Ці ёсць такая нацыя?

Адна з тэм, якую зараз найбольш абмяркоўваюць у Расіі, — патрабаванне Пуціна распрацаваць закон аб расійскай нацыі. Пра тое, што за гэтым стаіць распавядае маскоўскі журналіст Дзмітрый Ільін.

— На пасяджэнні Савета пры прэзідэнце РФ па пытаннях міжнацыянальных адносін Уладзімір Пуцін ухваліў ідэю прыняцця закона аб рускай нацыі. Што за муха ўкусіла яго ўзняць «рускае пытанне»?

— Фармальна, Крэмль занепакоіўся рускай нацыяй праз рашэнне Канстытуцыйнага суда Якуціі, які абвясціў усю тэрыторыю рэспублікі «роднай зямлёй і гістарычнай радзімай якуцкага народа». Пазней высветлілася, што падобныя фармулёўкі ёсць у Канстытуцыях іншых аўтаномій — Татарстану, Карэліі, Удмурціі і гэтак далей. А такое паняцце, як «рускі», у заканадаўстве адсутнічае. Гэта было ўспрынята як прававы нонсэнс. Аднак, на самай справе, не выключана, што якуцкі прэцэдэнт — проста фармальная падстава. У прэсе сустракаецца меркаванне, што патрэба новага закона — нейкая спроба сфармуляваць расійскую нацыянальную ідэю на ХХІ стагоддзе.

— Як паставіліся да ініцыятывы Пуціна ўра-патрыёты? Напачатку 1990-х гадоў сярод іх цыркуляваў праект стварэння ў рамках РФ побач з іншымі нацыянальнымі рэспублікамі асобнай расійскай аўтаномнай рэспублікі, якая б таксама мела статус федэральнага суб’екта…

— Як ні дзіўна, гэтай тусоўцы ідэя Пуціна не вельмі спадабалася. Гэта следства таго, што, па-першае, «патрыёты» дасюль лічаць адміністрацыю Пуціна ідэйна занадта стракатай. Для значнай часткі рускіх нацыяналістаў Пуцін — гэта той, хто кінуў рускіх на Данбасе. Адсюль думка, што закон пра нацыю — хітрая гульня крамлёўскіх лібералаў з мэтай пахаваць расійскую дзяржаўнасць. Па-другое, лічыцца, што падзел народа па этнічным прынцыпе, на «рускіх» і «нярускіх» пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі. Акрамя таго, «патрыёты» жывуць міфамі пра імперыю Раманавых, дзе, быццам, панавала міжнацыянальная гармонія, і пры гэтым усе лічылі сябе рускімі. Нарэшце, для камуністаў руская нацыя магчымая толькі выключна ў «чырвоным фармаце».

— А пазіцыя антыпуцінскай апазіцыі адносна праекту?

— Апазіцыянерам закон аб рускай нацыі бачыцца як крызіс мыслення кіроўнай эліты, якая займаецца незразумела чым, у той час, калі ў грамадстве хапае вялікіх і сур’ёзных праблем, перш за ўсё сацыяльна-эканамічных. Нацыянальную ідэю нельга стварыць па загадзе. Або яна ў грамадстве рэальна існуе — прычым, без усялякіх дырэктыў. Або яе няма. То бок, закон аб рускай нацыі будзе яшчэ адным мёртванароджаным прадуктам бюракратыі, кшталту закона аб святкаванні Дня народнага адзінства. Дасюль грамадства блытаецца, што святкуецца 4 лістапада.

— Ва ўкраінскай прэсе ідэю рускай нацыі разглядаюць як сучасную рэдакцыю канцэпцыі адзінага рускага народу, складнікамі якога ёсць рускія, украінцы і беларусы. Маўляў, абапіраючыся на пастулаты ідэі рускай нацыі Масква будзе намагацца пашыраць свой уплыў на суседнія славянскія краны.

— Сапраўды, у межах дэбатаў наконт закону гучыць прапанова стварыць адзіны рэестр этнасаў рускай нацыі, прадстаўнікі якіх могуць прэтэндаваць на атрыманне грамадзянства Расіі. Відавочна, туды могуць уключыць украінцаў і беларусаў з усімі наступствамі. Аднак на самай справе перад тым, як складаць рэестры, трэба разабрацца, хто такія рускія. Дэфініцыя «рускія» апынулася вельмі складанай. «Русамі», або «рускімі», раней называлі народы, якія жылі на захад ад сучаснай тэрыторыі Расіі, пры гэтым украінцы заяўляюць, што азначэнне «Русь» першапачаткова адносілася да кіеўскай дзяржавы. Можна пайсці заходнім шляхам, дзе ёсць тэрмін «палітычная нацыя». Аднак такая нацыя лакалізаваная ў адміністратыўных межах. У выніку атрымліваецца, што ў нас будзе цэлая калекцыя палітычных нацый — рускія, татары, башкіры і гэтак далей. Альтэрнатыўны варыянт — абвясціць усіх грамадзян Расійскай Федэрацыі рускімі, што, відавочна, будзе бомбай пад нацыянальную згоду. Застаецца такі крытэр «рускасці», як руская мова. Але ў такім выпадку ўсе, хто ў свеце гаворыць па-англійску, аўтаматычна атрымліваюцца англічанамі. Карацей, тут шмат незразумелага.

— Чаму ініцыятыва стварэння закона аб расійскай нацыі выклікала рэзкую крытыку з боку кіраўнікоў нацыянальных рэспублік?

— Перш за ўсё, такі закон абвострыць палітычную сітуацыю ў рэгіёнах, дзе Маскву і так ўспрымаюць як гіганцкі пыласос, што смокча мясцовыя рэсурсы. Аднак значна больш мясцовых чыноўнікаў палохаюць заявы некаторых сталічных палітыкаў накшталт Жырыноўскага. Для яго прыняцце закону пра рускую нацыю — пачатак працэсу ліквідацыі нацыянальных адміністратыўных суб’ектаў, якіх зменяць звычайныя губерні, губернатар якіх прызначаецца цэнтрам.

— На якім этапе зараз працэс рэалізацыі ідэі Пуціна?

— Пачалася актыўная праца над праектам закона пад дзяжурнай назвай «Аб расійскай нацыі і кіраванні міжэтнічнымі адносінамі». Аднак пакуль яго змест нікому не зразумелы. Некаторыя ўжо асцярожна выказваюць здагадку, што закон пра «рускую нацыю» — усяго толькі чарговая фантазія Пуціна, якая ніколі не можа быць рэалізаванай, нават калі будзе прыняты нейкі дакумент. І, можа, гэта да лепшага: тэма міжнацыянальных адносін вельмі складаная і балючая.



Каментаваць