Данбас не чакае з надзеяй на рускія танкі

Абсалютна ўсе ўкраінцы, з якімі мне давялося размаўляць, незалежна ад іх палітычных поглядаў, казалі: пра Крым можна забыцца, усё ўжо вырашана. Насамрэч, меркаванне крымчанаў нікога не цікавіць.



Мітынг у Данецку. Фота Зміцера Галко


У Данецку таксама хочуць «людзьмі звацца»

Аднак нават цалкам прарасійскі настроеныя грамадзяне не хацелі б, каб у гэткі ж спосаб, «само сабой», вырашылася пытанне на  мацерыковай Украіне. Удзельнікі мітынгу 9-га сакавіка ў Данецку, які праходзіў пад расійскімі трыкалорамі, адказвалі мне, што не лічаць яны сябе жыхарамі акупанавай тэрыторыі, вызваленне якой пачалі з Крыму расійскія войскі. Вокліч «Пуцін! Пуцін!» падхопліваўся значна горш за астатнія, вельмі хутка сціхаў. Грамчэй і даўжэй за ўсё гучала: «Данбас! Данбас!»

Многім з мітынгоўцаў не падабалася тое, што нехта зрываў украінскі сцяг, узнімаючы замест яго сцяг Расійскай Федэрацыі. «Так не трэба рабіць, лепей павесіць побач украінскі сцяг, расійскі і сцяг Данеччыны», — гучала ў натоўпе. Незадаволеным гоманам быў сустрэты ўчынак бамбізы, які падскочыў да аўтамабілю з украінскім сцягам, спачатку плюнуў, а потым ударыў кулаком у шкло.

Памылкова лічыць, быццам асноўныя ўдзельнікі гэтых мітынгаў — «пуцінскія турысты». Сяргей Анастасьеў, оперны саліст і старшыня партыі «Грамадзянская пазіцыя», жартаваў у размове са мной: «Ім жа, небаракам, дома ніхто не дазволіць так сябе паводзіць. Ну, хай прыязджаюць, можна ім пастаянна адмысловыя туры за глытком свабоды ладзіць, бюджэт гораду дадатковыя грошы атрымае».

Як жарт — дасціпна, але як палітычны аналіз сітуацыі — вельмі павярхоўна і блізарука. Мяне таксама некаторыя прымалі за «пуцінскага турыста».

Адна жанчына з ліку тых, хто ахоўваў помнік Шаўчэнку, сказала: «Я не веру, што вы беларускі журналіст. Вы расіянін і прыехалі нас біць».

Я не магу сцвярджаць, што «пуцінскіх турыстаў» там зусім няма. Мне трапляліся групы людзей, пра якіх можна было падумаць, што яны тут у камандзіроўцы па спецзаданні. Такія не адказвалі на пытанні, агрэсіўна прасілі адыйсці. Або, як выказаўся кіраўнік дзіўнаватай новаспечанай арганізацыіі «Усходні фронт»: «Якія на вайне могуць быць пытанні?»

Але ўсе, хто размаўляць не адмаўляўся, а такіх было большасць, былі з Данеччыны.

Трэба разумець, што іхны выхад на вуліцы — гэта працяг Майдану. Без жартаў, яны таксама выйшлі за свабоду, годнасць і дэмакратыю. У кагосці з іх зусім фантастычныя ўяўленні пра Расію, як пра краіну, дзе цякуць малочныя рэкі з кісельнымі берагамі.

Пара пенсіянераў горача запэўнівала: «Там прыбіральшчыца атрымлівае 500 даляраў, гэта мінімальны заробак!» Хтосьці разважае, што халера з тымі заробкамі, хай яны будуць нават ніжэйшымі, але нельга шматаваць «адзінае фізічнае і духоўнае цела» з «братамі», каб не «пагрузіцца канчаткова ў змрок заходняй цывілізацыі». Нехта цвяроза разважае пра згубнасць разрыву эканамічных сувязяў.

Дзядзечка з інтэлігентнай бародкай расказвае, усміхаючыся, як яго, сына савецкага афіцэра, нібыта адмыслова кінула на падлогу нянечка — «бандэраўка» у радзільным доме: «Таму ён з дзяцінства галавой удараны, а бандэраўцы мне смяротныя ворагі».

Адныя хочуць увайсці ў склад Расіі на правах вобласці, іншыя адрадзіць Данецка-Крыварожскую рэспубліку, многія згодныя на аўтаномію ў складзе Украіны, але сярод гэтага шматгалосся грамчэй за ўсё гучыць: «Няхай яны пабачаць, што тут таксама людзі жывуць, з сваімі поглядамі, якія трэба ўлічваць!»

Адзін хлопец, з нашытым расійскім трыкалорам на вопратцы, з гонарам кажа пра мітынг: «У Расіі такое немагчыма, іх там настолькі выдрэсіравалі, што яны самі ўжо ў аўтазакі заходзяць па камандзе».

Не варта кпіць з яго супярэчлівасці, проста пакуль яму не ўдалося знайсці іншай, больш дарэчнай формы, каб заявіць пра сваё асаблівае меркаванне. Яшчэ знойдзецца. 

Галоўнае, што яны не чакаюць з надзеяй на рускія танкі. Яны проста насалоджваюцца абуджэннем ад доўгай палітычнай спячкі, спрабуюць грамадзянскі голас, які ў іх толькі што прарэзаўся. Наўрад ці ім захочацца развітацца з гэтымі здабыткамі.

Працягнуць справу Майдана

Пасля таго, як адгуляла сваё і разыйшлася ваяўніча настроеная частка мітынгоўцаў, у цэнтры Данецку засталося шмат групак людзей з рознымі поглядамі, якія спакойна іх абмяркоўвалі, выслухоўваючы адзін аднаго.

Сярод іх вылучалася кампанія вельмі матываваных маладзёнаў, якія пераходзілі ад адной групкі да іншай, спрабуючы пераканаць прарасійскіх актывістаў, што тыя іграюць навязаную ім ролю ў чужым спектаклі:

«У заходняй Украіне жывуць людзі, якія не звыклі доўга везці на сваім гарбу... Яны свабодалюбівыя, у іх барацьба ў крыві. І вось коштам ста жыццяў яны зрынулі ўладу, якая нікога не задавальняла, ні цябе, ні мяне, пагадзіся. У выніку перавароту ўладай сталі людзі, якіх нават і на заходняй Украіне там бачыць не хочуць. Майдан стаіць, не разыходзіцца. Дык вось новая ўлада больш за ўсё баіцца, што іх таксама зрынуць на хрэн. Глядзі, што далей адбываецца. Трэба адцягнуць увагу народу. Ствараецца вобраз унутранага ворага. На захадзе ствараецца вобраз ворага з усходу, дзе адныя маскалі, якія супраць украінскай мовы, на ўсходзе — вобраз злых бандэраўцаў...»

Сям'я Яваравых: «Мы — галоўныя бандэраўцы і фашысты Данецку, бо любім сваю радзіму».

Гэтыя маладзёны былі ўпэўненыя, што трэба падтрымаць і працягнуць справу Майдана — карэнным чынам мяняць уладу, на іншых пачатках збудаваць сістэму сацыяльных адносінаў, а не з трыкалорамі бегаць. Зрэшты, яны паскардзіліся мне на тое, што працэс ідзе вельмі марудна і з пераменным поспехам.

«Пераканалі мы нібыта чалавек дзесяць. Згаджаюцца, галовамі ківаюць. А на заўтра глядзім — яны ізноў стаяць і крычаць: Расія! Расія! Ну што ты будзеш рабіць...» — скрушна патлумачыў адзін з хлопцаў. 

«Мы такія ж, як і вы, толькі заўзеем за Шахтар»

Тым не менш за паўтары гадзіны язды адсюль, у адным спальным раёне Данецку, «канапавы назіральнік», як ён сам сябе назваў, Міша Панамарэнка, работнік Данецкага металургічнага завода, разважаў прыкладна ў тым самым ключы:  

«Ну, калі ўжо Майдан адбыўся, хаця я не падтрымліваў яго, дык трэба справу да канца даводзіць — няхай у палітыку прыходзяць цалкам новыя людзі. Бо цяперашняе балота, яно любы адзінкавы свежы струмень паглынае...

Замест таго, каб з сапраўднымі праблемамі разбірацца, вы рыкаеце на галічанаў, галічане рыкаюць на вас... Там усе спрэс бандэраўцы жывуць, тут адныя маскалі ды гопнікі. Ходзяць у кепках, лускаюць семкі, ты шо, братан, паскачы, дробязь ё? Калі гэтыя стэрэатыпы настолькі непераадольныя, ну давайце зробім федэральныя землі, як у Германіі. Але не далучацца ж да Расіі!

Што гэта за брацкая краіна? Брат, называецца. Прыйшоў у кватэру, выдаў пастанову, што згодна з рэферэндумам, праведзеным сярод тваіх прусакоў, кватэра цяпер будзе маёй... Не, у Данецку сапраўды даволі распаўсюджаныя прарасійскія настроі, за эканамічныя і культурныя сувязі, такога кшталту, толькі я не ведаю амаль нікога, хто хоча далучэння да Расіі. Асабіста я не хацеў бы ні да каго далучацца, нават да Еўропы, лепей быць моцнай самастойнай краінай. Дык мяне брат за гэта цітушкай называе...

Што да галічанаў і нас, я хацеў бы сказаць: мы такія ж самыя ўкраінцы, як і вы, толькі размаўляем па-руску і заўзеем за «Шахтар»!

Дзяніс і Міхаіл Панамарэнкі

Старэйшы брат, Дзяніс Панамарэнка, які 17 гадоў працуе на шахце,  рве ўсе шаблонныя ўяўленні пра данецкіх:

«Я люблю Украіну і хачу, каб мы ўступілі ў Еўрасаюз. У нас на шахце людзі розных поглядаў прытрымліваюцца, я свае спакойна выказваю, але я далёка не адзін такі. Калектыў падзяліўся прыкладна 50 на 50. А цяпер я нават за тое, каб мы ўступілі ў НАТА таксама. З такім суседам іншых варыянтаў няма. Раней я да Расіі нейтральна ставіўся, аднак пасля той подласці, што яны ўтварылі ў Крыму... Бандэраўцамі нас пужаюць з 2004 году, што прыедуць з чырвона-чорнымі сцягамі. Але ніводзін так і не даехаў. Прыехалі людзі з зусім іншымі сцягамі.  Пужалі натаўскімі вайскоўцамі, а прыйшлі «зялёныя чалавечкі». Мне тут такое не трэба. 

Не думаю, што Расія паспрабуе праглынуць Украіну цалкам або яе палову. Хутчэй будуць выкарыстоўваць магчымасці, каб пастаянна тут сітуацыю разгойдваць. Такі «брат у варот» гэта страшна».

Фінальны акорд паставіла Валянціна Панамарэнка, маці Мішы і Дзяніса:

«Апошнім часам я перастала зусім навіны глядзець. Не магу. Пуцін гэты... ладна Пуцін, ён мне сто гадоў не патрэбны. Мне вось што крыўдна — рускія людзі робяцца цяпер нашымі ворагамі».

Абмеркаванне:

  • Мария
  • 2014-03-13 14:46:21
То, что материал из "горячей точки" написан в спокойном, "повествовательном" ключе, уже говорит о многом. Я воспринимаю его как свидетельство того, что в Украине: 1)
живут свободолюбивые и разумные люди; 2) там нет оголтелости и взаимной ненависти в массовом масштабе; 3)там широк спектр взглядов и настроений. Но большинство людей объединяет одно: человеческое
достоинство и свободолюбие! И с такими братьями хочется быть в соседях. Вот какие настроения вызвала публикация. И это хорошо.
  • Бамбр
  • 2014-03-14 03:41:14
Але ж сёння там чалавек загінуў падчас нападу цітушак там ці каго на мітынг за саборную Украіну...
  • Ираида
  • 2014-03-25 05:33:21
Уборщицы многие,лично знаю,получают 500долларов/месяц..А те,которые по ,например ,на двух ставках-и по 1000. Статья как бы и написана спокойно,но все с каким-то "подъжобом" .Финальный
аккорд статьи: С чего бы это русские "становятся врагами"?Никогда!У нас родственников по Украине много!Не становимся врагами!!Это бумагомараки тенденциозные и ТВ-комментаторы
некоторые искажая факты пытаются поссорить два славянских народа..Може автор Галко З. и не белорус,да и не Галко вовсе..)) ..

Каментаваць