Чаму капітулявалі турэцкія дэмакраты?

Не можа не шакаваць тое, што турэцкая дэмакратычная супольнасць сваёй пасіўнасцю фактычна пагадзілася на дэмантаж сістэмы свецкай дэмакратыі і станаўленне ў краіне аўтарытарнай мадэлі.

Фота bel.biz

Фота bel.biz

Калі сёння наведаць які-небудзь турэцкі інфармацыйны сайт, лёгка заўважыць засілле ў загалоўках фразы «Gözaltına alınan» — па-турэцку «ўзяты пад стражу», «арыштаваны». Відавочна ў гэтых артыкулах гутарка пра ахвяраў палітзачысткі, якую праводзіць Рэджэп Тайіп Эрдаган пасля правалу путчу 15 ліпеня.

Колькасць арыштаваных даўно пераваліла за тысячу без уліку звольненых. Толькі ў паліцыі праз падазрэнне ўў падрыхтоцы путчу пад каток репрэсій трапіла восем тысяч супрацоўнікаў. Сярод падазраваных каля 40 працэнтаў турэцкага генералітэту. Дадайце сюды настаўнікаў, прафесараў, журналістаў, якіх у рэжыме канвеера пазбаўляюць працы. Дэ-факта мы сталі сведкамі сапраўднай рэвалюцыі, фіналам якой з’яўляецца новая дзяржаўная мадэль з больш моцным ісламскім і аўтарытарным складнікамі.

Пры гэтым ніводнага (!) рэзананснага акту грамадзянскага супраціву супраць цяперашняга палявання на ведзьмаў, нават у форме сімвалічнага пікету няма. Хіба што ў парламенце ўздымае голас левая пракурдская «Демакратычная партыя народаў». Ціхая капітуляцыя дэмакратычнай супольнасці Турцыі парадаксальная не толькі з улікам таго, што ў краіне бездань так званых «белых» — вестэрнізаваных туркаў. Прычым, як паказалі пратэсты на плошчы Таксім ў 2013 годзе, «белыя» здольныя на калектыўную мабілізацыю. Дзе ж цяпер удзельнікі тых выступаў?

Пасіўнасць турэцкіх дэмакратаў адна з самых вялікіх загадак для заходняй прэсы. У пошуках адказу эксперты перш за ўсё кажуць пра, як модна цяпер казаць, «кагнітыўны дысананс», выкліканы правалам перавароту. Амаль канстантай лічылася тое, што армія — пра гэта сведчаць тры паспяховых путча з 1960 года — заўжды мацней за цывільную адміністрацыю. І раптам нараціў даў збой. Прычым Эрдагану супрацьстаялі не нейкія аматары. Турэцкае войска сярод войскаў NАТО другое па рэзервам пасля амерыканскага.

Матывацыяй «не высоўвацца» для дэмакратаў, напэўна, ёсць і калектыўная памяць пра мінулыя крытычныя старонкі турэцкай гісторыі ХХ стагоддзя. Пасля путчаў у 1971-м і 1980-м у чорныя спісы трапляла па паўтара мільёна чалавек, не кажучы пра тысячы апазіцыянераў, якіх проста забівалі без уселякіх судовых вердыктаў.

Аднак, думаецца, асноўную ролю тут адыгрывае дзіўная пазіцыя Захаду. Пры ўсіх крытычных ацэнках учынкаў Эрдагана ўсё не выходзіць за рамкі натацый. Сітуацыя, увогуле, фенаменальная — Анкара фактычна атрымала індульгенцыю на будаўніцтва не проста аўтарытарнага, а аўтарытарнага клерыкальнага рэжыму. Як не смешна, аднак найбольш гучна за ціск на грамадскасць Анкару крытыкуе... Бішкек. Тутэйшае МЗС асудзіла звальненні прафесараў турэцкіх ВНУ, прычым не гледзячы на тое, што Турцыя аказвае фінансавую дапамогу Кыргызстану.

Праўда, па-чалавечы заходнія сталіцы ў чымсьці можна зразумець. У турэцкіх лагерах перабываюць больш за два мільёны бежанцаў з Сірыі. Калі Анкара прапусціць іх у Еўропу, наступствы могуць быць самыя катастрафічныя, і перш за ўсё для партый палітычнага істэблішменту Германіі і Францыі, якім у наступным годзе трэба ісці на нацыянальныя выбары.

Акрамя таго Турцыя — краіна-сябра NАТO. Неасцярожная крытыка на адрас ісламскіх рэформаў у Турцыі можа справакаваць Эрдагана аж да выхаду краіны з блоку, што фактычна абнажыць увесь паўднёвы фланг Альянсу. Падаецца, Эрдаган разумее, што гэта слабое месца Захада. 30 ліпеня турэцкія сілавікі заблакавалі базу Інджырлік. На гэтай базе дыслакуюцца вайскоўцы NАТO, а таксама (калі верыць шматлікім чуткам) кампаненты атамнай зброі.

Варта адзначыць, што некаторыя аналітыкі бачаць у цяперашняй пасіўнасці Захаду адзнакі нейкага стратэгічнага плану. Маўляў, Захаду на руку ліквідацыя турэцкай арміі як гаранта стабільнасці турэцкага соцыума. Чыстка прафесійнага кадравага складу, якую Эрдаган задумаў па выніках правальнай спробы ваеннага перавароту, толькі пагоршыць сітуацыю, паколькі ўзровень прафесійнай і нават проста агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі не толькі салдат, але і ўнтэр-афіцэрскага і афіцэрскага складу відавочна не дацягвае да крытэрыяў сучаснай арміі. Адсюль тэзіс пра тое, што Турцыя без арміі хутка стане падобнай на Асманскую імперыю, якая фактычна была пратэктаратам заходніх дзяржаў.

Пра цяперашні стан турэцкай апазіцыі і яе перспектывы распавядае стамбульскі эколаг Булент Бару:

«З улікам хуткай геапалітычнай дынамікі казаць пра тое, што чакае турэцкі дэмакратычны рух, вельмі рана. На дадзеным этапе я б узгадаў тое, што нядаўна было ў Егіпце пасля прыходу да ўлады партыі Браты-мусульмане. Яны таксама шмат чаго абяцалі, аднак вынік быў адмоўны. Практычна праз год-паўтара ісламісты сябе цалкам дыскрэдытавалі, і ўсе надзеі на лепшае людзі сталі звязваць з войскам. З іншага боку я не выключаю, што ў выпадку актывізацыі ісламскіх тэрарыстаў частка нашай праеўрапейскай буржуазіі адмовіцца ад крытыкі Эрдагана. Пры ўсей сваёй ісламісцкай фразеалогіі ён усё ж не фанатык».

Абмеркаванне:

  • Джон Жарптушкін
  • 2016-08-02 18:37:22
Людзі, ня верце! "Лёлік Ушкін" - фірмовы псэўданім таварыша Алега Новікава! Ён вам хутка пра КЦ-лягеры ў Беларусі пісаць будзе, калі ягоныя гаспадары заплацяць за тэму.

Каментаваць