Ці трэба баяцца грузінаў?

Ключавыя пасады ва ўкраінскай палітычнай эліце ўсё часцей займаюць этнічныя грузіны. Дэсант з Каўказу выклікае неадназначныя ацэнкі сярод звычайных украінцаў. На гэтым, у сваю чаргу, спрабуе гуляць маскоўская прапаганда. 



Ва ўкраінскую вертыкаль прыйшлі таксама Гія Гецадзе, Джамбул Эбанаідзэ, Хатыя Шэлія. Фота www.rbc.ua


Яшчэ пару гадоў таму гістарычна зеніт грузінска-­ўкраінскіх адносін прыходзіўся на часы Ула­дзіміра Манамаха, калі нейкі рэгіянальны князь заключыў шлюб з грузінскай прынцэсай. Той дынастычны шлюб — бледны цень на фоне цяперашняга ўздыму грузінска-ўкраінскай кааперацыі. З пачатку 2015 года ў першы дывізіён украінскай вертыкалі прыйшла кагорта былых грузінскіх чыноўнікаў, якія ў свой час зрабілі кар’еру ў адміністрацыі Міхаіла Саакашвілі.

Пералік грузінаў, якія атабарыліся ў выканаўчых органах Украіны, можна пачаць ад самога Саакашвілі, які з падачы Пятра Парашэнкі стаў губернатарам Адэскай вобласці. У грузінскім спісе таксама фігуруюць Эка Згуладзэ, прызначаная першым намеснікам міністра ўнутраных спраў, Хатыя Дэканаідзэ, кіраўнік Нацыянальнай паліцыі, намеснік генпракурора Давід Сакварэлідзэ, намеснік дырэктара антыкарупцыйнага бюро Гізо Углава і г.д.

З улікам таго, што ва Украіне пражываюць усяго 34 тысячы грузінаў (з іх 7 тысяч на сепаратысцкім Данбасе), грузінская квота ва ўкраінскай вертыкалі выглядае сапраўды фенаменальнай. Асабліва, калі ўзгадаць, што адзін з самых папулярных лозунгаў падчас Еўрамайдану гучаў: «Памятай, чужынец, — тут гаспадар украінец!»

Тым не менш прыход ва ўладу грузінаў быў сустрэты ўкраінскім грамадствам на ўра. Па-першае, майданаўскія СМІ зрабілі моцны піяр грузінскім рэформам. Па-другое, грузіны не былі звязаныя з мясцовымі алігархічнымі кланамі, якія, зразумела, не зацікаўленыя ў антыкарупцыйных рэформах, сацыяльных ліфтах, празрыстасці фінансавых схемаў і г.д. Нарэшце, усе грузінскія гастарбайтары былі пагалоўна людзьмі Саакашвілі, якога на радзіме чакае некалькі позываў у суд. Таму для Мішы ўкраінская эпапея стала магчымасцю аднавіць свой аўтарытэт.

«Прыцягваючы правераныя кадры, якія рэалізоўвалі рэформы ў Грузіі, а таксама збіраючы рэшткі ўкраінскай эліты, якія па розных прычынах не ўпісалася ў сістэму, Саакашвілі закладвае трывалы падмурак для далейшага стварэння сучаснай еўрапейскай палітычнай сілы, якая і будзе вызначаць вектар развіцця краіны ў бліжэйшыя гады», — пісала па слядах прызначэння Саакашвілі на пасаду губернатара выданне «Хвиля».

Але пакуль паўтору «грузінскага цуду» не атрымаўся. Гэта прызнае сам экс-прэзідэнт Грузіі: «Пры мне за два гады ў Грузіі ўзровень ценявой эканомікі скараціўся з 60 да 5%, а ва ўкраінскай вырас з 32 да 48%. Пры мне Грузія паднялася ў рэйтынгу сусветнай банка па прастаце вядзення бізнесу на 8 -е месца, а Украіна пакуль толькі на 72-м. Пры мне рэйтынг успрымання карупцыі сярод суб’ектаў бізнесу скараціўся з 80 да 2%, а ва Украіне ў апошні час павялічыўся да 80%. Украіна, да майго вялікага шкадавання, апусцілася да ўзроўню горшых афрыканскіх паказчыкаў», — распавёў Міша пару тыдняў таму.

У прынцыпе, з улікам шэрагу фактараў, фіяска грузінскага дэсанту прагназавалася некаторымі палітолагамі з самага пачатку. Украіна, як вядома, — не Расія, аднак яна таксама і не Грузія. Тут іншы маштаб краіны, іншая палітычная культура, менталітэт, які мае свае рэгіянальныя варыяцыі. Плюс грузінскім легіянерам патрэбна валодаць мовай, каб не адбывалася проста анекдатычных казусаў. Так, на адным з пасяджэнняў Кабінета міністраў прэм’ер-міністру Арсенію Яцанюку давялося мабілізаваць усе свае моўныя здольнасці. Першую частку пасяджэння ён правёў на ўкраінскай мове. Пасля перайшоў на англійскую, паколькі сярод міністраў прысутнічаў грузін Аляксандр Квіташвілі, які па-ўкраінску не разумеў. Але тут яго не зразумелі ўжо ўкраінскія міністры, і Арсенію давялося пераходзіць на рускую.

Нарэшце, зламаць алігархічную структуру ўкраінскага соцыуму новаму рэжыму цалкам не ўдалося. Грузінскі экспедыцыйны корпус, што абавязаны пасадамі прэзідэнту-алігарху Парашэнку, паступова ангажаваўся ў міжалігархічныя войны і, як следства, стаў закладнікам рэйтынгу Кандытара (мянушка Парашэнкі). Падзенне даверу да Парашэнкі адбілася і на грузінскіх палітыках.

З грузінаў зараз ва Украіне не смяецца толькі лянівы. Напрыклад, словы дырэктара МУС Арсенія Авакава пра тое, што марудны ход рэформы МУС «выкліканы неабходнасцю падрыхтоўкі вялікай колькасці кваліфікаваных кадраў» быў пракаментаваны адным з дэмакратычных СМІ наступным чынам: «У Авакава закончыліся грузіны».

Намагаецца выкарыстоўваць антыпатыю да грузін-міністраў і прарасійская апазіцыя. Так, Васіль Волга, адзін з лідараў антымайданаўскай эміграцыі, піша: «Складваецца адчуванне, што ва Украіне рэалізуецца нейкі сакрэтны план пад назвай «ШВІЛІ». Нас, украінцаў, усё далей адсоўваюць ад нашай жа дзяржавы. Няўжо Парашэнка настолькі баіцца ўкраінскага народа, што вырашыў адгарадзіцца ад яго народам грузінскім?»

«Не думаю, што нас чакае выбух масавых антыгрузінскіх настрояў. У побыце, напрыклад, у Кіеве, ніякіх агрэсіўных выпадаў на адрас грузінаў я не чуў. Хутчэй за ўсё, гаворка пра канкрэтных міністраў, якіх успрымаюць як частку каманды Парашэнкі — Яцэнюка. Часта ўрад так і называюць — «грузіны». Аднак галоўная прычына расчаравання грузінскімі рэфарматарамі, думаецца, выкліканая не іх учынкамі, а навязанай СМІ ўстаноўкай на хуткую аддачу ад прыходу Саакашвілі і яго каманды. Грамадству ўвесь час прапануюць нейкія лёгкія, звязаныя з канкрэтнымі персонамі, магічныя формулы вырашэння глабальных праблемаў. На жаль, у людзей дасюль не выпрацаваўся імунітэт адносна такіх медыя-кампаній», — каментуе сітуацыю кіеўскі палітолаг Юрый Палянін.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-24 16:22:26
Што сказаў бы Уладзімір Караткевіч адносна працы грузінаў ва ўкраінскім урадзе? Гэтага мы не даведаемся, але можам даведацца, як Гервасій Выліваха (не грузін!) гуляў у шахматы супраць Смерці...
Вазьмі ўдзел у конкурсе да 85-годдзя пісьменніка: brestchess.ucoz.ru/index/novosti/0-18 (запіс ад 19.11).

Каментаваць