Ці ператворыцца Польшча ў Беларусь?

У студзені ў Еўрапарламенце адбыліся дэбаты аб стане дэмакратыі ў Польшчы. Як адзначыў ва ўступным слове старшыня парламента Марцін Шульц, гэтыя дэбаты з'яўляюцца першым такога роду мерапрыемствам.



Яны  ўяўляюць сабой метад «ранняга рэагавання» на пагрозу для дэмакратычнага парадку ў якой-небудзь краіне ЕС.

Дэбаты адбыліся ў рамках зацверджанай у 2014 годзе працэдуры рэагавання інстытутаў ЕС на праблемы з дэмакратыяй у паасобных краінах ЕС, дзе самі дэбаты ўяўляюць сабой першы (самы мяккі) этап уздзеяння, з магчымасцю прымянення больш цвёрдых мераў, аж да пазбаўлення дадзенай краіны права голасу ў ЕС, калі краіна не выпраўляецца.

Дык што насамрэч здарылася ў Польшчы і з-за чаго яе ўрад быў выкліканы на чырвоны дыван у Еўрапарламент? У прамовах крытыкаў цяперашняга польскага ўраду фігуравалі два асноўныя закіды: спроба ўраду ўзяць пад кантроль публічныя СМІ; ігнараванне рашэнняў Канстытуцыйнага Трыбуналу і замена яго чальцоў сваімі прыхільнікамі. Гэтыя закіды суправаджаліся заўвагай больш агульнага, скажам так, паліталагічнага характару: кіруючая партыя Польшчы — «Права і Справядлівасць» (ПіС) — злоўжывае спасылкай на «большасць».

Перад тым, як пракамента­ваць закіды еўрапарламентараў, варта сказаць колькі слоў пра прэлюдыю да дэбатаў. У сваім колішнім артыкуле ў «Новым Часе» (22.08.2015) я згадваў пра алергічную рэакцыю вядучых еўрапейскіх СМІ на выбар Анджэя Дуды (кандыдата ад ПіС) на прэзідэнта. Няцяжка здагадацца, што пасля перамогі ПіС на парламенцкіх выбарах у кастрычніку мінулага года алармісцкі тон адносна Польшчы яшчэ больш узмацніўся. Цягам некалькіх тыдняў перад дэбатамі заходнія СМІ ажно кіпелі ад абурэння на дзеянні новага ўраду нашай суседкі. Выраз «беларускія стандарты» на азначэнне тых ці іншых яго дзеянняў не сыходзіў з вуснаў унутраных крытыкаў і прасочваўся ў рыторыцы крытыкаў з Заходняй Еўропы.

Сам старшыня Еўрапарламенту, згаданы ўжо Марцін Шульц, сацыяліст, у сваіх ранейшых выступах называў палітыку ПіС «пуцінізацыяй Польшчы», а ў інтэрв’ю для радыё «Дойчландфунк» пасунуўся нават да заявы, нібы «тое, што зараз адбываецца ў Польшчы, ёсць дзяржаўны пераварот». За тыдзень да еўрапарламенцкіх дэбатаў брытанскі леваліберальны «The Guardian» падагульніў «праблемы з дэмакратыяй» у Польшчы наступным чынам: польскі ўрад прасунуў «кантраверсійны закон, які дае польскаму ўраду большы кантроль над СМІ, правёў кадравыя чысткі ў інстытутах тэле- і радыёвяшчання, а таксама напакаваў вярхоўны суд лаялістамі». Як я ўжо пазначыў вышэй, вастрыё крытыкі польскага ўраду ў Еўрапарламенце было скіравана менавіта ў гэтыя два пункты: медыйная палітыка і дачыненні да Канстытуцыйнага Трыбуналу. Вось цяпер давайце прыгледзімся да гэтых закідаў.

1. «Падпарадкаванне СМІ»

 

Закід «падпарадкавання СМІ з боку ПіС» не з’явіўся на пустым месцы. Варта, аднак, удакладніць, што гаворка тут ідзе выключна пра так званыя «публічныя СМІ» (адпаведнік «дзяржаўных СМІ» ў нашым кантэксце).

Перад самым Новым Годам польскі Сейм прыняў законапраект, паводле якога старшыня і чальцы кіраўніцтва публічнага радыё і тэлебачання будуць прызначацца міністрам скарбу. Раней выбар асоб на такія пасады адбываўся на конкурснай аснове. З розных бакоў паступалі заўвагі, што «конкурсная аснова» ніяк не выключала палітычнага фактару з працэсу адбору.

Трэба, аднак, прызнаць, што конкурсны спосаб абірання, хоць і не гарантаваў поўнай празрыстасці працэсу, аднак усё ж ускладняў кіроўнай партыі наўпроставае падпарадкаванне сабе публічных СМІ. Цяпер залеж­насць кіраўніцтва публічных медыя ад кіруючай партыі перастане быць абумоўлена конкурснымі працэдурамі. Дарэчы, сярод планаў ПіС на будучае — перайменаванне «публічных медыя» ў «нацыянальныя» (narodowe), паколькі адной з галоўных іх задач будзе «мацаванне нацыянальнай тоеснасці» (гэтая інфармацыя можа быць цікавай для прыхільнікаў тэзы, што Еўропа крочыць у накірунку «постнацыянальнай эпохі»).

Што ж тычыцца «кадравых чыстак у СМІ», то «The Guardian» яўна перастараўся: масавых звальненняў не было і не плануецца. Магчыма, брытанская газета палічыла «чысткамі» той факт, што некалькі вядомых журналістаў заявілі пра сыход з TVP на знак пратэсту супраць новага закона аб СМІ. Але гэта папросту сітуацыя пратэсту, а не «чысткі».

2. ПіС і Канстытуцыйны Трыбунал

 

Палітыка цяперашняй парламенцкай большасці адносна Канстытуцыйнага Трыбуналу пазначана рознымі юрыдычнымі і этычнымі праблемамі, але выраз «пакаванне Трыбуналу лаялістамі» тут зусім не да месца. Паспрабую коратка, без уваходжання ў дэталі, прадста­віць сутнасць праблемы.

У чэрвені 2015 года тагачасная кіруючая кааліцыя («Грамадзянская платформа» і Польская сялянская партыя), прадчуваючы сваю паразу на надыходзячых парламенцкіх выбарах, прыняла законапраект аб Канстытуцыйным Трыбунале. Законапраект даваў магчымасць скараціць тэрмін паўнамоцтваў пяці канстытуцыйных суддзяў, каб на іх месца маглі быць прызначаны суддзі з падачы тагачаснай парламенцкай большасці. Гэта пры тым, што фактычна ўсе астатнія 10 суддзяў былі ўжо прызначаныя той самай палітычнай фармацыяй на розных этапах яе панавання. Новы Сейм (скажам так, «пісаўскі») сцвердзіў, што рашэнне аб скарачэнні паўнамоцтваў пяці суддзяў і прызначэнні пяці новых было прынята з парушэннем рэгламенту Сейма і, адпаведна, прызнаў выбар пяці новых суддзяў неправамоцным. На іх месца ПіС абраў пяць «сваіх» суддзяў. Справа яшчэ больш ускладнілася, калі Канстытуцыйны Трыбунал сцвердзіў неканстытуцыйнасць выбару папярэднім Сеймам двух суддзяў, а абранне трох суддзяў прызнаў канстытуцыйным.

Тут не месца, каб займацца юрыдычным або этычным аналізам усёй гэтай гісторыі. Аднак заўважым: пры любой інтэрпрэтацыі падзей «пакаванне Трыбуналу лаялістамі» тут зводзіцца да прызначэння ПіС усяго 1/3 чальцоў Трыбуналу. Гэта выглядае як спроба займець хоць якое прадстаўніцтва ў Трыбунале, што з палітычнага і этычнага гледзішча з’яўляецца цалкам зразумелым крокам, тым больш на фоне таго, што папярэдняя кіруючая група напралом імкнулася да намінавання ўсяго складу канстытуцыйных суддзяў. Называнне гэтай спробы «пакаваннем Трыбуналу лаялістамі», а тым больш параўноўванне гэтага з дзеяннямі Лукашэнкі ў 1996–1997 гадах, як тое чыняць некаторыя крытыкі ПіС, патыхае звычайнай дэмагогіяй.

3. Эксплуатацыя паняцця «большасці»           

 

Па гэтым пункце схільны прызнаць рацыю крытыкаў ПіС. Агаломшаная падвойным поспехам (перамога на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах), гэтая партыя адразу ж узяла ва ўзбраенне адзін з найбольш прымітыўных аргументацыйных прыёмаў, які зводзіцца да наступнага разважання: большасць прагаласавала за нас, значыць, мы — аўтэнтычныя прадстаўнікі народу-нацыі. А тут ужо зусім блізка да пазіцыі, што ў імя народа-нацыі можна нават не пераймацца канстытуцыйным парадкам.

Падчас дэбатаў у польскім парламенце неяк прагучала з вуснаў аўтарытэтнага палітыка, Конрада Маравецкага, наступная фраза: «Закон — важная рэч, але гэта не ёсць нешта святое. (...) Дабро Народу (Нацыі) — вышэй за закон». Аўтар гэтых слоў прамаўляў ад імя іншай партыі, аднак рабіў ён гэта ў падтрымку кіроўнай партыі, і яе чальцы ўзнагародзілі яго прамову гучнымі апладысментамі, прычым многія пляскалі ў далоні стоячы. У спалучэнні з тэзай, што кіроўная партыя з’яўляецца аўтэнтычным прадстаўніком народу, прыведзеныя вышэй словы пана Маравецкага вядуць да высновы, што кіроўная партыя можа «ў імя дабра Народу» нават ігнараваць тыя ці іншыя пункты закону. Хоць гучныя заявы пра тое, што «ПіС нішчыць канстытуцыйны парадак», з’яўляюцца прапагандысцкім перабольшаннем, аднак рыторыка «вышэйшасці народнага інтарэсу над законам» сапраўды насцярожвае.

Ёсць яшчэ адзін момант, які выклікае занепакоенасць. Падчас дэбатаў у Еўрапарламенце галоўнымі абаронцамі цяперашняга польскага ўраду сталі такія персоны, як Эмерык Шопрад, французскі эквівалент Аляксандра Дугіна, які трызніць пра саюз Еўропы з Расіяй і спыненне «амерыканскай агрэсіі», зацяты еўраскептык Петр Мах (чэх) або дэпутат-скандаліст Януш Корвін-Міке, які амаль кожны свой выступ у Еўрапарламенце заканчвае фразай: «Еўрасаюз павінен быць знішчаны». Сам факт, што яны выступілі ў падтрымку цяперашняга польскага ўраду, роўна ж як і тое, што кіраўніца гэтага ўраду, Беата Шыдла, пляскала ў далоні ў адказ на іх выступы, сам па сабе яшчэ не азначае, што ПіС гравітуе ў прарасійскім і еўраскептычным напрамку. Аднак жа паглыбленне канфлікту ПіС з лева- і правацэнтрысцкімі сіламі можа сапраўды скіраваць новы польскі ўрад у такім напрамку. Пра такую рызыку я ўжо згадваў у сваім жнівеньскім артыкуле, а зараз гэта падаецца яшчэ больш рэальным. Будучыня застаецца адкрытай, але можа здарыцца нават так, што ад уладаў у Мінску мы будзем чуць усё больш і больш пра патрэбу перагляду нашых адносінаў з усходнім суседам (на карысць Еўропы), а ў Варшаве гаворка будзе весціся пра перагляд дачыненняў з Брусэлем (на карысць Расіі). У геапалітычным плане Польшча сапраўды можа крышачку «абеларусіцца», а Беларусь — «паланізавацца».

Каментаваць