Дагуляліся

На думку культуролагаў, кінатрылогія «Галодныя гульні» можа інспіраваць хвалю маладзёвых пратэстаў па ўсім свеце. Напрыклад, пратэстоўцы ў Гонгконгу дэманстравалі жэст герояў кінастужкі.



«Не вельмі якасная спроба адаптаваць шэдэўры кшталту «1984» і «Метраполіс» (славутыя антыўтопіі пра таталітарнае грамадства) пад жанр падлеткавай драмы», — так адзначылі кінакрытыкі ў свой час выхад на экраны першай часткі сагі «Галодныя гульні». Аднак цяпер знаўцы кіно ўжо не так грэбліва круцяць носам. Сага «Галодны гульні» стала не проста блакбастэрам, аднак і сацыяльна-культурным феноменам, і нават палітычным чыннікам. Свежы прыклад — сутычкі студэнтаў і паліцыі 11 снежня ў Гангконгу, падчас якіх маніфестанты дэманстравалі тры пальцы — жэст, якім героі кінастужкі выяўлялі пратэст супраць дэспатычнай улады.

Чаму незадаволеныя маладыя людзі ў розных кутках планеты ідэнтыфікуюць сябе з персанажамі твораў Сюзэн Колінз — амерыканскай пісьменніцы, аўтаркі кнігі пра «Галодныя гульні», што зараз пераносяць на экран? Перш, чым шукаць адказ, варта нагадаць сюжэт трылогіі. Дзеянне «Галодных гульняў» адбываецца ў былых Штатах, дзе пасля невядомай глабальнай катастрофы ўтварылася таталітарная дзяржава Панем (англ. Panem). Эліта Панему — так званы Капітолій — шыкуе за кошт эксплуатацыі бедных і прыгнечаных жыхароў перыферыйных дыстрыктаў (раёнаў). Пратэстныя настроі дапамагаюць нейтралізаваць медыя, і перш за ўсё тэлебачанне, прайм-тайм якога займае праграма «Галодныя гульні». Гульні — гэта рэаліці-шоў, у якім хлопчык і дзяўчынка з кожнага дыстрыкту змагаюцца на смерць са сваімі аднагодкамі. Галоўная гераіня, 16-гадовая Кітніс Эвердзін — прадстаўніца беднага дыстрыкту, насуперак волі ўраду выйграла спаборніцтва. Прыгнечаныя жыхары Панема, натхнёныя тым, што дзіцяці ўдалося перайграць Капітолій, атрымліваюць надзею. У краіне спее незадаволенасць, якая ў фінале выліваецца ў паўстанне.

Вось такая няхітрая інтрыга, якая, аднак, вельмі спадабалася аўдыторыі. Спачатку трылогія Сюзэн Колінз трапіла ў топы кніжных продажаў, каб з часам пачаць сваё трыумфальнае шэсце на вялікім экране. У 2012-м была экранізаваная першая кніга, у 2013-м — другая. Трэцюю кніжку вырашылі экранізаваць па частках. Кінаверсію першай паловы паказалі 11 лістапада. У выніку «Галодныя гульні» сталі пакуль што самым касавым фільмам года. Толькі ў Штатах за першы ўік-энд «Сойка-перасмешніца» (так называецца эпізод) сабрала больш за 115 мільёнаў долараў.

Фурор «Галодных гульняў», як правіла, тлумачаць тым, што падзеі на экране пасуюць духу часу. Культуролагі звяртаюць увагу, што ў Амерыцы прэм’ера фільма адбылася на фоне росту палітычнай напружанасці, выкліканай праявамі паліцэйскага гвалту. Адпаведна апублікаваным на днях апытанням агенцтва Gallup Poll, 72% амерыканцаў лічаць, што краіна развіваецца ў кепскім накірунку.

Па-другое, тое, што адбываецца на экране, цалкам адыходзіць ад лініі, якую задавалі апошнія маладзёвыя блакбастэры. Выданне New York Magazine піша:  «Свет «Галодных гульняў» больш падобны на наш, чым любыя іншыя літаратурныя або кінасенсацыі апошніх гадоў, напрыклад, "Гары Потэр" або "Twilight". У тых творах прысутнічае порцыя сюррэалізму, магіі і фантазіі. У «Галодных гульнях» некаторыя рэчы падаюцца трохі фантастычнымі, аднак усе яны распрацаваныя з дапамогай тэхналогіі, і таму можна знайсці праўдападобныя тлумачэнні, чаму гэта можа быць рэальным. Тэхнічныя рашэнні працы арэны, на якой адбываецца бой падлеткаў, зброя, розныя машыны... усё гэта трошкі футурыстычна, але не занадта ўтапічна. Такім чынам, мы бачым простую сувязь з рэальным светам, які прымушае яшчэ больш перажываць за кінагерояў».

Пры гэтым усе прызнаюць, што персанаж Кітніс Эвердзін падабаецца гледачам з дыяметральнымі палітычнымі поглядамі. Тыя, хто галасуе за левых або прагрэсіўныя партыі, не могуць не адзначыць, што ў карціне ўздымаюцца тэмы сацыяльнага прыгнёту, асуджаецца паліцэйскі электронны кантроль. Левыя крытычныя канцэпцыі ролі сучаснага шоў-бізнеса цудоўна ілюструе праграма «Галодныя гульні». У адсутнасці доступу да адукацыі і іншых рэсурсаў росту адзіны і вельмі вузкі сацыяльны ліфт для шмат каго — перамога ў гэтым крывавым рэаліці-шоў. Гэта як мара мільёнаў нашых правінцыялаў выйсці ў людзі, трапіўшы на здымкі «Дом-2». На левых сайтах таксама пішуць, што галоўная гераіня падзяляе каштоўнасці фемінізму і экалогіі.

Аматарам правых поглядаў прыемна, што Кітніс Эвердзін выступае супраць пануючай у Панеме практыкі ўмяшання чыноўнікаў у прыватнае жыццё. У ідэалогіі паўстанцаў прысутнічае такі важны для тых жа амерыканскіх кансерватараў блок, як крытыка цэнтралізму, і ў тым ліку цэнтралізаванай падатковай сістэмы. Тэма адказнасці за сям’ю (гераіня пагаджаецца на ўдзел у Гульнях, каб выратаваць сястру) дарагая кожнаму аматару традыцыйнай сямейнай маралі.

Важна адзначыць, што паралелі паміж і падзеямі ў фільме і рэальнасцю гледачы знаходзяць не толькі ў Штатах. Вось як адзін расійскіх з блогераў матывуе сваё жаданне як мага хутчэй з’ехаць з краіны: «Трэба валіць, таму што хутка СНД абцягнуць плотам, падзеляць на дыстрыкты, кіраваць усім будзе Крэмль, мы не зможам нікуды з’ехаць, і ўвядуць нам «Галодныя гульні». А вядомы прапуцінскі фантаст Лук’яненка лічыць, што «Галодныя гульні» знятыя для правакавання новага Майдану ў Расіі. «Сюжэт «Моладзь, натхнёная сваёй гераічнасцю, зрынае зласлівую ўладу і знішчае тыранаў — тупых пенсіянераў, якія прыгнятаюць вольную моладзь… заўсёды быў так ці інакш запатрабаваны. Але ў апошнія гады ён стаў для Галівуду ключавым. І плынь, як мы разумеем, галоўным чынам не для ўнутранага карыстання. Гэтая ідэя закладзена на экспарт. Наогул па Галівудзе можна выдатна меркаваць пра тое, на што будзе накіраваная амерыканская палітыка хуткім часам», — піша пісьменнік.

Калі вяртацца да Амерыкі, то некаторыя лічаць, што «Галодныя гульні» сапраўды могуць нешта змяніць. Адзін з артыстаў (дарэчы, ён гуляе ў фільме дыктатара) нават марыць, што фільм можа справакаваць стварэнне трэцяй вядучай партыі ў Штатах або дэмакратызацыю выбарчага працэсу. Газета "Guardian" прагназуе большую ступень удзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці.

Аднак ёсць і полюсная пазіцыя. Некаторыя палітолагі мяркуюць, што ніякага палітычнага эфекту з прагляду «Галодных гульняў» не будзе. Твор не дасылае канкрэтны месідж: як павінна выглядаць сістэма, альтэрнатыўная той, што стварылася ў Панеме. У дадатак, як піша выданне, маладыя гледачы, якія глядзяць «Галодныя гульні», не атрымліваюць інфармацыі пра тое, што ўяўляе сабой сучасная палітыка і як яна працуе.

Час пакажа, які лагер мае рацыю ў гэтых дэбатах. Між тым, сама Сюзэн Колінз вельмі здзіўленая тым, што фільм успрымаецца як нейкі палітычны маніфест. Яна кажа, што села пісаць кнігу з матывацыяй падрыхтаваць маладых людзей да дарослага жыцця. На думку літаратаркі, шоў «Галодныя гульні» — гэта метафара працэсу барацьбы ўнутры падлетка, калі ён паступова становіцца дарослым.

Каментаваць