Да і пасля Майдану

Майдана ў Кіеве больш няма. Яго знішчыла група людзей у цывільным і супрацоўнікі камунальных службаў. Як гэта адлюструецца на ўкраінскім палітычным працэсе, распавядае кіеўскі палітолаг Юрый Палянін.



— Пасля лютаўскай рэвалюцыі ва ўкраінскім грамадстве ўзнік сапраўдны культ Майдану. Часта гучала прапанова пакінуць лагер у цэнтры гораду назаўсёды як кантрольны орган народа над уладай, як страхоўка ад таго, што палітыкі не прафукаюць рэвалюцыю, як было пасля Майдану 2004-га. Аднак 10 жніўня на абарону намётаў выйшла ўсяго 200–300 чалавек. Як гэта разумець?

— Карэкціроўка стаўлення да Майдану стала магчымай дзякуючы інфармацыйнай кампаніі па ўсіх каналах. Грамадству за пару месяцаў навязалі думку, што на барыкадах засталіся дэкласаваныя элементы, дармаеды і алкаголікі, якія не жадаюць ваяваць на ўсходзе. Ахвотна смакаваліся выявы дохлых пацукоў або труп сабакі, якія знайшлі каля барыкад. Мелі месца шакуючыя рэпартажы пра быт Майдана. Напрыклад, пра тое, што ў двух метраў ад месца смерці сябра Нябеснай сотні майданаўцы зрабілі прыбіральню. Узнік нават тэрмін «алкасотня». Такім чынам быў створаны патрэбны для разгону Майдану грамадскі фон. Цікава, што ворагамі грамадства ў выніку сталі тыя ж самыя майданаўцы, якіх СМІ яшчэ месяц таму выстаўлялі нацыянальнымі героямі. Іх месца герояў цяпер займаюць свядомыя кіяўляне, якія выйшлі прыбіраць свой родны горад ад смецця. Хаця, калі прыглядзецца, знешне «свядомыя кіяўляне» — гэта спартовага складу маладзёны. Іншым словамі, тыя самыя цітушкі, якія яшчэ нядаўна за грошы працавалі на мітынгах Януковіча. Пад «навядзеннем парадку» разумелася знішчэнне канструкцый, намётаў і нават студый на Майдане. У намёты, жыхары якіх не жадалі сыходзіць з пляцу, кідалі кактэйлі Молатава. За «свядомымі кіяўлянамі» ўслед ішлі камунальнікі з тэхнікай.

— Ад 800 да 2000 чалавек. Прыкладна так розныя СМІ ацэньвалі колькасць людзей, якія стала жывуць на Майдане. Куды падзелася ў нядзелю 10 жніўня гэтая людская маса, чаму не было масавага супраціву?

— Хутчэй за ўсё, яны проста перабраліся ў будынкі, якія з часоў рэвалюцыі кантралююцца сотнямі самаабароны Майдану. Гэта пакоі ў шэрагу гатэляў, Кастрычніцкі палац, Украінскі дом. Нельга не сказаць, што супраціву не было. Былі і бойкі, і новая спроба захопу будынку кіеўскай адміністрацыі. Аднак для саліднага масавага пратэсту гэтага аказалася мала. Перш за ўсё, не хапала сродкаў на ўтрыманне інфраструктуры Майдану. Па сутнасці, гэта кажа на карысць версіі, што без сур’ёзнай фінансавай падтрымкі такая ініцыятыва, як Майдан, доўга пратрымацца не можа.

— Чаму тэму разгону Майдана не выкарысталі палітыкі, якія крытыкуюць Клічко і Парашэнку? Раней на Майдане круціўся Ляшко. Цімашэнка абяцала на соты дзень кіравання Парашэнкі таксама выйсці на Майдан.

— У мяне няма адказу на гэта пытанне. З іншага боку, тая ж Цімашэнка не падтрымала Майдан, аднак і асудзіла ўчынак улады. Яна заняла такую пазіцыю, якая ў прынцыпе дазволіць ёй у выпадку патрэбы абвінаваціць Клічко ў знішчэнні Майдану.

— Улада не хавае, што разгон Майдану спатрэбіўся для правядзення 25-га жніўня вайсковага параду, які, быццам, правядуць з нагоды перамогі над сепаратыстамі. Ці ёсць у ўкраінскіх сілавікоў шансы на тое, каб за дні, што засталіся да параду, цалкам зачысціць Данбас ад прыхільнікаў ДНР-ЛНР.

— Хутчэй за ўсё, не. Апошнімі часам напружанне на фронце расце. Нядаўна паведамілі, што ў Сумах забралі на фронт нават тэхніку з музею Другой сусветнай вайны. Знаёмыя ў Луганску кажуць, што Масква ўзняла ледзь не ў тры разы заробак для байцоў апалчэння (раней яны атрымлівалі ў дзень 200 долараў, зараз — каля 700). Я таксама схіляюся да версіі, што ўкраінскім жаўнерам спецыяльна дазволілі перанесці баі ў Данецк і Луганск, паколькі гэта аўтаматычна вызваліла ўлады нефармальных рэспублік адказваць на балючыя пытанні пра сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў абласных цэнтрах. Расія будзе ўтрымліваць нейкі кавалак украінскай тэрыторыі, каб трымаць пад кантролем расійскі шавінізм. Па сутнасці, Пуцін паўтарае тую ж памылку, што і Януковіч, які праз кепскі разлік палітычных тэхнолагаў пачаў фінансаваць нацыяналістычную партыю «Свабода», якая абудзіла ў натоўпе на Майдане радыкальны інстынкт, што знішчыў яго рэжым.

— Вяртаючыся да Майдану. Пасля рэвалюцыі фракцыя актывістаў, якая працягвала сядзець на Майдане, пазіцыянавала сябе як нейкі трэці, грамадзянскі полюс украінскай палітыкі — не Партыя рэгіёнаў і не старая апазіцыя. Прапаноўвалася нават ідэя новай рэвалюцыі, гэтак званы Майдан–3. Чаму гэты праект не атрымаўся?

— Вакол Майдана сапраўды круцілася шмат праектаў правай і правацэнтрысцкай арыентацыі. Са сцэны Майдана яны крытыкавалі Яцэнюка, чыноўнікаў, сілавікоў. Аднак па сутнасці тэматыка прамоў аматараў праекту Майдан–3 засталася ў рамках таго ж палітычнага дыскурсу, які характэрны ўрадавым партыям і афіцыёзу. Лепшым прыкладам тут ёсць заклікі да вайны да пераможнага канца, якія можна было часта пачуць на нядзельных вечах Майдану. Між тым, нізавы антывайсковы рух — гэта цяпер, напэўна, самы моцны грамадзянскі пратэст у краіне. Майдан упарта не жадаў яго заўважаць, а тым больш падтрымліваць.

— Ва Украіне дастаткова складаная эканамічная сітуацыя. Эканамісты кажуць, што ВУП у гэтым годзе можа скласці мінус 15 працэнтаў. Дэвальвацыя грыўні з часоў перамогі рэвалюцыі ўжо каля 60 працэнтаў. Напэўна, магчыма новая хваля вулічных пратэстаў. У такім выпадку людзі пойдуць зноў на Майдан, або гэты пратэст будзе мець іншы фармат?

— Думаю, што галоўнай характарыстыкай новых пратэстаў будзе большая схільнасць яго ўдзельнікаў да парушэння Крымінальнага кодэксу, да агрэсіі, паколькі прававая культура ў грамадстве дэградуе шалёнымі тэмпамі. Аднак нават з улікам кепскага стану эканомікі, рызыкну прагназаваць, што маштабных сацыяльных выступаў пакуль не будзе. Тэма патрыятызму пакуль кансалідуе грамадства. Хіба толькі ў справу не палезуць алігархі. Па сутнасці, Каламойскі і тандэм Лёвачкін — Фірташ ужо вядуць вайну за сферы ўплыву. У тым ліку часам нават арганізуючы ў абласцях, дзе кіруе нейкі не блізкі аднаму з іх губернатар, антывайсковыя пратэсты. На жаль, сродку абароны ад алігархічных войнаў Украіна не ведае. 

Каментаваць