Данецк схапіўся за гарачы прас

Ілюзіяй было б лічыць вынікі праведзенага рэферэндуму суцэльным пшыкам і фальсіфікацыяй, якая была патрэбная купцы ўзброеных бандзюкоў, тады як мірным жыхарам Данбасу патрэбная адзіная і непадзельная Украіна. 



Познім нядзельным вечарам у Данецку мала што нагадвала аб пераможным заканчэнні лёсавызначальнага, на думку яго арганізатараў, рэферэндуму «аб самавызначэнні Данецкай народнай рэспублікі». Мне на вочы трапіўся ўсяго адзін агітплакат з заклікам сказаць «так» дзяржаўнай самастойнасці ДНР, дзе чыёйсці рукой было дапісана слова «не». Дзядзька, які здымаў пашкоджаны плакат на мабільнік, заўважыўшы мяне, сказаў поўным камічнага трагізму голасам: «Глядзіце, што нарабілі... сволачы!». Ён быў адным з нешматлікіх гараджанаў, якія гэтак перажывалі за вынік рэферэндуму, што спаць не маглі. Шматтысячных вулічных гулянняў з смехам, жартамі і весялосцю не назіралася. Пуставала калыска цэнтрабежнага руху — плошча Леніна. Нават каля абласной адміністрацыі, цяпер галоўнага штабу ДНР, сабралася ўсяго колькі сотняў чалавек, ды і тыя ў напаўсонным стане глядзелі вечна ўключаны расійскі тэлеканал. 
 
 
З будынку тэрытарыяльнай выбарчай камісіі распараныя, нібы з лазні, выходзілі добра знаёмыя беларускаму выбаршчыку цётачкі, якія забяспечваюць элегантныя перамогі — з магутнымі азадкамі, начосам, клапатлівым хатнім выглядам і думкамі аб баршчы, які яны мусяць прыгатаваць для сям'і на заўтра. 
 
 
Гэта магло б нагадваць якія-небудзь заштатныя, нікому нецікавыя выбары невядома каго невядома куды ў Беларусі. Але вось прывезлі чарговую порцыю бюлетэняў. З будынку выскачыла група людзей у камуфляжы, балаклавах, з рознакалібернай узброяй, каб забраць іх. Зрэшты, напружанне, якое выклікала іхнае з'яўленне, хутка змянілася прыдушаным смехам у-ва ўсіх, хто за імі назіраў. Яны камічна пятлялі, падскоквалі, прысядалі, кудысці цэлілі... Хіхікаючы ў ціхай пустаце нядзельнага вечара, хатнія цётачкі з начосамі казалі адна адной: «От ужо, не нагуляліся ў зарніцу». 
 
 
Адным словам, гістарычнай велічы моманту не адчувалася. Убачанае зусім не вязалася з бравурнымі лічбамі: яўка — 75%, «за» дзяржаўную самастойнасць ДНР — 89%. Таму наступным наступным днём, 12 мая, у панядзелак, я вырашыў пагутарыць з людзьмі на данецкіх вуліцах наконт іх удзелу ў рэферэндуме. Ці хадзілі яны галасаваць, як прагаласавалі і чаму менавіта так. 
 
 
Разам з маім калегам Алегам Сухавым, нядаўна звольненым з «The Moscow Times» у рамках патрыятычнай чысткі шэрагаў ад недабранадзейных элементаў, мы патурбавалі 70 мінакоў. шматдзетных хатніх гаспадыняў, цырульніц, шахтароў, аўтаслесараў, інжынераў, вучоных, юрыстаў, эканамістаў, самых розных людзей. Пасля чаго Алег, які вельмі спачувае Украіне, сказаў: «Мае бандэраўскія ілюзіі развеяліся...» 
 
 
Ілюзіяй было б лічыць вынікі праведзенага рэферэндуму суцэльным пшыкам і фальсіфікацыяй, якая была патрэбная купцы ўзброеных бандзюкоў, тады як мірным жыхарам Данбасу патрэбная адзіная і непадзельная Украіна. Амаль палова апытаных, 48,6%, калі быць дакладным, галасавалі на рэферэндуме «за» дзяржаўную самастойнасць ДНР. «Супраць» прагаласавалі ўсяго 2,7%. З розных прычынаў не бралі ўдзелу ў галасаванні 23%. Нарэшце, адмовіліся адказваць на пытанні 25,6%. 
 
 
У майго калегі была вялікая спакуса залічыць усіх «адмоўнікаў» у лік тых, хто прагаласаваў бы «супраць», бо страх адказваць мог быць толькі ў тых, хто баяўся патрапіць у чорны спіс ДНР. На самой справе матывы прыхоўваць сваё стаўленне да рэферэндуму былі розныя. Прынамсі некалькі чалавек прагаварыліся, што яны баяцца або праславутага «Правага сектару», або кіеўскай улады, якая можа іх пакараць за сепаратызм. 
 
 
Увогуле, людзі ў Данецку моцна напужаныя. Адна жанчына сказала: «Я вам зараз што-небудзь адкажу не тое, а ззаду чалавек з вінтоўкай...» Але на маю суб'ектыўную думку, тыя, хто адказваў, адказвалі шчыра. 
 
 
Іншай ілюзіяй было б думаць, што ўсе, хто галасаваў на рэферэндуме «за», галасавалі за далучэнне да Расіі. Такіх аказалася меншасць. Астатніх лідэры ДНР, якія ўжо заявілі пра планы хуткага ўваходжання ў склад Расійскай Федэрацыі, проста выкарысталі ўцёмную. 
 
 
Ці не яшчэ меней людзей галасавалі за стварэнне незалежнай Данецкай рэспублікі. Большасць апытаных адмяла гэтую ідэю як непрадуманую, нежыццяздольную і абсурдную. 
 
 
Хтосьці гаворыць пра аўтаномію ў складзе Украіны, хтосці хоча дакрычацца да Кіева, што мы тут іншыя, палюбіце нас чорненькімі, хтосьці вінаваціць цэнтр ва ўсіх смяротных грахах і кажа пра немагчымасць далей жыць пад яго ўладай. Але ў асноўным людзі галасавалі за тое, каб «усё гэта нарэшце скончылася». Таму яны і не святкавалі сваёй перамогі разам з узброенымі «апалчэнцамі». Бо хочуць, каб яны таксама раптам скончыліся.  
 
 
Гвалт, кроў і бязладдзе страшэнна напалохалі іх. І яны ў адчаю ўхапіліся за мірны інструмент вырашэння праблем, які ім прапанавалі падпальшчыкі вайны. 
 
 
«Можа, хаця б Расія прынесла нам мір?», — няўпэўнена спытаўся ў нас саміх хлопец-рабочы. Ён і сам мала верыў у гэта. Толькі іншыя альтэрнатывы здаваліся яму зусім прывіднымі. 
 
 
Многія не разумеюць, што менавіта Расія прынесла ім вайну, бо звыклі безаглядна і некрытычна яе любіць. Многія гэта разумеюць, але схіляюцца да яе проста таму, што яна мацнейшая. «Што тут ужо паробіш, нават Штаты бздзяць на Расію лезьці», — як выказаўся адзін таксіст.   
 
 
Так, Данбас заблытаўся, у пошуках паратунку ён схапіўся за гарачы прас, не ўбачыўшы працягнутай рукі. Але чаму не ўбачыў — бо кепска глядзеў, ці таму, што яе не было? На мой погляд, бессэнсоўна спрачацца па гэтым пытанні, лепей працягнуць руку яшчэ раз, больш заўважна. Іначай за гарачы прас давядзецца трымацца абодвум. 

Абмеркаванне:

  • Рыгор
  • 2014-05-13 13:58:35
Нешта становіцца больш зразумелым, бо вельмі розная інфармацыя ў розных СМІ! Зараз асноўнае пытанне, што будзе з гэтым рабіць Расея. Але ж яно, гэтае пытанне, мусіць, рытарычнае. Цяжка і сумна.
  • Павел
  • 2014-05-13 18:18:36
Психологически точно описаны настроения на востоке. К сожалению, предложениям автора, высказанным в конце статьи, сбыться вряд ли суждено. А было бы неплохо!

Каментаваць