Чаго чакаць ад Еўра–2016?

Сёння ў Францыі стартуе чэмпіянат Еўропы па футболе, які стане падзеяй не толькі спартовай, але палітычнай. Аднак хутчэй за ўсё ён атрымае месца ў гісторыі ўсё ж дзякуючы ўпартым і непрадказальным гульням.




Чэмпіянат Еўропы–2016 загадзя забраніраваў за сабою месца ў гісторыі. Гэта будзе першы турнір такога ўзроўню, які пройдзе ў краіне, дзе на момант спаборніцтваў дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Яно было ўведзенае ў Францыі пасля серыі тэрактаў у лістападзе 2015 года. З тых часоў тэрарысты быццам бы суцішыліся, але градус напружанасці ў краіне застаецца вельмі высокім.

Прэзідэнт Франсуа Аланд днямі прызнаўся, што пагроза тэрактаў падчас чэмпіянату застаецца, нягледзячы на каласальную колькасць мабілізаваных на ахову парадку — 75 тысяч паліцэйскіх, 12 тысяч супрацоўнікаў у цывільным плюс 13 тысяч агентаў прыватных ахоўных фірм. Лічба вялікая, аднак ці хопіць гэтага, каб выявіць экстрэмістаў сярод 8 мільёнаў тыфозі і 2,5 мільёна тых, хто збіраецца непасрэдна наведаць стадыёны?

Тэрарысты — гэта яшчэ не ўсё. Сінонімам Еўра–2016 стане транспартны калапс. Францыю накрыла хваля забастовак, дэманстрацый і іншых акцый пратэсту супраць рэформы працоўнага кодэксу. Прафсаюзы, натуральна, паспрабуюць выкарыстаць вельмі важны для краіны ў іміджавым плане турнір, каб выгандляваць нейкія саступкі. Прынамсі, пра намер абвясціць страйк адразу пасля пачатку чэмпіянату ўжо заявілі пілоты Air France — самай буйной нацыянальнай авіякампаніі. У дадатак перад стартам чэмпіянату Еўропы на Францыю абрынулася стыхійнае бедства ў выглядзе найбольшай за сто гадоў паводкі. Набярэжныя затопленыя, некаторыя станцыі метро дасюль закрытыя.

Вяртаючыся да надзвычайнага становішча, можна сказаць, што ад яго больш пакутуюць не экстрэмісты, а ўкраінскія фанаты. Напярэдадні турніру сотні заўзятараў адмовілі ў выдачы візы, а яшчэ больш наогул не змаглі падаць дакументы. Французскія дыпламаты кажуць, што валакіта звязана з тымі самым надзвычайным становішчам. Да справы падключыўся нават украінскі прэзідэнт, які звярнуўся да французскага калегі з просьбай паскорыць вырашэнне пытання.

Усё гэта сведчыць, што без палітычнага піяру на Еўра–2016 не абыдзецца. Цікава, што на футболе робяць піяр таксама і праціўнікі Парашэнкі. Мікола Азараў, прэм’ер Украіны ў часы Януковіча, які хаваецца ў Маскве, актыўна нагадвае аўдыторыі пра Еўра–2012, якое, як вядома, прымалі Украіна і Польшча. Азараў сцвярджае, што спартовыя мерапрыемствы такога маштабу Украіна, з-за наступстваў Рэвалюцыі Годнасці, не здольная будзе прымаць яшчэ вельмі доўга. Праўда, не згадваючы, што той чэмпіянат ва Украіне стаў сімвалам карупцыі.

Як не смешна, у суседняй Расіі хапае і тых, хто будзе жадаць расійскай зборнай паразы ў Францыі. Гэта квасныя патрыёты, якім не падабаецца практыка натуралізацыі іншаземцаў, каб яны пасля гулялі за Расію. У цяперашняй зборнай РФ такіх некалькі, прычым адзін з іх — Раман Нойштэдтэр, былы грамадзянін ФРГ украінскага паходжання, які раней неаднаразова прызнаваўся ў любові да Украіны.

Піярыцца будуць і палітыкі па-за межамі СНД. Брытанскія еўрафобы спадзяюцца, што добрыя выступы брытанскіх зборных (у Францыю выправіліся каманды Англіі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі) выклічуць выбух нацыянальнай годнасці, што, у сваю чаргу, адаб’ецца на выніках рэферэндуму пра выхад Вялікабрытаніі са складу ЕС, які прызначаны на 23 чэрвеня.

Палітычны скандал мясцовага французскага разліву можа выклікаць і заява чарнаскурага французскага футбаліста Карыма Бенземы, які патлумачыў сваё неўключэнне ў зборную як змову белых расістаў. Бензема актыўна падбівае іншых футбалістаў з чорнай скурай да акцый пратэсту і нават абяцае пайсці ў суд. Марын Ле Пэн, лідар Нацыянальнага Фронту, парыравала заяву футбаліста тым, што словамі пра расізм той хавае сваю слабасць. Зараз канфлікт набірае абароты.

На фоне такіх палітычных падзей праблема футбольных хуліганаў падаецца нейкай дробяззю. Аднак на самай справе Еўра–2016 можа адзначыцца буйнымі сутычкамі паміж фанатамі. У французскіх СМІ ужо назвалі найбольш небяспечныя для грамадскага парадку матчы. Гэта Англія — Расія (11 чэрвеня), Турцыя — Харватыя (12 чэрвеня), Англія — Нідэрланды (12 чэрвеня), Германія — Польшча (16 чэрвеня) і, нарэшце, Украіна — Польшча (21 чэрвеня). Чакаецца таксама, што фанаты могуць арганізаваць бойку па-за трыбунамі. Быццам бы, фанаты Расіі і Турцыі ўжо прызначылі месца сустрэчы, каб памерацца сіламі. Не дапусціць бойкі павінен спецыяльны штаб, які складаецца з 200 спецыялістаў.

У той жа час Еўра–2016 — першы турнір, які пройдзе па новай схеме. У верасні 2008 года выканкам УЕФА пастанавіў, што на Еўра–2016 упершыню згуляюць 24, а не 16 камандаў. Дзякуючы гэтаму ў спаборніцтвах прымуць удзел шэраг клубаў другога еўрапейскага эшалону. Як следства, гледачоў чакае знаёмства з невядомай футбольнай Еўропай і яе кумірамі. Напрыклад, няма сумневаў, што нам бліжэйшым часам прыйдзецца неаднаразова пачуць пра 40-гадовага венгерскага галкіпера Габара Кірая, які праславіўся сваімі старамоднымі трыко, у якіх ён традыцыйна выходзіць на поле.

Ну і, нарэшце, акрамя палітычных, эканамічных, расавых скандалаў і інтрыг нас чакае і цікавы футбол. Аналітыкі вылучаюць пяць асноўных лідараў Еўра–2016: Францыю, Іспанію, Англію, Германію і Італію. Гэта вельмі шмат для звычайнага турніру. Таму ёсць падставы спадзявацца, што Еўра–2016 аформіць сабе прапіску ў гісторыі ўсё ж дзякуючы ўпартым і непрадказальным гульням.


Каментаваць