Еўравыбары: Хто зменіць Барозу?

25 мая 350 мільёнаў еўрапейцаў будуць абіраць новы склад Еўрапейскага парламенту. "Новы Час" працягвае знаёміць чытачоў з ходам выбарчай кампаніі і яе асноўнымі ўдзельнікамі.



Новаўвядзеннем цяперашніх выбараў у еўрапарламент ёсць тое, што фактычна грамадзяне ЕС абіраюць прэзідэнта Еўракамісіі. Раней гэтая кандыдатура ўзгаднялася за зачыненымі дзвярыма. Канклаў прэм’ераў краін ЕС шукаў найбольш кампрамісную фігуру. Цяпер вырашана, што кіраўніком Еўракамісіі аўтаматычна павінен быць лідар самай буйной парламенцкай групы ў Еўрапарламенце.

Неабходнасць такой меры звязаная з відавочным падзеннем інтарэсу электарату да выбараў у Еўрапарламент. Статыстыка сведчыць, што на апошніх выбарах у Еўрапарламент у 2009 годзе галасавала толькі 42 працэнты грамадзян краін ЕС. Гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю. Нагадаем, што ўпершыню Еўрапарламент абіралі ў 1979 годзе, і тады яўка склала 62 працэнты.

Сярод кандыдатаў галоўным фаварытам на пасаду пераемніка цяперашняга старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу фігуруе Жан-Клод Юнкер ад кансерватыўнай Еўрапейскай народнай партыі (ЕРР). Юнкер, які дагэтуль паспеў папрацаваць прэм’ерам Люксембургу, паклаў у аснову сваёй праграмы тэму эканомікі. Ён прызнае, што эканоміка Еўропы перажывае цяжкія часы. Вывесці яе з крызісу можа выключна ЕРР — адзіная ў Еўропе палітычныя сіла, здольная ўзяць на сябе адказнасць за непапулярныя рэформы. Гэтыя рэформы, паводле аўтараў праграмы ЕРР, заключаюцца ў тым, каб стварыць новыя сектары малога і сярэдняга бізнэсу і, адпаведна, новыя працоўныя месцы. Інструментам, які здольны даць штуршок эканамічнаму буму, ёсць спрыяльная для развіцця бізнэсу падатковая і бюджэтная палітыка.

Пасля знаёмства з праграмай ЕРР няцяжка здагадацца, што лагер кансерватараў адчувае канкурэнцыю з боку больш правых партый. Таму вялікая частка іх Маніфеста прысвечана неабходнасці барацьбы з іміграцыяй і крыміналам (любімыя тэмы праварадыкальных палітыкаў). Думаецца, з той жа прычыны ў праграме гаворыцца аб тым, што тэма пашырэння ЕС не стаіць у еўрапейскай павестцы дня. Праўда, у наступным абзацы Юнкер абяцае ў выпадку перамогі падтрымліваць працэсы дэмакратызацыі ва ўсіх краінах-суседзях ЕС.

За кошт рынкавых рэформаў збіраюцца вырашаць праблемы ЕС і лібералы, аб’яднаныя пад дахам Альянсу лібералаў і дэмакратаў за Еўропу. Яны лічаць, што Еўропа павінна фарсіраваць стварэнне адзінага еўрапейскага рынку за кошт ліквідацыі бар’ераў, якія перашкаджаюць руху капіталу, рабочай сілы і інтэлекту. Альянс прапануе як мага хутчэй рэалізаваць праект зоны вольнага гандлю ЕС і ЗША. Насуперак класічным ліберальным антыэтатысцкім забабонам, кандыдат Альянсу лібералаў і дэмакратаў за Еўропу Гі Верхоўстадт выступае за частковы кантроль дзяржавы над фінансавым сектарам. Альянс лічыць, што банкі павінны праводзіць крэдытную палітыку, якая будзе стымуляваць стварэнне прадпрыемстваў, асабліва ў галіне тэлекамунікацыі. Увогуле, лібералы абяцаюць зрабіць Еўропу лідарам у сферы высокіх тэхналогій. А таксама пралабіраваць закон аб тым, што кожны грамадзянін ЕС мае права на вольны і якасны інтэрнэт.

А вось сацыялісты і іх кандыдат Марцін Шульц лічаць, што еўрапейцам зараз патрэбна іншае ўніверсальнае права. Гэта права атрымліваць у кожнай краіне ЕС заробак, які будзе не ніжэй за зацверджаны Еўрапарламентам узровень. Шульц, які быў спікерам у Еўрапарламенце апошняй кадэнцыі, мяркуе, што менавіта сацыяльная салідарнасць здольная аб’яднаць Еўропу. Увогуле, пытанне гарантыі працы, асабліва для моладзі, і ёсць каньком выбарчай праграмы Еўрапейскай партыі сацыялістаў (EPS). Сацыялісты таксама выступаюць супраць дыктату наднацыянальных фінансавых інстытутаў і гатовыя пайсці нават на спецыяльны падатак на спекулятыўныя здзелкі.

Што тычыцца замежнай палітыкі, то гэтай тэме прысвечаны апошні пункт праграмы. Сацыялісты жадаюць, каб ЕС быў транслятарам ідэй міру і прагрэсу. Усходняя палітыка ЕС абмяжоўваецца словамі пра неабходнасць і далей развіваць праект Усходняе Партнёрства. Застаецца сказаць, што пакуль менавіта сацыялісты з’яўляюцца лідарамі выбарчай гонкі. Яны ж маюць большасць у Еўрапарламенце і зараз.

Самае забаўнае ва ўсёй цяперашняй кампаніі, тое, што прэм’еры краіны ЕС усё роўна пакінулі за сабой права самім прызначаць старшыню Еўракамісіі. І хаця ўсе палітыкі гучна кажуць, што будуць паважаць волю выбаршчыкаў, не выключана, што пераемнік Барозу зноў будзе абраны на пасядзелках 28 прэм’ераў. Сярод фаварытаў кулуарных выбараў фігуруюць дырэктар Міжнароднага валютнага фонду Крысцін Лагард, дацкі прэм’ер Хеле Торнінг-Сміт, яго ірландскі калега Энда Кені. Цікава, што некаторыя аўтарытэтныя эксперты выступаюць менавіта за такую схему абрання лідара ЕС. Яны лічаць, што функцыя старшыні Камісіі хутчэй быць нейтральным медыятарам паміж рознымі фракцыямі.

Між тым, за два тыдні да выбараў толькі 38 працэнтаў грамадзян краін ЕС сочаць за ходам кампаніі. А ў Польшчы толькі кожны пяты збіраецца ісці галасаваць 25 мая. Найбольшы электаральны энтузіязм зарэгістраваны ў Бельгіі (53 працэнты). Праўда, гэта можна часткова растлумачыць тым, што там ігнараванне выбараў, паводле мясцовага заканадаўства, цягне за сабой адміністратыўны штраф. Прычыны абыякавасці электарату розныя — ад росту еўраскептыцызму і слабага ведання ангельскай мовы, на якой ідуць дэбаты кандыдатаў, да малацікавых фігур саміх кандыдатаў.

Аднак галоўная праблема — Еўрасаюз для шмат каго, нават для саміх еўрапалітыкаў, дасюль застаецца вельмі абстрактным і функцыянальна не зразумелым інстытутам. «Нас трымаюць тут за ідыётаў», — паскардзіўся на сітуацыю Даніэль Кон-Бендыт, сталы дэпутат Еўрапарламенту ад зялёных.

Застаецца спадзявацца, што цяперашняя рэформа абрання старшыні Еўракамісіі — першы крок у бок перагляду ролі Еўрапарламенту і фармату яе выканаўчых органаў. Дарэчы, адным з выхадаў прапануецца абранне главы Еўракамісіі сярод дзеючых еўрапейскіх пра’ераў. Такія выбары, як сведчаць апытанні, карысталіся б большым інтарэсам, чым цяперашняя кампанія. Калі б падобнае галасаванне мела месца 25 мая, старшынёй Еўракамісіі стала б Ангела Меркель (51 працэнт). Другім бы прыйшоў кіраўнік брытанскага кабміну Дэвід Кэмеран (35 працэнтаў).

Каментаваць