуюць. І прыкладаў у гэтай сферы таксама хапае. У тым ліку і культурна-гістарычных.

Самы свежы — рашэнне данецкага гарсавету аб ушанаванні ў назве аднаго са сквераў гораду Данецку памяці байцоў «Беркута», якія загінулі на Майдане. Гэта пры тым, што ў суседніх рэгіёнах вуліцы і скверы называюць у гонар Нябеснай сотні.

І такіх прыкладаў шмат. Вышэй былі ўзгаданыя сепаратысцкія зборы ў Севераданецку ў 2004 годзе, аднак не варта забываць, што раней падобныя зборы таксама правялі прадстаўнікі адміністрацый Заходняй Украіны. Пра аўтаномію яны не казалі, аднак далі зразумець, што захад Украіны мае сваю асобную думку. Сёння аблсаветы Заходняй Украіны, якія заўсёды былі супраць ідэі федэралізацыі краіны, сваімі антыканстытуцыйнымі дзеяннямі (такімі, як забарона дзейнасці Камуністычнай партыі і Партыі рэгіёнаў) фактычна руйнуюць унітарную прыроду краіны.

Праблема ёсць, і вырашаць яе трэба. Дарэчы, славуты Універсал 1919 года пра аб’яднанне Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і Заходняй Украінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР) пакідаў за ЗУНР права на аўтаномію ў складзе адзінай дзяржавы. Адным словам, нічога жудаснага ў аўтаноміі рэгіёнаў няма, а агульную мову ўкраінцы заўсёды знойдуць. 

Каментаваць