Ці будзе Асеція адзінай?

Сапраўднай медыйнай бомбай стала заява прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Леаніда Цібілава пра тое, што ў бліжэйшы час магчымае аб’яднанне Паўднёвай і Паўночнай Асецій, а створанае на гэтай базе дзяржфармаванне ўвойдзе ў склад Расіі.



Леанід Цібілаў


Леанід Цібілаў, у прыватнасці, заявіў: "Да ўз'яднання дзвюх Асецій у складзе Расіі трэба ісці, пераадольваючы палітычныя і юрыдычныя перашкоды. Калі аб'яднанне адбудзецца ў час майго прэзідэнцтва, тады, я лічу, што выканаў сваю задачу".

Асаблівасць сітуацыі не ў тым, што Цібілаў дэ-факта прызнае марыянетачны статус Паўднёвай Асеціі. Справа ў тым, што заява прагучала на фоне пацяплення руска-грузінскіх адносінаў. Рускі МЗС нават кажа пра хуткае аднаўленне ўсіх дыпламатычных кантактаў з Грузіяй, разарваных пасля вайны 2008 года. І раптам асеціны зноў эскалуюць сітуацыю.

Галоўная версія аналітыкаў — у Цхенвалі баяцца, што  спонсар можа адмовіцца ад праекту “Паўднёвая Асеція”, і наўмысна распальваюць канфрантацыю. Другія кажуць, што заява Цібілава адрасаваная не Тбілісі, а Сухумі. Апошнім часам абхазцы некалькі разоў сварыліся з Масквой па розных пытаннях, і, магчыма, Крэмль вуснамі Цібілава дае зразумець сухумскай эліце, што не пакідае такой опцыі, як інкарпарацыя дзвюх каўказскіх рэспублік ў склад Расійскай Федэрацыі.

Паводле грузінскай прэсы

Каментаваць