Вугальныя электрастанцыі штогод забіраюць жыцці 23 тысяч еўрапейцаў

Забруджанае паветра распаўсюджвацца на сотні кіламетраў, дзяржаўныя межы для яго не існуюць. Шкодныя выкіды ўдыхаюць не толькі жыхары дзяржаў, дзе знаходзяцца вугальныя электрастанцыі, але і іншых краін. Рашэнне закрыць усе вугальныя электрастанцыі ў ЕС падоўжыла б жыццё 22,9 тысячы чалавек.
Фота svopi.ru

Фота svopi.ru



На канец 2015 года ў ЕС працавалі 280 вугальных электрастанцый. На вугаль у 2015 годзе прыпадае 24% электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў ЕС.

Вугальныя электрастанцыі ў Еўропе прыводзяць да 23 тысяч заўчасных смерцяў у год, гаворыцца ў дакладзе "Чорнае воблака Еўропы", перадае ВВС.

Даклад падрыхтавалі спецыялісты Сусветнага фонду дзікай прыроды і іншых арганізацый. У яго аснову ляглі дадзеныя 2013 года аб узроўні шкодных выкідаў з 280 вугальных электрастанцый Еўропы. На думку аўтараў дакладу, у год іх выкіды абыходзяцца еўрапейскай сістэме аховы здароўя ў 68 млрд долараў.

Забруджанае вугальнымі электрастанцыямі паветра можа распаўсюджвацца на сотні кіламетраў, у тым ліку і праз межы. Такім чынам, фактычна шкодныя выкіды ўдыхаюць не толькі жыхары дзяржаў, дзе знаходзяцца гэтыя станцыі, але і жыхары іншых краін.

У прыватнасці, аўтары лічаць вугальныя электрастанцыі ў Германіі і Польшчы ў год адказнымі за 7 тысяч заўчасных смерцяў у іншых краінах. Выкіды брытанскіх электрастанцый прыводзяць да 1,3 тысячы смерцяў за мяжой. Столькі ж смерцяў выклікаюць чэшскія вугальныя электрастанцыі.

Больш за ўсё ад гэтых шкодных выкідаў пакутуе Францыя, дзе ў год яны прыводзяць да 1,2 тысячы заўчасных смерцяў.

Амерыканскія навукоўцы колькі гадоў таму давялі, што вугальныя электрастанцыі нашмат больш небяспечныя і шкодныя за атамныя станцыі, хоць ад аварый на АЭС здараюцца самыя моцныя разбурэнні і забруджванні. Падчас спальвання вугалю ў атмасферу выкідваюцца вялікія аб'ёмы «лятучага попелу», які шкодны для азонавага слою атмасферы. Даследчыкі таксама адзначылі, што грамадзяне, якія жывуць у раёне вугальных электрастанцый, часта хварэюць на анкалагічныя захворванні і іншыя хваробы, паведамляе svopi.ru.

Вялікабрытанія плануе да 2025 года цалкам пазбавіцца ад вугальнай энергетыкі, што можа захаваць штогод да 2,9 тысячы жыццяў у краіне і за яе межамі. На думку аўтараў дакладу, рашэнне закрыць усе вугальныя электрастанцыі ў ЕС падоўжыла б жыццё 22,9 тысячы чалавек.

Колькасць вугальных электрастанцый у Еўропы скарачаецца, але пакуль некаторыя краіны, у тым ліку Польшчу і Чэхію, не плануюць цалкам адмовіцца ад гэтага віду электраэнергіі.


Каментаваць