«Чумавыя» нацысты

Эпідэмія ліхаманкі Эбала правакуе ў Еўропе новую хвалю ксенафобіі, чым ужо намагаюцца скарыстацца ўльтраправыя партыі. У тым ліку Жан-Мары Ле Пэн, некрафільская рэмарка якога выклікала шок.



Першым сярод ультраправых палітыкаў, які пачаў выкарыстоўваць тэму новай сусветнай чумы, быў патрыярх французскага правага радыкалізму, заснавальнік партыі «Нацыянальны фронт» Жан-Мары Ле Пэн. Яшчэ тры месяцы таму падчас кампаніі на мясцовых выбарах на нейкім мітынгу ён падзяліўся з натоўпам навіной — Афрыку атакуе новы невядомы медыкам смяротны вірус. У фінале прамовы трыбун выказаў надзею, што «спадар Эбала можа ўсяго за тры месяцы цалкам вырашыць праблему нелегальнай міграцыі з Афрыкі ў Еўропу». Некрафільская рэмарка выклікала шок у грамадстве. Шматлікія палітыкі, вядомыя грамадскія персоны, і нават частка актыву «Нацыянальнага фронту» асудзілі выхадку Жана-Мары.

Нягледзячы на рэзанансны скандал з Ле Пэнам, тэма ліхаманкі Эбала не знікла з лексікону еўрапейскіх правых. Апошнім часам эксплуатацыя тэмы бактэрыялагічнай пагрозы, якая ідзе з Чорнага кантынента, стала адной з галоўных «фішак» правага агітпропу.

Перш за ўсё, рост эпідэміі ў Заходняй Афрыцы разглядаецца як алібі для патрабаванняў зрабіць больш жорсткай эміграцыйную палітыку і перагледзець удзел краінаў у міжнародных праектах. З падобнымі заявамі выступілі фламандская партыя «Vlaams Belang» і венгерская «Jobbik». Абедзве партыі, акрамя новага закона пра іміграцыю, прапануюць цалкам прыпыніць кантакты з краінамі — ахвярамі ліхаманкі Эбала. У якасці лагічнага працягу прапануецца будаваць максімальна ізаляванае ад глабальнага свету грамадства, што, натуральна, патрабуе выхаду з Шэнгену і Еўрасаюза.

У ЗША тэма ліхаманкі Эбала актыўна прывязваецца да праблемы нелегальнай міграцыі з Лацінскай Амерыкі. Напачатку верасня кансерватыўны рэсурс «Drudge Report» запусціў шакуючую плётку. Са спасылкай на ананімныя крыніцы ў эміграцыйных службах, сцвярджалася, што памежнікі затрымалі ўжо 73 мексіканскіх нелегала, хворых на ліхаманку Эбала. Колькасць хворых, якім удалося прарвацца ўглыб Злучаных Штатаў, увогуле, калі верыць выданню, вымяраецца дзясяткамі. Адказнасць за катастрофу, натуральна, перакладалася на адміністрацыю Абамы. Безумоўна, істэрыка была разлічаная на вельмі неадукаваную публіку, паколькі ў самой Мексіцы дасюль не зарэгістравана ніводнага выпадку гэтай хваробы.

Нямецкія ж нацыянал-дэмакраты ўвогуле вынеслі тэму ліхаманкі Эбала ў топ сваёй праграмы на зямельных выбарах. У прыватнасці, у выпадку прыходу да ўлады нацдэмы абяцалі падрыхтаваць федэральны праект закона аб абароне нямецкіх грамадзян ад вірусу з Афрыкі. Абавязковай складовай гэтага закону, на думку нацдэмаў, павінна стаць рашучая барацьба з афрыканскімі мігрантамі.

Схема фільтру супраць афрыканскіх мікробаў, на думку ўльтраправых, павінна ўключаць спецыяльныя лагеры, дзе ўсе мігранты з Афрыкі павінны праходзіць каранцін 3–4 месяцы. Знаходжанне ў каранціне афрыканцаў, па іх словах, таксама неабходна, каб навучыць іх сістэматычна карыстацца гігіенічнымі сродкамі. На думку нямецкіх неанацыстаў, у Афрыцы дасюль слаба ведаюць, што такое мыла або шампунь.

Увогуле, забабоны пра тое, што вірус неяк звязаны са слабым узроўнем развіцця цывілізацыі ў Афрыцы, вельмі папулярны ў праварадыкальных выданнях. За кошт аповедаў пра неадукаваных дзікуноў, якія не чысцяць зубы і не прымаюць душ, папулярызуецца расісцкая тэорыя аб культурнай перавазе белай расы. Некаторыя неанацысты ўвогуле намагаюцца называць ліхаманку Эбала не інакш як «негрыцянская хвароба».

Тэма смяротнай эпідэміі не абышлася і без пошукаў «яўрэйскай змовы». На гэтай глебе больш за ўсіх працуюць неанацысты Швецыі. Як пішуць аўтары публікацый на шведскіх праварадыкальных сайтах, ліхаманка Эбала — прадукт распрацоўкі ізраільскіх вучоных, каб знішчыць усіх, хто не належыць да катэгорыі семітаў. Мадэрнізаваную версію гэтага міфу прапануе арганізацыя «Nordfront». Там таксама пабачылі ў выбуху эпідэміі канспіралагічныя інтрыгі жыда-масонаў. З той розніцай, што ўсе яны, быццам, працуюць у межах нейкай фармакалагічнай кампаніі, якая ставіць вопыты на людзях. Парадокс у тым, што якраз ізраільскія вучоныя на цяперашні дзень найбольш далёка прасунуліся ў распрацоўцы вакцыны супраць ліхаманкі Эбала.

Яшчэ адзін забаўны выверт правай прапаганды — катэгарычная адмова існавання вірусу. На рэсурсе «Altermedia» пішуць, што ніякай смяротнай эпідэміі ў Афрыцы не існуе. Быццам, мы маем справу з медыйнай плёткай, якую фінансуюць фармацэўтычныя кампаніі з мэтай атрымаць шалёныя дывідэнды на масавай паранойі, што бліжэйшым часам ахопіць увесь Захад.

Такая рыторыка ў тым ліку служыць для таго, каб падштурхнуць аўдыторыю да крытычнага стаўлення да іншых звыклых тэмаў — напрыклад, Халакосту або адказнасці Гітлера за развязванне Другой сусветнай вайны. Маўляў, прадажная прэса хлусіць нам па ўсіх франтах.

Наколькі прадуктыўнай можа быць незвычайная стаўка правых радыкалаў на тэму ліхаманкі Эбала? Для адказу на гэтае пытанне трэба ўзгадаць сярэдзіну 1980-х гадоў, калі Захад пазнаёміўся з вірусам СНІДу. Правыя радыкалы ў той час таксама актыўна выраблялі свае міфы наконт паходжання хваробы і формулы яе распаўсюджання. Прапаноўвалася разглядаць СНІД як нейкую «хваробу геяў», якіх неанацысты традыцыйна не любяць за тое, што іх субкультура «падрывае асновы сям’і і маралі». Гэтыя забабоны сапраўды былі падхопленыя кансерватыўнай часткай грамадства, хаця электаральных балаў радыкальным правым гэта не прынесла.

Тым не менш, сёння ліхаманка Эбала патэнцыйна здольная схіліць еўрапейскую дыскусію ў правы бок. Справа ў тым, што ў масавай свядомасці ўсё часцей фіксуюць праявы інстынктыўнай асцярожнасці што да кантактаў з эмігрантамі, прычым не толькі з афрыканскімі. Напрыклад, як піша нямецкая «Süddeutsche Zeitung», у Мюнхене не так даўно ўзнікла незвычайная грамадская ініцыятыва. Яна выступае супраць існавання ў мясцовым аэрапорце інтэрната для бежанцаў, праз які, быццам, у Баварыю можа трапіць ліхаманка Эбала. Пры гэтым арганізатараў пратэстаў і бюргераў, якія іх падтрымліваюць, абсалютна не цікавіць той факт, што ніводны жыхар інтэрнату не паходзіць з Заходняй Афрыкі.

Абмеркаванне:

  • Барталамей
  • 2014-10-07 16:19:59
Усё ж лепш ссоўваньне ў правы бок, чым у левы. На палітычным спэктры зьлева ад цэнтру знаходзіцца зло і глупства.

Каментаваць