Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Далоў шлюб паразітаў

Брытанскія рэспубліканцы збіраюцца сарваць прызначаную на 29 красавіка цырымонію шлюбу нашчадка брытанскай кароны прынца Уільяма і Кейт Мідлтан.

Вялікабрытанія — хрэстаматыйная канстытуцыйная манархія, і, на першы погляд, ніякіх настрояў на карысць змены дзяржаўнага ладу тут не існуе. Сапраўды, каля 70–75 працэнтаў брытанцаў стабільна выступаюць за захаванне цяперашняй мадэлі. Аднак ёсць і тыя, хто супраць. Як сведчаць сацыялагічныя апытанні, у грамадстве прысутнічае сталая група антыманархістаў — прыкладна 18 працэнтаў.



Брытанскія рэспубліканцы збіраюцца сарваць прызначаную на 29 красавіка цырымонію шлюбу нашчадка брытанскай кароны прынца Уільяма і Кейт Мідлтан.

Вялікабрытанія — хрэстаматыйная канстытуцыйная манархія, і, на першы погляд, ніякіх настрояў на карысць змены дзяржаўнага ладу тут не існуе. Сапраўды, каля 70–75 працэнтаў брытанцаў стабільна выступаюць за захаванне цяперашняй мадэлі. Аднак ёсць і тыя, хто супраць. Як сведчаць сацыялагічныя апытанні, у грамадстве прысутнічае сталая група антыманархістаў — прыкладна 18 працэнтаў.

Не любіць каралеву і яе сям’ю ў брытанцаў ёсць падставы. Палітолагі называюць як мінімум тузін папулярных міфаў, на якіх трымаецца мясцовы рэспубліканскі рух. Іх можна падзяліць на традыцыйныя і сучасныя.

Традыцыйныя. Са старажытных часоў караля абвінавачвалі ў тым, што: а) манархія супярэчыць прынцыпу дэмакратыі (свабоднае і празрыстае абранне народам свайго кіраўніцтва), б) манархія шкодзіць парламентарызму, в) утрыманне каралеўскага двара дорага абыходзіцца бюджэту. Для даведкі: у сярэднім сям’і Віндзараў, каб утрымліваць інфраструктуру сваіх палацаў, маёнткаў, трымаць слуг, дарадцаў і г. д., патрэбна штогод каля мільярда долараў. Праўда, кансерватыўная прэса вылічыла, што сярэдняму брытанскаму падданаму ўтрыманне Яе Вялікасці з атачэннем каштуе не больш за адзін фунт на год.

Сучасныя. Апошнім часам крытыка інстытуту манархіі стала больш разнастайная. Пачнём з таго, што, на думку антыманархістаў, існаванне караля (каралевы) парушае прынцып роўнасці этнасаў, з якіх складаецца брытанскае грамадства. Цяжка нават уявіць, што на троне можа апынуцца брытанскі грамадзянін — выхадзец з былых афрыканскіх або карыбскіх калоній Вялікабрытаніі. Расавы код для кандыдата на карону вельмі жорсткі. Каралём або каралевай можа быць выключна белы чалавек. Як прыклад — няма ніводнага прэцэдэнту міжрасавага шлюбу нават сярод тых асобаў каралеўская сям’і, шансы якіх пераехаць у Букінгемскі палац нулявыя.

Відавочна, зачынены шлях у каралі вернікам іншых канфесій. Англійскі манарх аўтаматычна выконвае функцыі главы англіканскай царквы.

Феміністкі, натуральна, крытыкуюць манархію за дыскрымінацыю жанчын. Карона ў Вялікабрытаніі, у адрозненні ад некаторых еўрапейскіх манархій, перадаецца па мужчынскай лініі.

Наступныя рэспубліканскія забабоны: манархія нішчыць індывідуальнасць асобаў каралеўскай фаміліі. Усім, хто нарадзіўся ў сям’і Віндзараў, прад’яўляецца жорсткі этычны кодэкс. Любая публічная выхадка, якая псуе імідж дынастыі, караецца выклікам да каралевы, якая выконвае функцыі галоўнага гаранта сямейнага гонару. Перманентны самакантроль за сваімі эмоцыямі і паводзінамі нявечыць, як лічаць рэспубліканцы, чалавечую псіхіку.

Апошнім часам у Вялікабрытаніі папулярная ідэя пра тое, што шлюбы паміж прадстаўнікамі арыстакратычных сямей вядуць да выраджэння нашчадкаў. Рэспубліканцы намагаюцца давесці, што тыя ж дзеці Дыяны маюць нейкія псіхічныя дэвіяцыі.

Нарэшце, некаторыя палітолагі сцвярджаюць, што манархія як архаічны, кансерватыўны інстытут у прынцыпе тармозіць грамадскую дыскусію і развіццё брытанскага грамадства.

Аднак, думаецца, што з усіх джокераў рэспубліканскай прапаганды самы эфектыўны называецца «прынц Чарльз». Фігура цяперашняга нашчадка кароны не карыстаецца вялікай любоўю сярод простых людзей. Адразу ўзгадваюць снабізм прынца. Акрамя таго, яму не могуць прабачыць трагедыю Дыяны. Версіі пра тое, што менавіта Чарльз замовіў забойства былой жонкі, рэгулярна з’яўляюцца на старонках жоўтай прэсы.

Цікавая рэакцыя брытанскіх манархістаў на феномен руху рэспубліканцаў. Увогуле, рэспубліканскія традыцыі ў Брытаніі дастаткова моцныя. Аднак толькі ў 1848 годзе пад уплывам працоўнага руху чартыстаў урад задумаўся наконт рэспубліканскай пагрозы. Быў прыняты закон аб забароне рэспубліканскай прапаганды, парушальнікі караліся высылкай на катаргу ў далёкую Аўстралію.

Канчаткова забарона друкаваць рэспубліканскія памфлеты была ліквідаваная толькі ў 2003-м. Аднак гэта не значыць, што з 1848 па 2003 гады ў краіне не існавала рэспубліканцаў.

Па-першае, усе ірландцы прынцыпова разглядаюць свой нацыянальны рух як рух супраць манархіі. Канцэпцыі незалежнай Шатландыі і Уэльса таксама базіруюцца на рэспубліканскай ідэі.

Па-другое, рэспубліканскія лозунгі характэрныя для ўсіх левых. У іх асяроддзі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя нават быў распрацаваны сцяг брытанскай рэспублікі — зялёна-бела-чырвоны трыкалор (копія цяперашняга венгерскага сцягу).

Аднак па ходу таго, як лейбарысты — галоўная левая партыя — інтэграваліся ў сістэму, антыманархічных прыбамбасаў рабілася ўсё менш і менш. У партыі былі і ёсць фанатычныя рэспубліканцы, аднак генеральную лінію фармуюць не яны.

Рэвізіянізм лейбарыстаў спрыяў таму, што рэспубліканскі рух у цяперашняй Англіі вельмі мазаічны і існуе галоўным чынам у выглядзе клубаў і ініцыятыў. Напэўна, найбольш вядомая ў гэтым спісе група «Рэспубліка», якая займаецца зборам кампрамату на прадстаўнікоў Віндзараў. Сябрамі ініцыятывы, дарэчы, з’яўляюцца некалькі лордаў. Менавіта ў нетрах «Рэспублікі» нарадзілася ідэя сарваць цырымонію шлюбу, прызначаную на 29 красавіка.

У гэты дзень у англійскай сталіцы плануецца антыманархічны марш. Ягоная задача-мінімум: давесці, што не ўсе брытанцы ў захапленні ад вяселля Уільяма і Кейт. Задача-максімум (з гэтай ідэяй носіцца анархісцкай фракцыя) — прарвацца ва ўрадавыя кварталы Заходняга Лондану і ўчыніць там бойку. Дарэчы, у 1984 годзе анархістам удалося сарваць вяселле аднаго з прынцаў. Пагромы прайшлі пад лозунгам: «Далоў шлюб паразітаў!»

Прэса Яе Вялікасці «чорныя меткі» рэспубліканцаў ігнаруе. У праграме ўрачыстасцяў, якая была складзеныя яшчэ ў мінулым годзе, ніякіх змен не адбылося. Адпаведна праграме, 29 красавіка аб 11-ай гадзіне ў Вестмінстэрскім абацтве адбудзецца цырымонія заключэння шлюбу. Адзіная навінка — пасля цырымоніі Уільям і Кейт праедуць па вуліцах Лондану на машыне, а не ў коннай карэце, як заўсёды рабілі прынцы раней.

Пасля вандроўкі іх і мноства гасцей каралевы чакае прыём у Букінгемскім палацы. Дарэчы, адпаведна пратаколу, на мерапрыемства афіцыйна запрошана маці Уільяма — Дыяна Спенсер. Яшчэ пазней адбудзецца вячэра ў больш вузкім коле. Для параўнання: у Вестмінстэры будзе 1900 чалавек, на прыёме ў палацы — 600, а на вячэры — толькі 300.

Магчыма, адзіная відавочная саступка рэспубліканцам: Віндзары паведамілі, што шлюб Уільяма і Кейт не будзе аплачаны з бюджэту. Усе выдаткі бярэ на сябе каралева.

Ці змогуць рэспубліканцы сарваць гістарычнае вяселля (лічыцца, што Уільям, а не Чарльз атрымае карону пасля смерці Елізаветы), мы даведаемся праз месяц.

І яшчэ адзін момант. Як ні парадаксальна, лепшы аргумент манархістаў супраць рэспубліканскіх тэорый — гістарычны вопыт. Як вядома, з 1649 па 1658 год у Англіі была рэспубліка. Той рэспубліканскі эксперымент не выклікаў у тагачасных брытанцаў ніякага захаплення. Справа ў тым, што Олівер Кромвель, лідар рэспублікі, лёгка даў бы фору шматлікім дэспатам з роду Цюдораў. У дадатак лорд пратэктар — такі быў тытул Кромвеля — думаў перадаць пасля смерці сваю пасаду сыну. Да таго ж Кромвель быў фанатычным пратэстантам. Усе формы забавак, уключаючы цыркі, скачкі, алкаголь і нават калектыўныя спевы на Каляды, былі забароненыя. Таму вяртанне манархіі шматлікія англічане віталі, бо зноў атрымалі спрадвечнае права піць піва ў пабах пад акампанемент музыкаў.
 

Каментаваць