Данецк: камічны ці грандыёзны?

Пакуль шахцёры асэнсоўвалі сваё месца ў падзеях учорашняга дня, ДНР працягвала сваё існаванне. Баявікі займаліся ўжо звыклай справай — забіралі ўпадабаныя машыны прама на дарозе.



Вечарам 19 мая я ўжо быў амаль гатовы адмовіцца ад працягу свайго падарожжа па гарачых кропках Украіны. Пачуццё, праз якое ў мяне з'явілася жаданне збегчы адсюль, цудоўна сфармуляваў у размове са мной адзін данецкі шахцёр: «Я сябе адчуваю заблукалым ва ўсёй гэтай гісторыі...» 

Менавіта «заблукалым» я адчуў сябе пасля наведвання Адэсы і Марыупаля, дзе спрабаваў нешта высветліць датычна трагічных падзеяў 2-га і 9-га мая. Да гэтых падзеяў размовы пра «грамадзянскую вайну» былі адно прапагандысцкім штампам, пасля ж іх займелі пад сабой рэальную глебу. У тым сэнсе, што на Данбасе многія паверылі, быццам Кіеў мае намеры проста знішчыць іх.

Здавалася, гэта канец. Дакладней, пачатак доўгай, пакутлівай і бессэнсоўнай барацьбы без пераможнага хэпі энду. Дзе з кожным днём усё толькі болей заблытваецца, ва ўсіх удзельнікаў мазгі едуць набакір, а выхад здаецца ўсё больш недасяжным...

Колькі дзён таму я правёў ноч на блокпасту каля Марыупаля, у намёце снайперскай роты. Цудоўныя хлопцы, вельмі гасцінныя. Яны расказвалі, як пайшлі на марыупальскі пляж. І нехта ў іх спытаў, хто яны. «Узброеныя сілы Украіны», — адказаў салдат па-украінску. «А-а, бандэраўцы», — пачулі ў адказ. «Калі ласка, патлумачце, што ніякія мы не бандэраўцы, напішыце пра нас што-небудзь добрае!», — просяць хлопцы ў журналістаў, тлумачачы, што адзінае іх імкненне — вярнуць мір на Данбас, ахоплены разгулам бандытызму.   

«Напішыце пра нас праўду!» — крыкма крычаць удзельнікі сепаратысцкіх мітынгаў, расказваючы пра тое, што хочуць проста жыць у міры, а бандэраўцы прынеслі вайну на іх зямлю, цяпер яны вымушаныя абараняцца. Адказваючы жорсткасцю на жорсткасць. 

Другія не маюць рацыі, на мой погляд, але пасля адэскай і марыупальскай трагедый вельмі цяжка катэгарычна адмаўляць ім у праваце.

Аднойчы ў Луганску дэпутат гарадской рады пераконваў мяне, што ўдзел прышлых людзей ва ўзброеных фармаваннях сепаратысцкага руху не мае ніякага значэння. «Разумееш, калі б мясцовае насельніцтва не хацела іх тут бачыць, іх бы тут не было», — казаў ён. І я амаль яму паверыў. Хаця бачная воку падтрымка сепаратыстаў апошнім часам была зусім невялікай. Гэта сотні чалавек, дзясяткі, у некаторых месцах адзінкі. Часам нават і людзей няма, толькі самотныя шыны, мяшкі з пяском і сцяг ДНР, наяўнасць якіх мусіць сведчыць аб кантролі сепаратыстаў над пэўнай тэрыторыяй. Маўчанне большасці даводзілася лічыць за праяўленне згоды.

Калі ж насельніцтва Данбасу свядома абрала шлях на аддзяленне ад Украіны, ці ёсць сэнс сачыць за тым, як яго сілай будуць прымушаць застацца? Толькі душу сабе ірваць на кавалкі.

Аднак 20 мая Данбас прадэманстраваў, што ён маўчаў, бо не было іншай каманды. Як толькі Рынат Ахметаў даў адмашку выступіць супраць ДНР, Данбас адразу ж загуў. Апоўдні загулі завадскія сірэны і аўтамабільныя клаксоны, забілі ў набат цэрквы, распачалі гарачыя спрэчкі шахцёры, якія на нейкі час спынілі працу па распараджэнні начальства.

Калі мы з калегамі пачулі заяву Ахметава вечарам 19 мая, усе вельмі ажывіліся. Асабліва малады італьянскі журналіст Ларэнца Гатарда. Параўноўваючы Рыната Ахметава з Донам Карлеонэ, ён чакаў чаго-небудзь грандыёзнага. Маўляў, не можа такі чалавек кідаць словы на вецер і разменьвацца на дробязі. «Магчыма, заўтра мы ўбачым апошні дзень ДНР», — казаў Ларэнца. І нават патэлефанаваў сваім знаёмым сярод сепаратыстаў, каб па-сяброўску параіць ім не выходзіць на барыкады.

Зрэшты, 20 мая ў Данецку я ўбачыў больш камічнага, чым грандыёзнага.

— Ну вось, пачалося, — прамовіў таксіст, калі мы ехалі з калегамі на ахметаўскае прадпрыемства «Данецкгармаш», каб паназіраць за абяцаным папераджальным страйкам.

—  Так, пачалося, але пакуль не зусім зразумела, што менавіта, — адгукнуўся я, думаючы пра тое, чаго дамагаецца Ахметаў і якім чынам зменіць сітуацыю яго заява.

— Ды я не пра тое, таполевы пух паляцеў, —  спыніў мае палітычныя разважанні таксіст.

Што да ягонага ўдзелу ў абвешчанай Ахметавым акцыі, ён сказаў, што не атрымліваў каманды. А вось ягоныя калегі з іншай фірмы, распавёў таксіст, атрымалі загад выехаць на вуліцу Арцёма, галоўную вуліцу Данецка, і сігналіць.

На першым прадпрыемстве, якое мы наведалі, ахоўнік проста моўчкі зачыніў перад намі дзверы і апусціў жалюзі. Але не толькі перад намі, ён праігнараваў таксама просьбы супрацоўнікаў, якія ішлі на змену ці вярталіся з крамы. Ім засталося толькі стаяць перад зачыненымі дзвярыма і абурацца: «Ну што за бардак!». Пра страйк яны ўпершыню пачулі ад нас.

Вельмі гучна гулі сірэны ДМЗ, металургічнага заводу, да якога Ахметаў нібыта не мае дачынення. Пры гэтым завадская ахова паведаміла, што страйку ў іх няма, а хто і чаму ўключыў сірэну яны не ведаюць.

Сюрпрыз чакаў нас на шахце імя Скачынскага, якая належыць дзяржаўнаму прадпрыемству, — тут над галоўным уваходам вісеў сцяг ДНР. Гэтую акалічнасць мы паспрабавалі высветліць у дыспетчара. «Ну вісіць, і вісіць. А вы хто такія, з чыйго боку?» — адказаў той. Найбольшыя цяжкасці ў яго выклікаў Алег Сухаў. Дыспетчар двойчы вымавіў «а-а-а!»: першы раз, калі ўбачыў расійскі пашпарт, другі раз, калі даведаўся, што Алег прыехаў у Данецк з Кіева. Як «чалавека з Кіева» ён прадставіў камусці нашага калегу па тэлефоне. І ўрэшце папрасіў з'ехаць: «І вам лепей, і нам спакайней».

Вымушаны страйк шахцёраў, якім начальства перакрыла доступ да працоўных месцаў, мы ўбачылі на шахце імя Засядзькі. Ганаровым прэзідэнтам якой з'яўляецца Яўхім Леанідавіч Звягільскі, сяміразовы дэпутат Вярхоўнай Рады ад Партыі Рэгіёнаў.

Яўхім Леанідавіч сказаў, што гэта яшчэ не страйк, але страйк абавязкова адбудзецца, бо «мы нікому не дамо разваліць Данбас і пазбавіць яго заслужанага шчасця». Ён нават выказаў упэўненасць, што на Данбасе абавязкова пройдуць прэзідэнцкія выбары, і ўсё будзе добра.   

Сярод шахцёраў было некалькі агітатараў ад ДНР, малады чалавек у чорным з георгіеўскай стужкай і дзве ўсюдыісных бабулькі. Іх выслухоўвалі змрачнавата, падтакваць не спяшаліся. Ідэалагічныя разважанні не знаходзілі водгуку. Рабочых цікавіў толькі лёс шахты, магчымасць далей працаваць без збояў і атрымліваць заробак без затрымак. Страшылкі пра «Правы сектар» на фоне сапраўднага разгулу бандытызму пад сцягамі ДНР пад самым бокам ужо нікога не пужаюць.

Выклікаў цікавасць тэзіс, што ў Расіі нібыта «павага да дзяржаўных людзей большая». Але не надта каб паверылі. Як і ў тое, што яны Расіі патрэбныя.

Увогуле, больш за ўсё казалі менавіта пра тое, каб быць патрэбнымі і пра павагу да сябе. Гэтага ім не хапае. Людзьмі звацца хочацца, як і ўсім. Таму, хаця яны збольшага падзяляюць заклік Ахметава, прымус да страйку не вельмі спадабаўся.

«Раней званне шахцёра было ганаровым, а цяпер мы быдла, баярскія халопы. Усё за нас недзе вырашаецца... Данецкі характар выканаўчы, але да камандаў не ўспрымальны. Не трэба намі камандаваць, ты падыдзі, паразмаўляй, мы зразумеем», — разважаў шахцёр сярэдніх гадоў.

Пакуль жа шахцёры асэнсоўвалі сваё месца ў падзеях сённяшняга дня, ДНР працягвала сваё існаванне. Баявікі займаліся ўжо звыклай справай — забіралі ўпадабаныя машыны прама на дарозе.

Але людзям учора стала лягчэй дыхаць, гэта было бачна. Размаўляць пачалі з большай ахвотай, не баючыся нават выказваць сваю незадаволенасць дзейнасцю сепаратысцкіх атрадаў, што немагчыма было ўявіць яшчэ колькі дзён таму. Тады як у прарасійскі настроеных жыхароў з'явіліся ноткі няўпэўненасці.

У такіх умовах ДНР доўга праіснаваць не зможа. Яна патрабуе паралічу думкі і волі апанентаў і абсалютнай самаўпэўненасці прыхільнікаў.  

Абмеркаванне:

  • Тарэсса
  • 2014-05-21 14:28:16
Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе прыкметнікі Данбасу стануць іншымі: мірны і працавіты. А потым і грандыёзны. Дай-та Бог, каб мір і спакой прыйшлі на гэтую зямлю. Для ўсіх, хто там жыве і
працуе.
  • Вайсковец
  • 2014-05-21 14:33:26
Так, спадарыня Тарэсса. И да іх у госці няхай прыязжаюць з падарункамі - пляшкамі, кветкамі, булкамі,а не з гарматамі і вінтоўкамі.
  • ,Алесь
  • 2014-05-21 14:45:17
Мусіць, не ўсё так проста, паненкі. Як жывуць там люді, калі побач існуе мілітарысці чад?
  • Макс
  • 2014-05-21 15:05:38
Это Вы о России? Или я не понял Вас?
  • Ольга
  • 2014-05-21 15:13:36
>>>У такіх умовах ДНР доўга праіснаваць не зможа. Яна патрабуе паралічу думкі і волі апанентаў і абсалютнай самаўпэўненасці прыхільнікаў.



Так в тексте же ясно видно, что и гудки потребовали личного приказа украинского олигарха.
  • Алесандр
  • 2014-05-21 16:27:44
Ольга, так об этом и речь: инициативной поддержки, как я понимаю, пока не очень заметно, а без этого никакие "перевороты" невозможны.
  • Адвент
  • 2014-05-22 00:28:40
Цікава, што будзе з пагрозамі так званай ДНР нацыяналізаваць прадпрыемствы Ахмет-хана? Для расійскіх пустазвонаў гэта навіна нумар адзін!

Каментаваць