Ці паўстане Каўказскі фронт?

Эскалацыя расійска-турэцкіх адносін выклікала чуткі пра няўхільнае аднаўленне супрацьстаяння Азербайджана (саюзнік Турцыі) і прарасійскай Арменіі. Пра магчымы новы фронт на Каўказе распавядае армянскі апазіцыйны палітык Арменак Даўлацян.



Ільхам Аліеў і Серж Саграсян


— Наколькі для армянскага палітыкуму і экспертнага асяроддзя быў відавочны канфлікт па лініі Анкара—Масква пасля таго, як Расія адкрыта падтрымала рэжым Асада?

— Агульнавядома, што Турцыя мела долю ад экспарту нафты, якую здабываюць на тэрыторыях, кантраляваных Ісламскай дзяржавай (ІД). Транзіт рэкрутаў для ІД з Еўропы ідзе таксама праз Турцыю. Але ніхто не чакаў, што Эрдаган можа пайсці на такі вельмі супярэчлівы крок, як атака на расійскі самалёт. Ніхто, у сваю чаргу, не чакаў такой жорсткай рэакцыі з боку Пуціна.

— Якія, на ваш погляд, матывы паводзінаў Эрдагана і Пуціна?

— Што да Эрдагана, гэта могуць быць і яго асабістыя прычыны, і нейкія эканамічныя інтарэсы, паколькі сын турэцкага прэм’ера заўсёды быў у нафтавым бізнесе. Ёсць версія, што на канфрантацыю яго падштурхнулі ЗША, якія разлічваюць рукамі Турцыі адцягнуць Расію ад Сірыі і Украіны. Трэба таксама нагадаць, што ў Турцыі на ўзроўні ўрада сфармулявана задача ўсталявання кантролю над сірыйскім раёнам Латакія, фармальнай падставай для чаго можа быць падтрымка сірыйскіх туркменаў. Але турэцкія стаўкі ў канфлікце несувымерныя з рускімі. Калі Пуцін прайграе ў Сірыі і дапусціць стварэнне сталых інстытутаў Ісламскай дзяржавы, то нас чакае новы раўнд бітвы за Паўночны Каўказ, актывізацыя ісламістаў у Сярэдняй Азіі, у якую будуць з часам уцягнутыя нават мусульмане цэнтральнай Расіі.

— Як у Арменіі ўспрынялі апошнія падзеі? Расійская прэса паведамляе, што армяне гатовыя як адзін падтрымаць Маскву ў паходзе на Басфор.

— Насамрэч, рэакцыя неадназначная. Ёсць фракцыя армян, якая падтрымлівае агрэсіўную лексіку Масквы. Ім падабаюцца заявы расійскіх палітыкаў наконт дэнансацыі Карскай дамовы 1921-га, які прызнае шэраг рэгіёнаў гістарычнай Арменіі часткай Турцыі. Але частка насельніцтва баіцца, што Расія проста выкарыстоўвае армянскую карту, як неаднаразова было ў гісторыі. Напрыклад, калі бальшавікам сітуацыйна было патрэбна перамір’е, яны, не задумваючыся пра нацыянальныя інтарэсы армян, аддалі туркам той жа армянскі Карс. Прыхільнікі гэтай опцыі лічаць, што армянскае войска здольнае абараніць суверэнітэт без дапамогі Масквы. Нарэшце, ёсць група людзей, якая пакуль чакае. Да гэтага лагера я аднёс бы армянскую дыяспару на Захадзе.

— Улетку ў Арменіі мелі месца вялікія сацыяльныя хваляванні. Ці можа ўлада зараз за кошт патрыятычнай рыторыкі ўзняць свой рэйтынг?

— Не думаю. На сённяшні дзень узровень даверу да ўрада зваліўся ніжэй за плінтус. Мне здаецца, за кошт патрыятычнай агітацыі яго не выратаваць. Некалькі дзён таму ў нас была арыштавана адна ўзброеная група, якая, па версіі афіцыёзу, рыхтавала замахі на чальцоў урада. Хоць юрыдычна мы маем усе прыкметы падрыхтоўкі тэракту, у грамадстве ўдзельнікаў змовы разглядаюць як нейкіх робін гудаў, якія хацелі выратаваць народ.

— Як вы ацэньваеце рэакцыю на сірыйскія падзеі ў Азербайджане?

— У Баку вельмі ціха. Там асабліва не каментуюць тое, што адбываецца за мяжой, хоць Турцыя і Расія — галоўныя партнёры Аліева. Зрэшты, Аліеву відавочна было не да сусветнай геапалітыкі — у адным з правінцыйных гарадоў успыхнулі вулічныя беспарадкі, за якімі стаялі радыкальныя ісламісты. Яшчэ адзін стрымліваючы фактар, каб захоўваць нейтралітэт, — дэманстрацыя Расіяй патэнцыялу каспійскай флатыліі, якая бамбуе Сірыю з акваторыі Каспія.

— Як паўплывае канфлікт паміж Пуціным і Эрдаганам на курдскае пытанне?

— У Масквы ёсць праграма працы з курдамі, хоць у апошні час амерыканцы спрабавалі перахапіць ініцыятыву. І ў Расіі, і ў ЗША ёсць стары план стварэння з фрагментаў Сірыі, Ірака і Турцыі незалежнага Курдыстана. Але такі план фактычна вядзе да падзелу Турцыі, што дасюль тармазіла яго публічнае анансаванне. Магчыма, цяпер Расія больш адкрыта падтрымае такі сцэнар. Як я ўжо казаў, губляць Пуціну няма чаго.

— Ці могуць наладзіцца турэцка-расійскія адносіны?

— Пакуль казаць пра гэта рана. Палітыкам трэба захаваць твар, а значыць, яны не будуць ісці на кампраміс так хутка. Але нават аднаўленне статус-кво не вырашыць канфлікт. Там шмат іншых праблем. У 1980-я гады, калі я працаваў у Сірыі, нам як грамадзянам СССР не рэкамендавалі наведваць горад Хомс. Аказваецца, там было паўстанне супраць бацькі цяперашняга прэзідэнта, якое той жорстка здушыў. Пасля штурму Хомс на тры дні быў адда­дзены салдатам на рабаванне. Прайшло амаль 30 гадоў, але, здаецца, ніхто нічога не забыў. Як толькі пачалася арабская вясна, Хомс паўстаў. Традыцыя — гэта толькі адзін з чыннікаў канфлікту. Сённяшні Блізкі Усход — гэта распалены кацёл, у якім перамяшаліся фінансавыя інтарэсы, энергетычныя схемы, геапалітыка, міжканфесійныя разборкі, памежныя спрэчкі і г.д. Што атрымаецца ў выніку, я баюся прагназаваць.

Каментаваць