Чэхія не будзе выконваць квоты бежанцаў Еўразвяза

Дванаццаць і ні адным болей: урад у Празе не збіраецца больш прымаць людзей з прытулкаў у Італіі і Грэцыі. Афіцыйная прычына – мэты бяспекі.

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан

Чэхія не будзе надалей выконваць квоты бежанцаў Еўразвяза. Краіна на дадзены момант прыняла ў межах праграмы пераразмеркавання бежанцаў ад верасня 2015 года 12 чалавек, паведаміў міністр унутраных спраў Мілан Хованец у інтэрвію інтэрнэт-выданню «Pravo». «Чэшская Рэспубліка не мае больш намеру прымаць мігрантаў», — дадаў сацыял-дэмакрат.

У якасці прычыны Хованец назваў цяжкасці ў праверцы бежанцаў у лагерах Італіі і Грэцыі на пагрозы ўнутранай бяспекі, паколькі тыя рэдка затрымліваліся на адным месцы больш за неабходны для гэтай працэдуры час у некалькі тыдняў ці нават месяц. Міністр прызнаў, што цяпер Празе пагражаюць штрафныя выплаты Еўрапейскай камісіі. Але на яго думку гэта таго варта: «Мы не можам дазволіць сабе ўпускаць гэтых людзей без праверкі».

У адпаведнасці з рашэннем аб экстранным рассяленні 160 тыс. людзей, што шукаюць прытулку і знаходзяцца ў перагружаных іх колькасцю Грэцыі і Італіі, каля 2,679 чалавек прыходзіцца на долю Чэхіі. У верасні 2015 года прадстаўнікі Чэхіі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі прагаласавалі супраць пашырэння квот на бежанцаў у Еўразвязе. Славакія працягнула скаргі супраць гэтага закона, а прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан спрабаваў правесці рэферэндум па гэтым пытанні, які, аднак, скончыўся для яго няўдала.

Урад у Празе называе бежанцаў «траянскімі канямі»

Напачатку кіраўніцтва Чэхіі пагадзілася выконваць рашэнне бальшыні ў Еўразвязе па гэтым пытанні, але шмат дэпутатаў парламента і раней актыўна выказваліся супраць павелічэння квот. Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан нават назваў бежанцаў «траянскімі канямі» і абвясціў летась аб тым, што яго краіна больш не будзе прымаць новых бежанцаў.

Тым часам чэхі як ніхто іншы ў Еўразвязе настроены супраць прыняцця людзей, што шукаюць прытулку. Паводле даследавання, праведзенага чэшскім інстытутам CVVM ў мінулым годзе, 82 адсоткі грамадзян лічаць, што ўцекачы ўяўляюць пагрозу для іх краіны.

Але праблемы з прыняццем новых бежанцаў ёсць не толькі ў тых краінах, што актыўна выступалі супраць пашырэння квоты. Паводле апошніх дадзеных адстае нават паспяховая Германія, а Польшча і Аўстрыя наогул яшчэ не паспелі прыняць ніводнага чалавека з адведзенай ім колькасці.

Размеркаванне бежанцаў павінна аблягчыць краіны на ўскраінах Еўропы, куды і прыбывае большасць бежанцаў. У прыватнасці ад гэтага моцна пакутуюць Грэцыя і Італія, якія ляжаць на маршрутах бежанцаў і раз за разам заклікаюць да еўрапейскай салідарнасці.

Паводле Die Zeit

Каментаваць