Ці з’явіцца польскі Брэйвік?

Некаторыя польскія палітолагі лічаць, што маштабныя сутычкі правых радыкалаў і паліцыяй падчас «Маршу Незалежнасці» 11 лістапада здольныя змяніць польскі палітычны ландшафт.

 



Сам тэрмін «Марш Незалежнасці» з’явіўся ў палітычным лексіконе прыблізна 2 гады таму. Актыў правых арганізацый «Нацыянальны польскі супраціў» (ONR) і «Усяпольская моладзь» («Młodzież Wszechpolska») вырашылі імпартаваць вопыт расійскіх калег, якія ладзяць на свята Дзень народнага адзінства «Рускія маршы». Першыя такія маршы на 11 лістапада шырокая публіка практычна не заўважыла.

Левыя вырашылі на зло правым у той жа самы дзень і на тым жа самым месцы (плошча Канстытуцыі) правесці «Марш за каляровую незалежнасць». Як і трэба было чакаць, у выніку ўсё вылілася ва ўзаемны мардабой, да якога падключылася паліцыя. Пасля леташняй бойкі, дзе засвяціўся дэсант нямецкіх антыфа, улады вырашылі супакоіць эмоцыі. У Бельведэры (рэзідэнцыя польскага прэзідэнта) было заяўлена пра намер правесці «Марш Незалежнасці» ў фармаце, які здольны прымірыць усіх.

11 лістапада 2012 года афіцыйны «Марш Незалежнасці», які называўся «Разам для Незалежнай» («Razem dla Niepodległej»), сапраўды адбыўся. Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі выступіў з прамовай, лейтматывам якой была ідэя грамадскага кампрамісу. Па яго словах, сучаснікам трэба браць прыклад з Юзэфа Пілсудскага і Рамана Дмоўскага, якія былі заўзятымі апанентамі, аднак гэта не перашкаджала ім разам пабудаваць незалежную Польшчу.

Аднак значна больш маштабным быў контрмарш, арганізаваны правай апазіцыяй, якая пагадзілася на ўдзел у ім правых радыкалаў. 50-тысячная дэманстрацыя закончылася сутычкамі ўльтраправых з паліцыяй. Дзякуючы СМІ менавіта правыя радыкалы сталі героямі 11 лістапада, ператварыўшыся ў заўважных палітычных актораў.

Ужо абвешчана пра стварэнне новай партыі — «Нацыянальны рух». «Адзіны адказ для існуючых урадаў і скампраментаваных палітычных эліт, якія руйнуюць нашу айчыну, будзе ініцыятыва нацыяналістычная», — гаворыцца ў адным з матэрыялаў аўтараў «Нацыянальнага руху». Планы ў нацыяналістычных лідараў напалеонаўскія. Так, лідар групоўкі «Młodzież Wszechpolska» Роберт Вініцкі разлічвае на бліжэйшых выбарах набраць аж 30 працэнтаў галасоў і ў хуткім часе нават скасаваць у Польшчы рэспубліканскі лад.

Але гэта, натуральна, фантазіі. Як лічыць адзін з выдаўцоў вядучага польскага антыфашысцкага часопіса «Nigdy Wienсej», Рафал Панькоўскі, правыя могуць рэальна марыць выключна пра «венгерскі сцэнар» для Польшчы. У Венгрыі паралельна кансерватыўнай партыі «Fidesh» існуе больш радыкальная «Jobbik», якая прадстаўлена ў парламенце і ў мясцовых органах улады. Вядома, што не так даўно актыў групоўкі «Młodzież Wszechpolska» праходзіў спартыўныя курсы на базе «Magyar Garda» (ахоўных атрадаў партыі «Jobbik»).

Між тым, жоўтая прэса адразу пачала па-свойму інтэрпрэтаваць ваяўнічыя заявы ўльтра, сцвярджаючы, што вось-вось у іх асяродку з’явіцца тутэйшы Брэйвік. Безумоўна, пры гэтым узгадваюць старонкі гісторыі. У 1920-я гады створаны Дмоўскім рух нацыяналістаў быў адным з галоўных фактараў палітычнай дэстабілізацыі. На рахунку нацыяналістаў некалькі замахаў на высокіх урадаўцаў, уключаючы забойства прэзідэнта Габрыэля Нарутовіча.

Пакуль, праўда, у сучаснай Польшчы цяжка ўявіць рымейк 1920-х або венгерскі сцэнар. Відавочна, што на акцыю 11 лістапада прыйшлі галоўным чынам дзякуючы папулярным кансерватыўным медыя, якія зрабілі мерапрыемству рэкламу. Большасць з маніфестантаў, калі меркаваць па лозунгах, былі вельмі далёкія ад праварадыкальных і антысеміцкіх забабонаў. Галоўным чынам удзельнікі маршу кляймілі камуністаў (гэта прытым, што людзей, якія называюць сябе «камуністамі», за Бугам практычна няма).

І што могуць прапанаваць правыя, акрамя пустых словаў? У нацыяналістаў няма канструктыўнага адказу на вельмі актуальныя праблемы эканомікі. Тое, што прапануе сучасная ўльтраправая эканамічная тэорыя, нагадвае маналогі Шарыкава. «Сапраўдная альтэрнатыва — гэта справядлівы перадзел», — піша сайт ONR.

Нарэшце, у сучаснай гісторыі Польшчы былі ўжо эпізоды, калі фармацыі ідэйна больш правыя за кансерватараў не толькі прарывалі медыйную ізаляцыю, аднак нават траплялі ў парламент і, больш за тое, у склад выканаўчай улады. Дастаткова ўзгадаць «Лігу польскіх сямей», лідар якой Раман Гертых, дзякуючы ўваходу Лігі ў кааліцыю з кансерватарамі, нават узначальваў Нацыянальнае тэлебачанне. Аднак у фінале Ліга развалілася па шэрагу прычын. Такім чынам, хвалявацца быццам няма падстаў.

Супакойваюць грамадства і спецслужбы. Шэф Бюро нацыянальнай бяспекі (BBN) кажа, што ўся праварадыкальная субкультура знаходзіцца пад кантролем яго агентаў і з’яўленне ў Польшчы свайго Брэйвіка — гэта нонсенс.

Аднак не ўсе так аптымістычна глядзяць на сітуацыю. Паводле песімістаў, трэба ўлічваць, што «Ліга польскіх сямей» існавала ў дакрызісныя часы, калі маргіналізацыя грамадзян і, адпаведна, сацыяльны запыт на радыкальную палітычную сілу не былі такімі моцнымі. У тым, што база падтрымкі правых за апошнія пару гадоў значна пашырылася, можна пераканацца, пераглядзеўшы рэпартаж пра беспарадкі. Хаця касцяк па-ранейшаму складаюць фанаты, у натоўпе хуліганаў былі і звычайныя людзі. Не цураліся супрацоўнічаць з ультраправымі і кансерватары — арганізатары маршу, якіх цяжка лічыць радыкаламі, напрыклад, некаторыя секцыі прафсаюзу «Салідарнасць». Іншымі словамі, імунітэт грамадства да радыкальнай правай ідэалогіі стаў больш слабы.

На думку левых, актыўнасць на правым фланзе — наступства культу ў цяперашняй Польшчы міфа Другой Рэчы паспалітай (II RP), у аснове якога гераічны этас эліты. Быццам, ідэя элітарнасці і стварае моду на фашызм. Цікава, што левыя прапануюць перанесці святкаванне Дня незалежнасці на 7 лістапада — у гэты дзень у 1918 годзе быў сфармаваны першы польскі ўрад з сацыялістам Ігнаціем Дашчынскім на чале, чыя опцыя польскай незалежнай дзяржавы — сацыялізм, талерантнасць, дэмакратыя, на думку левых, павінна быць рэабілітаваная.

Аднак большасць палітолагаў лічаць, што II RP тут не пры чым. Уздым нацыяналістаў немагчымы без клімату, які стварае кансерватыўная партыя «Права і Справядлівасць» (PiS) сваёй агрэсіўнай фразеалогіяй. «Калі Яраслаў Качыньскі кажа «а», сцвярджаючы, што прэзідэнт і кіраўніцтва Польшчы былі забітыя пад Смаленскам, то нацыяналісты кажуць «б», патрабуючы ліквідацыі рэспублікі», — адзначае кансерватар Міхал Каміньскі. У сваю чаргу, кіраўніцтва PiS лічыць, што нацыяналісты — тэхналагічны прадукт Дональда Туска, які хоча раскалоць электарат PiS.

Якімі б гарачымі ні былі палітычныя перапалкі, відавочна, што польская грамадства прызнала наяўнасць праблемы правых радыкалаў і пачало думаць, як яе вырашаць.

Каментаваць