Ці зробіць футбол Расію лепшай?

Сёлетні футбольны чэмпіянат свету стаў найбольшым сутыкненнем расійскага абывацеля з іншаземцамі, — нашмат больш маштабным за Алімпійскія гульні 1980 або 2014 гадоў ці савецкія фестывалі моладзі, піша «Радыё Свабода».

Расію за гэты месяц наведала некалькі соцень тысяч іншаземцаў, прычым ехалі яны ня толькі ў звыклыя турыстычныя Маскву і Санкт-Пецярбург, але і ў мала каму ў замежжы вядомыя Саранск, Краснадар ці Ніжні Ноўгарад.

Для многіх заходнікаў Расія стала адкрыццём. Аказваецца, тут цёплае лета, ёсць курортныя гарады з не зусім дрэннай інфраструктурай і цікавымі славутасцямі, дый многія расіяне насамрэч нармалёвыя і гасцінныя людзі.

Для саміх расіян адкрыццём стала, бадай, тое ж самае. Яны звыкліся бачыць сябе ў якасці аточанай ворагамі звышдзяржавы і звышнароду, з «загадкавай душой» і «особенной статью». А па факце высветлілася, што яны такія ж простыя і нармальныя людзі, як заезджыя ангельцы, немцы, перуанцы ці ўругвайцы. Ня горш і не лепш, а значыцца, такія ж, а значыцца — чаго варагаваць? Гэта можа быць важны для расійскага грамадства досвед.

 

 

Ці зможа чэмпіянат змяніць міжнародную грамадскую думку наконт Расіі і таму вывесці яе з міжнароднае ізаляцыі? Наўрад ці. Заходнія эліты пра Расію, яе людзей і культуру цудоўна ўсё ведаюць і так. А прычыны расійскай ізаляцыі палягаюць не ў выдуманай расійскімі прапагандыстамі «русафобіі», а ў расійскім імперскім рэваншызме і агрэсіўнай міжнароднай палітыцы. Пакуль Расія прынамсі не спыніць вайну супраць Украіны, нічога не палепшыцца.

Падчас брэжнеўскіх Алімпійскіх гульняў у Маскве ў 1980 годзе савецкія войскі працягвалі сваю бясслаўную вайну ў Аўганістане. Гульні байкатавалі некалькі дзясяткаў краінаў, у тым ліку ЗША, Канада і Федэратыўная Рэспубліка Нямеччына.

Літаральна на наступны тыдзень заканчэння Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе Расія пачала актыўную фазу захопу Крыма, якая потым атрымала свой працяг у выглядзе вайны на Данбасе. Увесь рэпутацыйны капітал, які Расія зарабіла на сочынскіх гульнях, быў ёю жа ўласнаручна знішчаны літаральна за некалькі тыдняў. Ад кранальнага і цёплага закрыцця гульняў да ўвядзення міжнародных санкцыяў супраць Расіі мінуў усяго месяц.

 

У 2018 годзе крымскі рэжысёр і актывіст Алег Сянцоў на момант заканчэння чэмпіянату галадае ўжо больш за 60 дзён. За час футбольнага свята на Данбасе падтрыманыя Расіяй баявікі з ДНР і ЛНР забілі ці паранілі некалькі дзясяткаў жаўнераў Збройных сілаў Украіны. За той жа час памерла жыхарка Брытаніі, атручаная (напэўна, выпадкова) расійскім «Новичком».

Чэмпіянат свету па футболе 2018 году заканчаецца ва ўмовах далейшага эканамічнага крызісу ў Расіі і першага трывожнага сігналу. Несправядлівая пенсійная рэформа, чыя сутнасць — эканомія дзяржаўных сродкаў за кошт насельніцтва на фоне гіганцкіх ваенных выдаткаў і гратэскных маштабаў карупцыі, выклікала досыць масавыя, хаця і не заўважаныя медыямі, пратэсты. Рэформа абрушыла рэйтынг улады і асабіста Уладзіміра Пуціна. А гэта падвышае рызыку таго, што ўладзе зноў спатрэбіцца вобраз ворага, а магчыма, і чарговая замежная палітычная авантура, каб адцягнуць увагу ад унутраных праблемаў.

Чэмпіянат скончыўся, фанаты з’язджаюць, карэта ператвараецца ў гарбуз. Застаюцца «Новичок», ДНР і Крым. «На трибунах становится тише, тает быстрое время чудес»...

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць