Чырвоны Акропаль

Падаецца, што прыход радыкальных сацыялістаў да ўлады ў Грэцыі па выніках выбараў 25 студзеня немінучы. Чым закончыцца новы левы эксперымент для Грэцыі і для Еўропы? У эканоміцы іх патрабаванні даволі сціплыя...



Ёсць, праўда, меркаванне, што ўсё будзе гэтак жа, як у 2012 годзе, калі левыя таксама атрымалі большасць на выбарах. Бо фармальнай перамогі блоку «Syriza» — кааліцыя радыкальных левых — на выбарах недастаткова. Пасля трэба будзе яшчэ сфармаваць урадавую большасць у парламенце, дзе сядзяць 300 дэпутатаў. Аднак скалаціць яе 42-гадоваму Алексісу Цыпрасу (Alexis Tsipras), лідару «Syriza», будзе цяжка, нават з улікам таго, што грэчаская выбарчая сістэма дае партыі, што прыйшла першай на выбарах, 50 дадатковых мандатаў.

Паколькі камуністы (іншая левая партыя ў парламенце), лічаць Алексіса і яго сяброў прайдзісветамі і рэвізіяністамі, шукаць падтрымку яму давядзецца ў іншых. Кампанію «Syriza» можа скласці партыя шоўмена Стаўраса Тэадаракіса. Патэнцыйна «Syriza» гатовая весці перамовы і з Георгіясам Папандрэу — нашчадкам славутай дынастыі грэчаскіх палітыкаў-сацыялістаў. Напрыканцы снежня нечакана для ўсіх Папандрэу пайшоў у адзіночнае плаванне з новым праектам «Рух за дэмакратыю і сацыялізм».

Урад, які сфармаваны з удзелам «To Potami», партыі Папандрэу, відавочна будзе больш умераны ў сваіх патрабаваннях, чым аднапартыйны кабінет «Syriza».

Аднак існуе і іншы сцэнар. Па-першае, Папандрэу і Тэадаракіс могуць не набраць патрэбныя тры працэнты для праходжання ў парламент. Па-другое, у выпадку, калі Цыпрас будзе прынцыповым, і ўрад сфармаваць не атрымаецца, будуць абвешчаныя новыя выбары. У краіне, дзе 38 працэнтаў насельніцтва жыве за мяжой беднасці, а ўсе старыя партыі, пабываўшы пры ўладзе, скампраметавалі сябе, вынік новых выбараў будзе такі: «Syriza» ўмацуе свой папярэдні вынік і зробіць чарговы крок да ўлады.

Адным словам, калі сітуацыя кардынальна не зменіцца, рана ці позна пункты выбарчай праграмы левых стануць павесткай дня для працы ўраду.

Чаго жадае «Syriza»? Як не дзіўна, нічога ўльтрарэвалюцыйнага. Прынамсі, у эканоміцы яе патрабаванні даволі сціплыя — стымуляванне развіцця «зялёных тэхналогій», стварэнне новых 300 тысяч рабочых месцаў, прыпыненне прыватызацыі, зніжэнне падатку на ўласнасць, павелічэнне дзяржаўных інвестыцый, выпуск талонаў на харчаванне для бедных грамадзян. Праграма па сутнасці спісаная ў Франкліна Рузвельта — стымуляцыя ўнутранага попыту, які можа даць імпульс росту вытворчасці. Стартам для пераменаў, на думку кіраўніцтва «Syriza», могуць стаць новыя перамовы з «Тройкай» (Еўракамісія, МВФ і Еўрапейскі банк) і перагляд умоваў выдачы крэдытаў, якія раней, адпаведна ліберальным рэцэптам, даваліся грэкам пад скарачэнне сацыяльных выдаткаў.

Але нават левыя эканамісты асцярожныя ў сваіх прагнозах наконт перспектыў рэалізацыі праграмы «Syriza», паколькі ўсё будзе ўпірацца ў пазіцыю Тройкі…

Цікава, што лідары «Syriza» кажуць, быццам не баяцца шантажу з боку «Тройкі», паколькі ў іх ёсць моцная падтрымка прафсаюзаў ЕС і нават свае людзі ў некаторых урадах краін Еўрасаюзу. Напрыклад, днямі ўрад Італіі намякнуў на падтрымку Грэцыі.

Будзем спадзявацца на дыялог, паколькі канфлікт «Тройкі» і Афінаў робіць будучыні Грэцыі яшчэ больш туманнай. Што рабіць еўракрэдыторам, калі Грэцыя адмовіцца ад еўра і пачне друкаваць свае грошы? Як доўга можа грэчаскі ўрад рабіць плацяжы па актуальных крэдытах перад тым, як адмовіцца ад еўра? Што будзе з грэчаскімі дзяржаўнымі аблігацыямі? Як адрэагуе мясцовая банкаўская сістэма краіны на тое, што фінансавыя ўстановы не будуць здольныя працаваць з Цэнтральным Еўрабанкам? Як новы ўрад паспрабуе выратаваць новыя грошы ад інфляцыі? І якой будзе рэакцыя грамадства на такія эканамічныя метамарфозы? Як доўга грэкі могуць падтрымліваць палітыку жорсткай лініі адносін з «Тройкай»? Гэта толькі частка пытанняў, адказы на якія пакуль ніхто не можа адважыцца даць.

З іншага боку, усе каментатары прызнаюць, што падзеі ў Грэцыі ў любым выпадку будуць мець міжнародную рэакцыю, паколькі сімвалічны капітал перамогі «Syriza» каласальны. Упершыню з часоў развалу СССР у Еўропе з’явіцца сацыялістычны ўрад, які ў дадатак абраны дэмакратычным шляхам. Грэцыя дакладна стане прыкладам для іспанцаў, якіх увесну заклікаюць на мясцовыя выбары. Мясцовы і іспанскі аналаг «Syriza» — кааліцыя «PODEMOS», якая карыстаецца падтрымкай траціны электарату, можа перамагчы на мясцовых выбарах і закласці фундамент для перамогі на нацыянальных выбарах у 2016 годзе. У любым выпадку, інтарэс да Грэцыі будзе і ў рабочых Францыі, дзе на днях пабіты гістарычны рэкорд па колькасці беспрацоўных.

Напрыклад, некаторыя ўкраінскія левыя мяркуюць, што сацыяльная праграма «Syriza» можа стаць асновай для праграмы новага сацыяльнага Майдану, які шмат хто прагназуе на вясну. Для польскіх левых грэчаскі вопыт цікавы перш за ўсё як практыка будаўніцтва новай палітычнай сілы на базе грамадскіх ініцыятыў.

А вось расійскія ўра-патрыёты лічаць, што перамога «Syriza», якая не асудзіла анексію Крыма і крытыкуе палітыку санкцый супраць Расіі, прывядзе да стварэння на Балканах моцнага прамаскоўскага лобі.

Пакуль дакладна можна сказаць толькі тое, што Грэцыю чакаюць дынамічныя перамены ў адміністратыўнай сферы. «Syriza» звязаная з грамадскім сектарам, адкуль будзе набіраць новых чыноўнікаў і будаваць сваю палітыку з апорай на няўрадавыя праекты. Некаторыя аглядальнікі нават мараць, што ў Афінах у часы кадэнцыі «Syriza» могуць паўстаць новыя формы дэмакратыі.

Абмеркаванне:

  • Бамбр
  • 2015-01-22 17:50:29
Варта было б дадаць, што перамогу Syriza вітала французская ультра-нацыяналістка Марын Ле Пэн.

Каментаваць