Ці перамогуць пінгвіны Эрдагана?

Ці пагадзіцца Рэджэп Эрдаган на адстаўку? Пра апошнія падзеі ў Турцыі і прычыны пратэстнага выбуху журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з турэцкім сацыяльным актывістам Сінгурам Саўранам.



Фота: newtimes.ru


— Хто-небудзь з турэцкіх палітолагаў або журналістаў прагназаваў, што палітычны працэс у Турцыі будзе развівацца па цяперашнім сцэнары?

— Нават падчас арабскай вясны ніхто ўсур’ёз не думаў пра барыкады і стотысячныя маніфестацыі. Аўтарытэт прэм’ера Эрдагана яшчэ пару тыдняў таму здаваўся непарушным. Не маючы моцнага тылу, ён сам не пайшоў бы на канстытуцыйную рэформу, не заключыў бы мір з курдамі, не пачаў весці б вельмі рызыкоўную гульню на падтрымку сірыйскай апазіцыі. Аднак у выніку аказалася, што база рэжыму не такая маналітная. Дастаткова было фатальнай памылкі ў выглядзе брутальнага разгону дэманстрантаў у парку Гезі, як выявіліся буйныя супярэчнасці паміж сацыяльнымі групамі насельніцтва і нават унутры лагеру прыхільнікаў АКР (афіцыйная Партыя развіцця і справядлівасці).

— Чаму праява паліцэйскага гвалту выклікала такую пратэстную рэакцыю з боку турэцкага грамадства?

— Паліцэйскі гвалт дапоўніўся двума фактарамі. Па-першае, паліцэйскія абаранялі інтарэсы будаўнічай фірмы, а гэты сектар лічыцца звязаным з уладай. Акрамя таго, людзей шакавала рэакцыя ў СМІ, якая стала дадатковай ілюстрацыяй карумпаванага характару дзяржавы і бізнэсу. У той час, як увесь інтэрнэт бурліў навінамі пра падзеі на плошчы Таксім, ніводны канал тэлебачання не асвяціў гэтую падзею. Прычына зразумелая — нежаданне ўладальнікаў студый канфліктаваць з уладай. Таму замест хапуна нам паказвалі розныя забаўляльныя праграмы, у тым ліку фільм пра пінгвінаў, што дало падставу для акіяна жартаў, а сама выява пінгвіна хутка стала сімвалам пратэстаў. Калі сур’ёзна, то Таксім агаліў глыбокі сацыяльны канфлікт. Улады і сам Эрдаган успрымаюць туркаў выключна як цёмных сялян з Анталіі. Наш прэм’ер нават публічна тлумачыў, як трэба піць ёгурт. Аднак аказалася, што ёсць іншая Турцыя — урбаністычная, вестэрнізаваная, арыентаваная на каштоўнасці дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасці. Цяпер гэтая Турцыя патрабуе для сябе роўных правоў.

— Аднак кансалідаванай праграмы патрабаванняў у прагрэсіўнай часткі туркаў няма…

— Гэта зразумела, калі паглядзець на партрэт сярэднестатыстычнага ўдзельніка антыўрадавых пратэстаў. 75 працэнтаў удзельнікаў акцый — людзі маладзей за 30 гадоў. Палова з іх ніколі не цікавілася палітыкай. Адсюль карнавальны прысмак таго, што адбываецца. З іншага боку, маладыя людзі не могуць сфармуляваць сваю праграму. Відавочна, што патрабаванне кансервацыі ў цяперашнім выглядзе парку Гезі — вельмі лакалізаваны лозунг. Ініцыятыву ў моладзі спрабуюць перахапіць левыя партыі і прафсаюзы, аднак пакуль уся канкрэтыка абмяжоўваецца толькі адным патрабаваннем — адстаўка прэм’ера Рэджэпа Эрдагана.

— У рэпартажах з акцый пратэстаў можна пабачыць шмат партрэтаў Атацюрка. Ці значыць гэта, што моладзь сімпатызуе кемалісцкай спадчыне?

— Думаю, што большасць маладых людзей ставіцца да Атацюрка абыякава. Аднак у дадзеным выпадку вывучаныя ў школьнай праграме запаветы Атацюрка пра адзінства нацыі, доўг кожнага грамадзяніна перад радзімай, нечакана набылі актуальнае гучанне. Плюс імідж Эрдагана як ісламіста і крытыка свецкай мадэлі дзяржавы, за якую змагаўся Атацюрк. Улады самі далі падставу для рэнесансу любві да кемалізму — як вядома, Эрдаган марыў аднавіць на тэрыторыі парку Гезі элементы артылерыйскіх баракаў пачатку мінулага стагоддзя. Гэтыя баракі былі цэнтрам путчыстаў, якія ў 1909 годзе зрынулі з улады младатуркаў, да якіх належаў і Мустафа Кемаль. Маніфестанты, калі спяваюць песню “Мы ўсе салдаты Атацюрка”, проста выказваюць сваю апазіцыйнасць да Эрдагана.

— Як ставяцца да пратэстаў курдскія нацыяналісты? Як вядома, не так даўно яны падпісалі з Анкарой мірную дамову ў абмен на культурна-адміністратыўную аўтаномію.

— Кіраўніцтва Рабочай партыі Курдыстана прыняло на гэты конт спецыяльную заяву. На думку курдаў, рэпрэсіі супраць дэманстрантаў непрымальныя, паколькі перашкаджаюць усталяванню ў Турцыі дэмакратыі, без якой немагчыма ў тым ліку развіццё курдскага народу. Аналітыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, РПК адтэрмінуе эвакуацыю сваіх атрадаў у іракскі Курдыстан, як гэтага патрабуе дамова. Увогуле, знешняя палітыка Турцыі, у тым ліку ў сірыйскім пытанні, цяпер, напэўна, будзе не такой актыўнай.

— Ці можа Эрдаган пайсці ў адстаўку?

— Пакуль ён рашуча адмаўляе такую перспектыву. Блізкія да ўраду СМІ сцвярджаюць, што за ўсімі хваляваннямі стаяць люмпены і алкаголікі, незадаволеныя нядаўнім драконаўскім законам аб абмежаванні продажу алкагольных напояў. Што тычыцца прэм’ера, то калі ён 8 чэрвеня вярнуўся з Афрыкі, у аэрапорце мела месца вялікае шоў. У прысутнасці натоўпу сваіх фанатаў палітык звінаваціў у апошніх падзеях ворагаў Турцыі, якія намагаюцца разбурыць турэцкую эканоміку. Па яго словах, выхадкі “вандалаў” таксама прафінансаваў кіраўнік аднаго з банкаў. У фінале прамовы кіраўнік ураду паабяцаў ахвяраваць жыццё за дэмакратыю. Такая ваяўнічая рыторыка была прадказальна з улікам асобы Эрдагана. Яму характэрны нарцысізм і аўтарытарызм. Яму не проста прызнаць сябе лузерам. Тым больш у зеніце, здавалася б, сваёй палітычнай кар’еры. Вядома, што яе наступным этапам павінна была стаць кампанія за абранне Эрдагана прэзідэнтам.

— Як пратэсты адлюстраваліся на стане турэцкай эканомікі?

— Пакуль нічога асаблівага не адбылося: індэкс крэдытнага даверу да Турцыі застаўся дастаткова высокім. Аднак трывожныя з’явы таксама ёсць. Ходзяць чуткі пра тое, што некаторыя банкі пачалі паступова выводзіць грошы ў замежжа, баючыся наплыву жадаючых зняць свае сродкі. На карысць панічных настрояў і старыя прагнозы эканамістаў пра тое, што цяперашні бум у будаўнічым бізнэсе — бурбалка, якая можа ў любы момант выбухнуць. Таму эскалацыя пратэстаў вельмі небяспечная для эканомікі. Не дарма адна з вядучых газет пракаментавала ваяўнічыя дэкларацыі прэм’ера ў аэрапорце словамі: “Прэм’ер падпальвае Турцыю”. З улікам сказанага ўсе прагназуюць хуткі раскол у шэрагах урадавай партыі на фракцыю рэакцыянераў і групоўку прагматычных апаратчыкаў. Апошнія будуць схіляць Эрдагана да адстаўкі. Прынамсі ўжо зараз некаторыя людзі з яго атачэння крытыкуюць лідара АКР за тое, што ён стаў лабістам будаўнічых кампаній.

— У інтэрнэце актыўна абмяркоўваюць варыянт падзей у выпадку, калі Эрдаган адмовіцца сысці. Кажуць, што тады з-за растучага палітычнага хаосу армія можа здзейсніць вайсковы пераварот.

— Эрдаган і яго партыя тройчы запар перамагалі на выбарах, у тым ліку і таму, што туркаў дасталі дыктатуры вайскоўцаў, якія перыядычна разганялі цывільны ўрад. Эрдаган расправіўся з генераламі, аднак цяпер ён сам хоча стаць генералам, што не падабаецца людзям. Таму вайсковы пераварот у нашым выпадку — не выйсце з сітуацыі.

Каментаваць