Хто зарабляе на чэмпіянатах

Згадваючы леташні еўрапейскі футбольны турнір, украінская прэса робіць адназначную выснову: такія маштабныя спартовыя мерапрыемства для грамадзян постсавецкі краін каштуюць больш, чым ліквідацыя наступстваў катастрофаў.



Беларускія турысты, якія часта лятаюць з кіеўскага аэрапорта Барыспаль, напэўна, звярнулі ўвагу на адну непрыемную інавацыю. Прыкладна з мая кошты на транспарт, што дастаўляе людзей з гораду да тэрміналаў, выраслі ўдвая — з 25 да 40 грыўняў (5 долараў). Пабачыўшы грымасу пасажыраў, таксісты вымушаны былі апраўдвацца: «Гэта не мы, гэта ўсё Еўра».

Аказваецца, адміністрацыя барыспальскага аэрапорта ўзяла перад чэмпіянатам Еўропы па футболу прыкладна 9 мільярдаў грыўняў (мільярд долараў) на рэканструкцыю і будаўніцтва дадатковага міжнароднага тэрмінала. Стаўка рабілася на той самы футбол, які меў спачатку прыцягнуць фанатаў, а пасля новую хвалю турыстаў, якія зацікавяцца праз футбольныя трансляцыі Украінай.

Аднак калькуляцыя аказалася кепскай. Паводле статыстыкі, Барыспаль загружаны ў сярэднім толькі на 33 працэнты. Яшчэ больш сумны малюнак у іншых аэрапортах, якія таксама будаваліся пад Еўра–2012. У Львове загружанасць — 8 працэнтаў, а ў Данецку — 10 працэнтаў. Дарэчы, у Данецку аэрапорт будавалі ўвогуле з разлікам на тое, што ён стане паветраным мостам паміж Еўропай і Азіяй. Цяпер зразумела, што ніякага моста не будзе. Нават палякі прыпынілі палёты ў Данбас.

Між тым, даўгі трэба аддаваць. Вось і даводзіцца ў тым жа Барыспалі павышаць плату за паркоўку каля ўваходу ў тэрмінал, які з-за сваёй пустычы чымсьці нагадвае Мінск–2.

Аэрапорт Барыспаль — адзін самых вядомых прыкладаў у дыскусіі, якая разгарнулася на старонках украінскай прэсы вакол пытання: што даў Украіне леташні футбольны турнір?

Адказы на гэта пытанне наступныя: «Для краіны ў цэлым, Еўра–2012, безумоўна, — эканамічны ўдар, паколькі размовы аб замежных фундатарах так і засталіся размовамі, а ўсе ўкладзеныя грошы — гэта, па сутнасці, адарваныя ад сацыялкі і іншых важных для насельніцтва праграм. Для дробнага бізнэсу чэмпіянат павярнуўся каласальнымі паборамі, а ў шэрагу выпадкаў нават згортваннем прадпрымальніцкай дзейнасці» («Главное»).

«Праз год стала ясна, што дзяржава пабудавала чарговыя «пацёмкінскія вёскі» з неапраўдана разадзьмутымі каштарысамі, якія наўрад ці калі-небудзь акупяцца. Больш за тое, сёння яны патрабуюць дадатковых фінансавых уліванняў» («Тиждень»).

З новым стадыёнам «Украіна» (Львоў), на якім за ўсю яго гісторыю згулялі ўсяго 10 матчаў, сітуацыя настолькі крытычная, што ў львоўскім гарсавеце прапанавалі разабраць канструкцыю на будаўнічыя матэрыялы, якія пасля можна было б прадаць. Цяпер стадыён перадалі на баланс Міністэрства моладзі.

Адразу ўзнікае пытанне: хто планаваў такія гіганцкія праекты і нашто? Няўжо арганізатары не ведалі пра вопыт Партугаліі, якая прымала еўрапейскі чэмпіянат, і Грэцыі, якая выступіла гаспадаром Алімпіяды 2004 года?

Акрамя таго, на час падрыхтоўкі да Еўра–2012 было зразумела, што пачаўся крызіс, і надзеі на турыстычны бум — марныя. Як прызнае часопіс «Фокус»: «Украіна ў вачах сусветнай супольнасці выглядае нават горш, чым да турніру. Карупцыя, выбарачнае правасуддзе, аўтарытарны рэжым, а зусім не гасціннасць і ветлівасць — асноўная тэма публікацый заходніх СМІ пра Украіну».

Але калі меркаваць па публікацыях, самае вялікае расчараванне ўкраінцаў ад Еўра–2012 — стан аўтадарог. Аказалася, што большасць пабудаваных да чэмпіянату дарог не вытрымалі зімы. Праўда, засталіся сапраўды якасныя трасы Кіеў — Чоп і Кіеў — Харкаў, але гэта толькі 2% дарожнай сеткі Украіны. Затое выплаты па крэдытах, узятых на рэканструкцыю старых, робяць немагчымым будаўніцтва новых дарог — у бліжэйшыя гады магчымы толькі рамонт ямаў.

Медыя адзначаюць, што за ўкраінскай гігантаманіяй Еўра–2012 стаяў банальны карупцыйны складнік: узвядзенне буйных канструкцый дазваляла прымножыць сумы адкатаў у каштарысах амбіцыйнага праекта. Натуральна ўзнікае пытанне, што робяць пракуратура і следчыя органы? Яны сапраўды не спяць.

Так, з пачатку гэтага года пракуратура Львоўскай вобласці ўзбудзіла каля 10 крымінальных спраў па фактах злоўжыванняў службовых асоб з фірмы «Дырэкцыя па будаўніцтве аб'ектаў Еўра–2012 ў Львове», іншых распарадчыкаў бюджэтных сродкаў і прадпрыемстваў-падрадчыкаў. Агульная сума нанесенай дзяржаве шкоды па названых справах складае амаль 10 мільёнаў грыўняў (больш за мільён долараў).

Паводле справаздачы міжнароднай няўрадавай арганізацыі Freedom House, украінскія чыноўнікі прысвоілі траціну бюджэту, прадугледжанага на падрыхтоўку і правядзенне чэмпіянату Еўропы па футболе ва Украіне ў 2012 годзе. Усяго, для даведкі, на падрыхтоўку турніру пайшло 5,5 мільярда еўра з бюджэту. Такія гіганцкія патокі грошаў не маглі прайсці па-за кантролем чыноўнікаў вышэйшага рангу.

Уся эпапея з Еўра–2012 выклікае лагічнае пытанне: ці не паўторыцца тая ж гісторыя ў Мінску, які збіраецца прыняць у наступным годзе чэмпіянат свету па хакею? Калі і паўторыцца, то гэта будзе бледная копія зімовай Алімпіяды ў Сочы. Роўна за год да старту Алімпіяды–2014 у Сочы ўлады афіцыйна абвясцілі бягучы кошт усіх выдаткаў, вылучаных на будаўніцтва і арганізацыю правядзення гульняў, і гэта апынулася рэальна неверагодная сума — больш за 1,5 трыльёна рублёў, або 50 мільярдаў долараў.

Неймаверны рост выдаткаў на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў можна растлумачыць толькі «татальнай» і беспрасветнай карупцыяй, распіламі і крадзяжамі.

Блогеры падлічылі, што замест растраты 1,5 трыльёна рублёў у Расіі можна было б пабудаваць у кожным буйным горадзе 1100 басейнаў; крытых лядовых палацаў з штучным лёдам; стадыёнаў на 10 тысяч гледачоў і фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Дадаткова кожнаму (!) расейцу набыць электронную скакалку з убудаваным лічыльнікам скачкоў; усім грамадзянам ад 5 да 25 гадоў падарыць па пары добрых ролікавых канькоў; усім мужчынам Расіі — па футбольным і баскетбольнаму мячы і пары хакейных канькоў, а кожнай расійскай жанчыне — валейбольны мяч і пару фігурных канькоў. Адзін факт таго, што дарога ад Адлера да Чырвонай Паляны даўжынёй усяго толькі 48 кіламетраў каштавала падаткаплацельшчыкам «дзікай» сумы ў 260 мільярдаў рублёў, наводзіць на жудасныя думкі. Атрымліваецца, што адзін кіламетр трасы каштуе больш за 5 мільярдаў рублёў (паўтара мільярдаў долараў ЗША)! Для параўнання, у мінулым годзе амерыканцы адправілі на Марс касмічны апарат. Увесь гэты праект (запуск ракеты + марсаход) абышоўся Штатам у тры з лішнім разы танней.

Каментаваць