Цяжкія часы Аліева

Азербайджан перажывае ці не самы глыбокі крызіс за ўсе гады праўлення Ільхама Аліева. Расце колькасць пратэстных акцый у адной з самых паліцэйскіх дзяржаў СНД. Бакінскі эколаг і эканаміст Намік Мамедаў дапамагае разабрацца ў сітуацыі. 



Фота ravilasadov.wordpress.com


— Наколькі моцна адбіўся нафтавы крызіс на эканоміцы Азербайджану і на становішчы людзей?

— Спатрэбілася некалькі месяцаў, каб імклівы абвал коштаў на сыравіну пахаваў міф пра азербайджанскі эканамічны цуд і развеяў папулярныя тут арабскія міражы. Дастаткова сказаць, што з-за фінансавых праблем пад пагрозай правядзенне ў чэрвені ў Баку этапу «Формулы–1». Яшчэ ўчора раллі разглядалася як ледзь не галоўны доказ высокага аўтарытэту краіны ў свеце. Прыкладна з восені інфляцыя набыла галапуючы характар (манат упаў на 50 працэнтаў), што выклікала падзенне прыбыткаў насельніцтва і рост беспрацоўя. Адначасова ўзняліся кошты на асноўныя прадукты, прычым на некаторыя — на парадак за лічаныя дні. Паўстала праблема выплаты па крэдытах, якія паспелі нахапаць у лепшыя гады. Вось, напэўна, асноўныя прычыны масавых хваляванняў, якія гэтай зімой ахапілі правінцыю. На працягу студзеня выступы адбыліся прыкладна ў 10–12 населеных пунктах, спарадычна там-сям перарастаючы ў сутыкненні з паліцыяй.

— Ці гучаць на правінцыйных пратэстах палітычныя лозунгі?

— Практычна ўсе пратэсты маюць стыхійны характар, а іх патрабаванні не выходзяць за рамкі лозунгаў: даць працоўныя месцы або спыніць рост коштаў. Часта крытыкуюць мясцовых чыноўнікаў. У некаторых месцах бунт быў выкліканы дэфіцытам у крамах спіртных напояў і тытунёвых вырабаў, па прычыне іх продажу з 1 студзеня 2016 года па пластыкавых картках (пасля гэтую пастанову аператыўна скасавалі). Пакуль што толькі падчас адной акцыі можна было пачуць лозунгі за адстаўку ўраду і прэзідэнта.

Ці спрабуюць апаненты рэжыму Аліева неяк узначаліць цяперашнюю пратэстную хвалю?

— Кажучы спартовымі тэрмінамі, апазіцыя выйшла на момант пачатку пратэстаў яўна не ў аптымальнай форме. У тым ліку таму, што аказалася эфектыўнай тактыка ўлады. Яна даўно намагаецца прыкарміць пэўную частку апазіцыі, абяцаючы яе сябрам у перспектыве парламенцкія мандаты. У выніку лагер дэмакратаў за апошнія гады страціў адзінства. Некаторыя, мроячы пра тыя мандаты, кінуліся імітаваць канструктыўных, так званых «незалежных», палітыкаў. Другія сканцэнтравалася на крытыцы апартуністаў. Нарэшце, самыя радыкальныя аказалася ў турмах або ў эміграцыі. Яшчэ адзін палітычны накірунак — ісламісты — проста загнаныя ў падполле. Як вынік — нават уплывовых інфармацыйных рэсурсаў, каб уздзейнічаць на патрабаванні пратэстоўцаў, у апазіцыі цяпер не аказалася. Праўда, апазіцыянераў усё роўна на ўсялякі выпадак выклікалі куды трэба і папярэдзілі пра магчымую суровую адказнасць.

— Адным з цэнтраў пратэсту стаў  горад Ленкарань — сталіца кампактнага пражывання іранскага этнасу талышоў. Ці сапраўды меў гэты пратэст сепаратысцкі прысмак, як пішуць СМІ?

— Хутчэй за ўсё, гэта спекуляцыі або пажаданні талышскай эміграцыі. Талышскі палітычны нацыяналізм, хаця і мае традыцыю (у 1993 годзе нават два месяцы існавала аўтаномная рэспубліка), знаходзіцца ў такім жа каматозным стане, як і іншыя апазіцыйныя сілы Азербайджану. Акцыя ў Ленкарані прайшла паводле гэткай жа схемы, што і ў іншых гарадах. Некалькі сотняў пратэстоўцаў пад сацыяльнымі лозунгамі перакрылі трасу на Баку. Пасля прыехалі паліцыя і прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады. Хаця паведамляецца пра шэраг затрыманых, у выніку, пасля размовы з чыноўнікамі ўсе пайшлі дахаты.

— Якая рэакцыя ўлады на сітуацыю?

— Безумоўна, улада баіцца палітызацыі выступаў. Нездарма крайнімі за пратэсты дзяржаўныя СМІ зрабілі не пратэстоўцаў, а так званых «спекулянтаў». Іх абяцаюць бязлітасна судзіць. Стаўка робіцца на раздачу пернікаў і дырэктыўнае кіраванне сітуацыяй. Улады намагаюцца неяк стабілізаваць курс маната, хаця афіцыйна Цэнтрабанк паслаў яго «ў вольнае плаванне». Узнятыя пенсіі і заробкі бюджэтнікам. Узмоцнены кантроль над коштамі на прадукты айчыннай вытворчасці. У ахвяру прынесеная частка мясцовай эліты. Тыя супрацоўнікі адміністрацый, якія пабаяліся выйсці і паразмаўляць з бунтуючым натоўпам, будуць пазбаўленыя пасадаў.

Актыўна працуе прапаганда, якая падводзіць абывацеля да дылемы: або Аліеў, або хаос лівійскай ці ўкраінскай мадэлі. У прынцыпе, градус пратэстаў трошкі знізіўся, аднак любая памылка ўраду можа зноў на­электрызаваць сітуацыю. Большасць палітолагаў лічыць, што якасна сітуацыя можа змяніцца ў выпадку, калі пратэстны вірус прарвецца ў сталіцу.

Што да схемаў выжывання мясцовай эканомікі, то афіцыёз заклікае перачакаць неспрыяльны сезон. Ёсць думка, што вельмі хутка на рынку сыравіны пачнецца рост. Пакуль там усё сумна, можна нарасціць экспарт нашых памідораў у Кітай або ў Індыю. Аднак усё гэта гучыць не вельмі аптымістычна і трошкі абстрактна. З іншага боку, нейкая актыўная дыскусія пра мадэль, альтэрнатыўную цяперашняй, сапраўды пачалася, што, дарэчы, доўгі час было адным з патрабаванняў дэмапазіцыі.

Каментаваць