Хто падставіў Архана Зейналава?

У Баку лічаць, што ў маскоўскім Бірулёва быў рэалізаваны старанна прапрацаваны антыазербайджанскі сцэнар. Перад тым, як пералічыць азербайджанскія версіі, трэба канспектыўна ўзгадаць, пра што гаворка. Нагадаем, у ноч на 10 кастрычніка ў маскоўскім раёне Бірулёва быў забіты 25-гадовы хлопец Ягор Шчарбакоў. 



Яго сяброўка кажа, што забойца быў чалавекам каўказкай нацыянальнасці. Літаральна за хвіліну да забойства камера на пад’ездзе аднаго з суседніх дамоў фіксуе, як нейкі каўказец заляцаецца да іншай дзяўчыны. Следства лічыць, што забойца Ягора Шчарбакова і чалавек на камеры — адна і тая ж асоба. Аказваецца, што гэта азербайджанскі гастарбайтар, таксіст Архан Зейналаў. Яго ловяць і прывозяць у кайданках на верталёце да міністра ўнутраных спраў. Сам Зейналаў адмаўляецца прызнаваць сябе забойцам. Тым часам рускія нацыяналісты арганізуюць розныя акцыі, якія перарастаюць у банальныя этнічныя пагромы. 
 
Аднак далёка не ўсе згодныя з версіяй пра тое, што Архан — забойца. Так, пераважная частка азербайджанскіх журналістаў і палітыкаў сцвярджае, што Зейналава падставілі. Нехта папросту выкарыстаў эмігранта ў сваіх эканамічных, а можа нават і геапалітычных планах. 
 
Новыя версіі падзей узнікаюць таму, што маюцца відавочныя нестасоўкі ў афіцыйнай версіі. «Бакінская газета» звяртае ўвагу на некалькі рэчаў: «Пасля забойства Шчарбакова Зейналаў быў знойдзены на камеры, усталяванай на звычайнай панельнай дзевяціпавярхоўцы. Камеры ў такіх дамах — досыць рэдкі выпадак. Прычым кадры былі яснымі і выразнымі. А значыць, камера дарагая. Або такі момант: на расійскіх тэлеканалах нібыта знаёмыя Архана ўсе ў адзін голас кажуць, што ён быў падобны да злачынцы, заўсёды насіў з сабой зброю. Толькі чамусьці ўсе гэтыя знаёмыя славянскай знешнасці. Няўжо ў Архана не было ў атачэнні ніводнага знаёмага азербайджанца?»
 
Атрымліваецца, што нехта справакаваў інцыдэнт або выкарыстаў яго для гучнай антыкаўказскай кампаніі? Аднак хто гэты чалавек або група людзей? Самая прымітыўная версія — за падзеямі стаяць бізнэсоўцы, якія паклалі вока на тую самую бірулёўскую базу, дырэктарам якой з’яўляецца азербайджанец. «Падзеі ў Расіі, якія надышлі за забойствам масквіча Шчарбакова, былі інспіраваныя. Адной з мэтаў арганізатараў з’яўляецца перадача правоў уласнасці на рынак з адных рук у другія», — лічыць газета «Каспий».
 
На думку іншых, арганізатары правакацыі мелі значна больш адыёзныя эканамічныя планы. Як наконт ідэі падарваць эканоміку Азербайджана? «Масавы ціск на азербайджанцаў у Расіі, галоўным чынам у Маскве, асабліва ўзмацніўся пасля падзей у маскоўскім Бірулёва. Гэта абавязкова негатыўна адаб’ецца на дзелавой актыўнасці азербайджанцаў у Расіі. Гэта таксама негатыўна адаб’ецца на дабрабыце сваякоў, якія жывуць у Азербайджане», — лічыць адзін з буйных азербайджанскіх прадпрымальнікаў Сеўгім Рахімаў.
 
А вось дэпутат Мілі Меджліса Айдын Мірзазадэ ў інтэрв’ю агенцтву «Навіны Азербайджан» сцвярджае, што задачай бірулёўскай правакацыі быў падрыў азербайджана-расійскіх адносін. Ён звяртае ўвагу на адну акалічнасць: «Такія інцыдэнты адбываюцца ў расійскай сталіцы штодня сотнямі. Але раптам гэта забойства, нібыта ўчыненае азербайджанцам, апынулася самай асноўнай падзеяй у Расіі. У затрыманне меркаванага злачынцы былі ўцягнутыя ўсе сілавыя структуры Расіі. Нібы гэта не затрыманне падазраванага забойцы, а захоп кіраўніка буйнога злачыннага картэля або разгон буйной арганізаванай злачыннай групоўкі. Больш за тое — упершыню ў гісторыі Расіі абвінавачваны быў дастаўлены адразу ў кабінет міністра ўнутраных спраў, і падаецца ўсё гэта як «аднаўленне справядлівасці», — адзначае Мірзазадэ.
 
Гэтую думку падзяляюць і дзяржаўныя чыноўнікі Азербайджана. На думку Араза Азімава, намесніка міністра МЗС Азербайджана, «ёсць сілы, якія хочуць негатыўна ўздзейнічаць на расійска-азербайджанскія адносіны, аднак яны павінны правільна ацаніць сітуацыю, каб пазбегнуць потым эфекту бумеранга».
 
Азімаў, праўда, не можа дакладна сказаць, каму патрэбна, каб паміж Баку і Масквой прабегла чорная котка.
 
Затое адказ ведае іншы азербайджанскі парламентарый Адыл Аліеў: «Думаю, што тут пераважае армянскі фактар. Як толькі мы дамагаемся вялікіх поспехаў, нас чакаюць падобныя правакацыі. Гэта трэба было чакаць. Мы павінны заклікаць суайчыннікаў прадухіляць падзеі, якія могуць пацягнуць за сабой правакацыю», — кажа дэпутат. 
 
Затое кіраўнік Цэнтра палітычных даследаванняў «Атлас» Эльхан Шахінаглу бачыць у апошніх падзеях вушы Крамля. Эксперт піша: «Гэта (падзеі ў Бірулёва) чарговая спроба ціску на Азербайджан. Расія хоча, каб Азербайджан далучыўся да Мытнага і Еўразійскага саюзаў, і лічыць, што гэтага можна дабіцца шляхам ціску на азербайджанцаў, якія пражываюць у Расіі».
 
Незалежная бакінская газета «Зеркало», аднак, лічыць, што Крэмль заварыў усю кашу з-за ўнутраных, а не знешніх палітычных матываў: «Паказальнымі аблавамі «на чужынцаў» праблему не вырашыць. Гэты спектакль разлічаны на абывацеля, якому неабходна прадэманстраваць гатоўнасць уладаў выказваць інтарэсы фашыстоўскага натоўпу нашмат лепш, чым нефармальныя лідары рускага нацызму. Вось і ўсё. Справа нават не ў Зейналаве. Калі ён на самай справе забіў, то павінен панесці пакаранне. Гэта адназначна. Праблема ў іншым. Тое, што мы назіраем у Расіі, — гэта звычайны дзяржаўны фашызм».
 
Згодны з гэтым і апазіцыйны сайт Нaqqin.az: «Мы бачым толькі спектакль, у якім абвінавачанага фактычна ператвараюць у злачынцу. Мы бачым выбарчы падыход да правапарушэнняў. Уладзе патрэбныя толькі тыя злачынствы, у якіх вінавацяць «асоб каўказскай нацыянальнасці». І гэта — вялікая памылка, наступствы якой могуць быць самымі трагічнымі».
 
Можна верыць або не ў аргументы азербайджанскіх палітыкаў і журналістаў, аднак трэба прызнаць, што ў адным пункце яны дакладна маюць рацыю. Падазраваны ў здзяйсненні злачынства лічыцца невінаватым да таго моманту, пакуль адпаведны орган не прызнае яго віну. 

Каментаваць