Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці будзе ваяваць посткемалісцкая Турцыя?

Ужо ў гэтую нядзелю, 16 красавіка, туркам давядзецца даць або не даць згоду на 18 паправак у цяперашнюю рэдакцыю Асноўнага закону. Наступствы канстытуцыйнага плебісцыту ў Турцыі шмат у каго ў свеце выклікаюць заклапочанасць. Больш за іншых непакояцца грэкі.

Фота www.independent.co.uk

Ужо ў гэтую нядзелю туркам давядзецца даць або не даць згоду на 18 паправак у цяперашнюю рэдакцыю Асноўнага закону. Сярод паправак — адмена пасады прэм’ер-міністра, павелічэнне колькасці дэпутатаў парламента, рэфармаванне судовай сістэмы і гэтак далей. У суме рэформа прывядзе да таго, што замест парламенцкай рэспублікі ў Турцыі паўстане прэзідэнцкая.

Праўда, сярод турэцкіх палітолагаў модна называць будучы рэжым не «прэзідэнцкай рэспублікай», а «султанатам». І не толькі таму, што Эрдаган пасля 16 красавіка будзе мець прэрагатывы, падобныя на кампетэнцыі манарха. Змены ў Канстытуцыю адбываюцца на фоне радыкальнай рэвізіі кемалісцкай спадчыны і адмовы ад курсу на еўраінтэграцыю. Вакантную нішу займае настальгічны флёр па часах, калі Турцыя была ядром Асманскай імперыі.

І, гледзячы па ўсім, канцэпцыя «асманскі свет» не абмяжуецца калектыўнымі сеансамі ўспамінаў пра добрыя мінулыя часы. Дастаткова ўзгадаць абставіны нядаўніх выбараў у Балгарыі, якая ўваходзіла ў тую імперыю і дзе дасюль жыве вялікая грамада мусульман. Напярэдадні выбараў Анкара стварыла і лабіявала праз дзяржаўныя інстытуты сваю партыю.

Больш за ўсё занепакоеныя рэнесансам «неаасманізму» ў Афінах. Тут не выключаюць і адкрытага канфлікту з суседзямі. З аднаго боку, фармальных падстаў для канфрантацыі няма. Існуе Лазанская дамова 1923 года, якая праводзіць мяжу паміж дзяржавамі. Аднак на турэцкім баку мяжы хапае крытыкаў той дамовы. Лічыцца, што Лазанская дамова складалася ва ўмовах хаосу пасля грэка-турэцкай вайны 1919–1923 гадоў і што шмат дэталяў у яе тэксце не пралічылі. Прынамсі, сам Эрдаган казаў: ён не лічыць дакумент «сакральным», і нават ахарактарызаваў яго як «кепскае пагадненне».

Часткова «султан» мае рацыю. Напрыклад, дамова не тычыцца шэрагу астравоў ля берагоў Турцыі, якія зараз знаходзяцца пад грэчаскай адміністрацыяй. Канчаткова грэчаскімі яны сталі дзякуючы італьянскім фашыстам, што, захапіўшы гэтую частку Грэцыі, дамагліся ад Анкары, каб тая прызнала астравы не турэцкімі.

У любым выпадку, глеба для канфлікту існуе, пра што лепш за ўсё сведчаць трагічныя падзеі на мяжы 1995 і 1996 гадоў. Менавіта тады ля вострава Кардак, што ў турэцкай версіі называецца Імія, адбыліся сутычкі, якія некаторыя нават негалосна называлі вайной.

На Каляды 1995-га адзін з турэцкіх чыноўнікаў нечакана абвясціў выспу, дзе няма жыхароў, турэцкай тэрыторыяй. У адказ на востраве з’явіўся дэсант грэчаскай грамадскасці з суседняга муніцыпалітэту, які ўрачыста ўзняў на ёй сцяг Грэцыі. Адказ Турцыі не прымусіў чакаць. Праз пару дзён журналісты турэцкай газеты «Hürriyet», якія прыбылі на востраў, у сваю чаргу, перад камерамі ўзнялі на Кардаку турэцкі сцяг.

Да грамадскіх актывістаў і журналістаў падцягнуліся жаўнеры, караблі і самалёты. Толькі за адзін дзень — 1 лютага 1996-га — туркі каля 150 разоў парушылі паветраную мяжу Грэцыі. Нічога дзіўнага ў тым, што хутка пачаліся сапраўдныя вайсковыя сутычкі, у выніку якіх тры чалавекі былі забітыя. Спіраль эскалацыі ўдалося спыніць выключна коштам асабістага ўмяшання тагачаснага амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана, які ўсталяваў мір па формуле: «no ships, no troops, no flags» (няма караблёў, няма войскаў, няма сцягоў).

У Афінах не выключаюць рымейка падзей 20-гадовай даўніны. Па-першае, праблема астравоў у тактычным плане вельмі важная для Эрдагана. Спекуляцыя вакол астравоў дазваляе прыцягнуць на свой бок частку нацыяналістаў-кемалістаў. Тыя (напрыклад, лідары ўльтранацыяналістычнай партыі MHP), даўно заклікаюць урад аднабакова абвясціць той жа Кардак і яшчэ 17 спрэчных астравоў часткай Турцыі.

Па-другое, Анкара мае крыўду на Грэцыю праз тое, што Афіны далі палітычны прытулак жаўнерам — удзельнікам спробы путчу ў ліпені мінулага года. 29 студзеня 2017-га, калі Грэцыя надала путчыстам прытулак, кіраўнік вайсковага штабу Турцыі асабіста прыняў удзел у правакацыі: яго карабель увайшоў у тэрытарыяльныя воды Грэцыі ў раёне ўсё таго ж вострава Кардак.

Пры гэтым цяперашняя Грэцыя праз эканамічны крызіс і наплыў мігрантаў з Блізкага Усходу не здольная парытэтна рэагаваць на правакацыі з боку Турцыі. Слабая надзея і на дапамогу NАТО, куды ўваходзяць абедзве краіны. Усе памятаюць, як у 1974-м Паўночнаатлантычны альянс ігнараваў скаргі грэкаў і грэкаў-кіпрыётаў наконт стварэння пад патранатам Анкары сепаратысцкай краіны «Паўночны Кіпр».

Застаецца дадаць, што туркам нават не трэба дасылаць вайсковыя караблі, каб шантажаваць грэкаў. У свой час Эрдаган папярэдзіў, што ў выпадку абвастрэння ЕС рызыкуе атрымаць яшчэ больш мігрантаў, якіх Турцыя будзе накіроўваць менавіта на спрэчныя з Грэцыяй астравы.

У той жа час трэба заўва­жыць, што і ў кіраўніцтве Грэцыі таксама хапае аматараў надзімаць сабе рэйтынг за кошт ура-патрыятычнай рыторыкі. У тым ліку гэта Панас Каменас, лідар партыі «Незалежныя грэкі», якую цяперашні прэм’ер-леварадыкал Алексіс Цыпрас у 2016-м запрасіў ва ўрадавую  кааліцыю. «Незалежныя грэкі» і асабіста Каменас, які зараз мае пасаду міністра абароны, у 1996-м спрыялі выбуху патрыятычнай істэрыкі вакол Кардаку (Іміі).

Ці з’явіцца на мапе новая гарачая кропка, мы даведаемся адносна хутка. У асноўным аглядальнікі спадзяюцца, што развязваць рукі Эрдагану на грэчаскім фронце не дазволіць больш актуальная сірыйская тэма.



Каментаваць