Ці трэба іспанцам Бурбон?

Хуан Карлас Альфонса Антоніа Віктор Марыя дэ Бурбон адмовіўся ад трону на карысць свайго сына Феліпэ. Але аналітыкі не ўпэўненыя, што ў Іспаніі захаваецца канстытуцыйная манархія. Кароль праславіўся двума гістарычнымі выступамі.



Першы меў месца ў лютым 1981 года, калі рэакцыйная частка арміі паспрабавала арганізаваць дзяржаўны пераварот. Вайскоўцы захапілі будынак парламенту з надзеяй, што манарх падтрымае намер вярнуць франкісцкія парадкі. Аднак Хуан Карлас не паддаўся спакусе. У сваім тэлевізійным выступе ён пацвердзіў дэмакратычны выбар Іспаніі.

Тая прамова зрабіла яго кумірам дэмакратычнай грамадскасці. У гісторыі застаўся незвычайны выпадак, калі Санцьяга Карыла (Santiago Carrillo), тагачасны лідар толькі што легалізаваных камуністаў, якія бачылі ў манархіі арганічнага спадчынніка дыктатуры Франко, у лісце на адрас караля напісаў: "вялікі дзякуй". Што ўжо казаць пра просты люд, які святкаваў перамогу дэмакратыі на вуліцах. Пасля гэтай гісторыі Хуан Карлас адабраў у каралевы Елізаветы на доўгі час тытул самага папулярнага манарха ў Еўропе.

Як жа рэакцыя людзей на выступ Хуана Карласа ад 2 чэрвеня гэтага года адрозніваецца ад той, узору 1981 года. Людзі таксама, як і 33 гады таму, выбеглі на вуліцу. Аднак на гэты раз імі рушыла не пачуццё ўдзячнасці каралю, а, наадварот, жаданне дамагчыся скасавання ў Іспаніі манархічнага ладу.

«Раніцай Іспанія стане рэспублікай!» — скандаваў натоўп практычна ў кожным вялікім горадзе Іспаніі. Літаральна за лічаныя гадзіны петыцыя з патрабаваннем скасаваць манархію сабрала ў інтэрнэце каля 70 тысяч подпісаў.

Паміж гэтымі двума тэлевыступамі ляжыць эпоха трансфармацыі вобраза Хуана Карласа ў вачах нацыі. На нейкім этапе створаны на пачатку 1980-х гадоў вобраз караля — прыхільніка дэмакратыі і пераменаў — паступова знік. На яго месцы з’явіўся новы. З нейкага часу імя караля стала выклікаць асацыяцыі з рознымі карупцыйнымі аферамі ў каралеўскай сям’і.

Не прабачылі людзі каралю і сафары ў 2012 годзе ў Батсване, дзе кароль паляваў на сланоў. Паляванне каштавала бюджэту каля 600 тысяч еўра. І гэта ў час, калі ў Іспаніі ўжо напоўніцу лютаваў крызіс. Змешчаны ў інтэрнэце фотарэпартаж з Афрыкі выклікаў калектыўнае пачуццё агіды. У дадатак да ўсяго Хуан Карлас з’яўляўся адным з ганаровых старшыняў фонду аховы дзікіх жывёл. У дадатак выявілася, што ў той ваяж кароль адправіўся не з каралевай, а з адной нямецкай арыстакраткай.

Не паспелі неяк забыцца пра той скандал, як выбухнуў новы. Стала вядома, што муж прынцэсы Крысціны замешаны ў выкраданні публічных грошаў (сума вымяраецца мільёнамі еўра). У выніку зяцю прад’явілі абвінавачанне, а ў лютым гэтага года ў пракуратуру выклікалі і саму Крысціну.

У прынцыпе, эрозія папулярнасці манархіі ў наш час дастаткова лагічная. Па ходу таго, як палацавы этыкет стаў не такі жорсткі, чальцы каралеўская сям’і расслабіліся. Стала відавочна, што гэта простыя людзі са сваімі забабонамі, якіх падтрымлівае далёка не ўся нацыя. Напрыклад, рашэнне інфанты Елены ў 2009 годзе скасаваць шлюб вітала прагрэсіўная фракцыя іспанскага соцыуму. Для кансерватараў жа гэта быў замах на традыцыю і рэлігію. У выніку стаўленне да манархіі паступова стала больш пярэстым.

Тым не менш, хаця апошнім часам кароль і не біў рэкорды папулярнасці (зараз яго падтрымка — прыкладна 41 працэнт), яго сыход дастаткова нечаканы. І раней некалькі разоў яго рэйтынг вельмі моцна падаў, аднак ён мужна пераносіў капрызы сваіх вернападданых. Адна з яго сваячак неяк паведаміла журналістам, што кароль прыняў прынцыповае рашэнне «памерці ў ложку ў статусе караля». На думку шмат каго, рашэнне пра адстаўку можа быць абумоўлена здароўем былога караля. Апошні выхад Хуана Карласа на публіку ў студзені гэтага года засведчыў, што яму было відавочна цяжка прачытаць тэкст.

Цяпер, паводле дынастычнага закону, на трон мае права сесці сын Хуана Карласа Феліпэ (46 гадоў) пад тытулам Феліпэ VI, якога сам манарх у сваім тэлевыступе назваў «інкарнацыяй стабільнасці». Феліпэ з самага дзяцінства рыхтавалі да гэтай місіі. Ён, як і належыць каралю, мае вайсковую адукацыю. Цікава, што яго жонка, будучая каралева, Леціцыя ў маладосці тусавалася з рэспубліканцамі.

Аднак каранацыя пакуль усё ж пад пытаннем. У іспанскім грамадстве папулярная ідэя правядзення рэферэндуму аб мэтазгоднасці захавання манархіі. Маторчыкам руху за плебісцыт з’яўляюцца партыя, якія знаходзяцца на левым флангу за сацыялістамі — былая кампартыя, Зялёныя, кааліцыя "Podemos". На апошніх трэба спыніцца асобна. Гэта дастаткова ўнікальны праект, паколькі ён узнік літаральна напярэдадні выбараў у еўрапарламент і змог сабраць каля 10 працэнтаў, што дазволіла "Podemos" атрымаць 6 мандатаў.

Асобна трэба сказаць пра антыманархісцкія пратэсты ў Краіне Баскаў і ў Каталоніі, дзе яны мелі нацыяналістычны прысмак. Тутэйшыя нацыяналісты спадзяюцца, што канстытуцыйная рэформа, непазбежная ў выпадку скасавання манархіі, дазволіць папоўніць тэкст Асноўнага закону пунктам, які дае права малым народам на самавызначэнне.

З іншага боку, не трэба штучна гіпербалізаваць іспанскі рэспубліканскі рух. Сапраўды, маніфестацыі за рэспубліку ўвечары 2 чэрвеня мелі месца больш чым у ста гарадах краіны. Нават у замежжы іспанскія грамадзяне пікетавалі пасольствы. Аднак самая вялікая з іх на цэнтральнай мадрыдскай плошчы, сабрала не больш за 20 тысяч чалавек. Вядучыя партыі — кансерватыўная Народная партыя і левацэнтрысты з іспанскай "Рабочай аб’яднанай партыі" (PSOE) ужо заявілі, што застануцца вернымі канстытуцыі 1978 года. Яны прагаласавалі за закон, які дазваляе Феліпэ ў бліжэйшы час узыйці на трон.

Феліпэ больш папулярны за свайго бацьку — яго рэйтынг папулярнасці каля 66 працэнтаў. Асобую ролю ў шарме Феліпэ і манархіі належыць прынцэсе Леціцыі. Яна — былая журналістка, вельмі папулярная сярод сярэдняга класу.

Аднак прыняты закон пра караля Феліпэ не значыць, што сітуацыя будзе развівацца менавіта па такім сцэнары. Шмат што будзе залежаць ад маштабаў мабілізацыі, якую рэспубліканцы абвясцілі на гэтыя выходныя. Калі яны змогуць правесці шырокія акцыі, то не выключана, што ў лагер «якабінцаў» пяройдуць прафсаюзы і частка PSOE. Тым больш, што PSOE у сувязі з патрабаваннем Каталоніі аб незалежнасці даўно кажа пра неабходнасць канстытуцыйнай рэформы. Реферэндум «за» або «супраць» манархіі, на думку шмат каго, мог бы стаць часткай гэтай рэформы.

Ёсць яшчэ адзін плюс на карысць версіі аб узаемазалежнасці каранацыі з рэферэндумам. Каранацыя — справа вельмі дарагая, і відавочна, што браць грошы з бюджэту ў час крызісу стане моцным ударам па інстытуту манархіі. З іншага боку, не праводзіць багатую каранацыю таксама несур’ёзна. Выхадам можа быць плебісцыт, калі народ сам дабраславіць Феліпэ быць каралём, а значыць, рабіць усё, што заўгодна. 

Каментаваць