Данецкі полк на абароне ўкраінскай зямлі

"Я не ведаю, мо кіраўніцтва дзяржавы лічыць, што ўсе данецкія з луганскімі спрэс адныя бандыты, дык плюнулі на нас? А мы ж тут сваю, украінскую зямлю абараняем...", — кажа падпалкоўнік Васіль.

 



Мы, як той індык, таксама супраць вайны

Калі вясной-летам гэтага году з'яўляліся паведамленні пра захопленыя сепаратыстамі на Данбасе ўкраінскія вайсковыя часткі, потым было незразумела, ці то яны пераходзілі ў «апалчэнне», ці то проста бясследна раствараліся. Таму мяне вельмі зацікавіла прапанова з'ездзіць у Данецкі зенітна-ракетны полк, вайсковую частку А1402, захопленую ў Данецку напрыканцы чэрвеня.

Прапанаваў мне з'ездзіць разам херсонскі святар Сяргей Чудзіновіч. З ім мы пазнаёміліся яшчэ вясной і тады наведвалі з валанцёрскай дапамогай Данецкі зенітна-ракетны полк, які ў той час ахоўваў мяжу Херсоншчыны з Крымам. Цяпер камандны пункт палка знаходзіцца ў сотне кіламетраў ад Данецка, да Херсону адсюль больш за чатырыста. Шлях няблізкі і нятанны. Пытаюся ў а. Сяргея, як ён на яго наважыўся.

«У вас жа ў Беларусі стэпу няма, суцэльныя лясы? Адразу бачна, што няма. Для нас, стэпнякоў, гэта не адлегласць. Апроч таго, барацьба з уласным жлобствам заўжды прыносіла мне карысць», — аджартоўваецца той.

Потым тлумачыць, што яго запрасілі на святкаванне 53-годдзя дня заснавання палка і падкупілі  магчымасцю хрысціць двух байцоў, якія пабывалі ў баях. Ён і паехаў, прыхапіўшы поўную машыну падарункаў — не толькі пад завязку забіты багажнік, але і задняе сядзенне запоўненае пад самы дах.


 

Сяргей Чудзіновіч святар Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Нягледзячы на частыя намёкі на магчымае аб'яднанне двух патрыярхатаў у адну памесную царкву, у іх дасюль захоўваюцца істотныя супярэчнасці. Гэтак, тлумачыць а. Сяргей, прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхату папракаюць іх у тым, быццам яны «не за мір». Дарэчы, як пазней высветлілася, святар з царквы Маскоўскага патрыярхату, якая знаходзіцца побач з размяшчэннем каманднага пункту Данецкай зенітна-ракетнай часці, ніводнага разу салдатаў не наведваў. 

«Ведаеце анекдот пра мужыка, які прыйшоў з індыкам на павадку на Чырвоную плошчу? Да яго падыходзіць міліцыянт і кажа, што птушкам тут знаходзіцца «не паложана». Той мужык не разгубіўся, паказвае на зграйку галубоў — іх ніхто адсюль не праганяе. Міліцыянт гаворыць: Ну, гэта ж голуб, птушка міру. А мужык яму ў адказ: Мой індык, паверце,  таксама супраць вайны. Вось і мы, як той індык, таксама супраць вайны», — кажа а. Сяргей.


«Але ж мір — комлекснае паняцце. Калі б мяне пасадзілі ў будку на ланцуг, рэгулярна давалі б якую-небудзь міску поліўкі, я, напэўна, мог бы выжыць. І звонку маё жыццё, магчыма, выглядала б даволі мірным. Толькі ўнутры ў мяне б міру не было. Бо паняцце міру, у маім разуменні, уключае ў сябе свабоду», — тлумачыць святар.


Таму, працягвае ён, яны моляцца не за абстрактную «айчыну», як у цэрквах Маскоўскага патрыярхата, і не супраць абстрактнага «супастата», а за Украіну і супраць расійскай агрэсіі.

Настроены ён пры гэтым хутчэй песімістычна. Прадказвае «значна большыя ахвяры». «Гэта заканамерна, бо мы прафукалі шмат магчымасцяў і шанцаў збудаваць моцную краіну, дазволілі гаспадарыць тут прайдзісветам. Цяпер за сваю нядбайнасць мусім расплачвацца», — гаворыць а. Сяргей.


Непарадны бок в/ч А1402


Пазней, калі мы ўжо былі ў размяшчэнні часці, я заўважыў, што тут выглядае ўсё не так кепска, а. Сяргей, па сваёй звычцы, адказаў анекдотам.   

«Савецкія дзеці малодшых класаў едуць з настаўніцай на экскурсію ў аўтобусе. Дарогу ім перабягае заяц. Настаўніца пытаецца: Дзеці, хто гэта? Яны маўчаць. Настаўніца спрабуе дапамагчы: Ну, пра каго мы столькі песенек спявалі? Тады нейкая дзяўчынка-выдатніца цягне руку: Я разумею, што гэта дзядуля Ленін, але ж вельмі падобна да зайчыка... Так і тут, вельмі да зайчыка падобна», — кажа Сяргей Чудзіновіч.

Ён не ўдакладніў, што мае на ўвазе, падобна да зайчыка, і ўсё. У мяне самога была магчымасць потым даведацца пра непарадны бок вайсковай часткі А1402. Зрэшты, хачу адразу заўважыць, што існаванне палка, укамплектаванага ў асноўным з жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, і ўдзел яго дывізіёнаў у антытэрарыстычнай аперацыі (у палка ёсьць ужо свой спіс загінулых) — само па сабе ўжо нямала. У чым, мабыць, вялікая заслуга камандзіраў.

І ўсё-ткі шмат салдатаў бяжыць. Па словах падпалкоўніка Васіля, збегла каля сямідзесяці чалавек. Вышэйшае камандаванне не выдзеліла памяшканняў, праз халады давялося самавольна заняць тэрыторыю дзіцячага лагера.

«Вядома, з Кіева мне далі адлуп. Я ім кажу — прыязджай сюды, пажыві з намі, бо з дупай у цяпле ты мяне не зразумееш. А хочаш, здымай з пасады. Усё роўна любы на маім месцы будзе рабіць тое ж самае, калі захоча зберагчы салдатаў. Лясніцтва мясцовае давялося таксама паслаць. Хаця тут у іх шмат дзе трэба прарэжваць лес, не давалі секчы дрэвы. Ламалі на дровы плот, потым плюнулі, прарэдзілі без дазволу. З ежай таксама перабоі, дык я хадзіў паляваў на дзікоў, зайцоў. У першую чаргу не афіцэраў, а салдатаў карміў. Так, гэта браканьерства, але што рабіць?! Іначай салдаты і далей будуць разбягацца», — расказвае падпалкоўнік.

Пакрысе жыццё наладжваецца. На святкаванне прыехаў уладальнік  мясцовай аграфірмы, прывёз у падарунак жывога кабана, пра якога салдаты спрачаліся, хто ж яго будзе цяпер карміць і пасвіць. Кіраўнік мясцовай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі даў салдатам месца, дзе памыцца. Абяцалі дапамагаць і надалей, вельмі хвалілі полк за дысцыплінаванасць, ніхто з навакольных жыхароў не скардзіцца. Апроч нас з Сяргеем Чудзіновічам, за дзень прыехалі яшчэ дзве машыны з валанцёрскай дапамогай. Але дасюль не хапае элементарных рэчаў — напрыклад, берцаў і зімовых шапак пад каску.  


«Правасекі дапамаглі»


«Я не ведаю, мо кіраўніцтва дзяржавы лічыць, што ўсе данецкія з луганскімі спрэс адныя бандыты, дык плюнулі на нас? А мы ж тут сваю,  украінскую зямлю абараняем... Людзі ўжо шмат грошай аддалі на войска, зараз сродкаў паменела, дык валанцёры збольшага дапамагаюць вайскоўцам з сваіх абласцей. Нам няма каму дапамагчы», — скардзіцца Васіль.  

Падпалкоўнік задумваецца, потым робіць няпростае для яго, як бачна, прызнанне: «Каму скажы, дык не павераць... Нам «Правы сектар» шмат дапамагае. Вось у мяне лекараў няма, напрыклад, а сёння прывезлі хлопца, параненага пад Аўдзееўкай. Да Днепрапятроўску тут яшчэ ого-го сколькі ехаць, ён крывёй сцячэ, пакуль я давязу яго туды. Куды везці? Да «правасекаў», яны тут побач. Аскепкі акуратна дасталі, рану чысценька апрацавалі. Вядома, я ім вельмі ўдзячны», — гаворыць Васіль.

Ён дадае, што раней «правасекаў», як тыповы ўсходнік, «на дух не пераносіў», «ну зусім не ўспрымаў». Яго і цяпер яшчэ здзіўляе сітуацыя, калі ён з імі па адзін бок лініі фронту знаходзіцца. «Не ведаю, як там будзе потым, калі ўсё гэта скончыцца, але пакуль яны мае пабрацімы», — гаворыць падпалкоўнік, чый дом застаўся ў Новаазоўску.

 

Дзве вайны

Наогул, паходжанне з самых усходніх абласцей у палку заўважнае. Пачынаючы ад камандзіра часці, Алега Аляксандравіча, ён з Данецку, які разгублена прамовіў за святочным сталом: «Ну не магу я перастаць лічыць расіянаў братамі. У мяне жонка з Расіі, сваякі там, сколькі разоў я ездзіў рыбачыць на Волгу (апусцім пераказ таго, што і якіх памераў ён лавіў)... Я ў войску з 1991 году, і за гэты час, колькі мы не праводзілі вучэнняў, ніводнага разу Расія не разглядалася ў якасці верагоднага ворагу. У мяне проста ў галаве ўсё гэта не ўкладваецца».

Ці кума аднаго з афіцэраў, якая ўсё хіхікала, чытаючы розныя анекдоты з тэлефона, сярод якіх траплялася нямала яўна антыўкраінскіх. «Нам няма чым ганарыцца ў сваёй краіне, таму мы раскажам, як кепска жывецца маскалям», усялякае такое. Нават нейкае параўнанне Ельцына і Парашэнкі зачытвала — нібыта адзін і другі развалілі краіны, набралі крэдытаў, распачалі войны... Над імі яна хіхікала не так моцна, як над анекдотамі пра мужа і жонку, здаецца, нават гублялася на секунду, калі іх зачытвала, але ёй ніхто не сказаў: «Кума, ты гэтае глупства кінь».

Валанцёрцы, якая прыехала з падарункамі позна ўвечары, нехта з камандзірскіх жонак таксама скардзіўся, што гэта «вайна паміж алігархамі», а мо і грамадзянская, карацей, няправільная вайна, на якой іхныя мужыкі невядома што робяць. Яна ў адказ распавяла, што ейны шлюб на мяжы распаду, бо калісці яны пайшла на Майдан насуперак жаданню мужа, сказаўшы яму: «Хоць нехта ад нашай сям'і мусіць там быць». Пазней стала валанцёркай, ездзіць па самых гарачых кропках, пакуль муж робіць рамонт кватэры.

«Я кажу яму, слухай, ты свой рамонт можаш рабіць толькі таму, што нашыя хлопцы стрымліваюць там гэтую навалач. Іначай бы яны былі ўжо тут, і табе было б не да рамонту. Згадзіцеся, якой бы гэтая вайна не была, з таго боку нам не дабро сюды нясуць, ці не так?». Пад уражаннем ад яе рашучасці, данбаскія жанчыны згодна заківалі галовамі.

Дасціпна выказаўся наконт характару вайны на Данбасе адзін з афіцэраў Данецкага зенітна-ракетнага палка. 

«У 1861-65-м гадах у ЗША адбылася вайна. Адныя грамадзяне хацелі жыць у ЗША з нявольнікамі, іншыя — у ЗША без нявольнікаў. Яны і перамаглі. Гэта была грамадзянская вайна. Раней, у 1775-83-м гадах, у ЗША адбылася зусім іншая вайна. Адныя грамадзяне хацелі жыць пад брытанскай каронай, з брытанскім сцягам і сталіцай у Лондане. Менавіта адтуль яны атрымлівалі вайсковую дапамогу. Іншыя грамадзяне пад брытанскай каронай жыць не хацелі, а бачылі сябе грамадзянамі незалежнай дзяржавы. Гэта называецца вайной за незалежнасць», — прывёў афіцэр гістарычную аналогію.  

«На Данбасе ёсць грамадзяне, якія хочуць жыць у Расіі. З сталіцай у Маскве, пад расійскім сцягам, з вайсковай дапамогай адтуль. А іншыя хочуць жыць у незалежнай Украіне. Дык якая ў нас вайна?», — рытарычна спытаў ён.  

Усё так, але калі ўкраінская дзяржава будзе ставіцца да сваіх вайскоўцаў ды іншых грамадзянаў, як да нявольнікаў, ці не адбудзецца там сапраўднай грамадзянскай вайны?

Абмеркаванне:

  • Антось
  • 2014-10-02 12:13:03
Драныя берцы і недахоп цёплых убораў на галовы на тле гульбы ў кіеўскіх рэстаранах... Шчыміць ад болі душа...
  • Зміцер
  • 2014-10-02 19:16:30
Трэба ўжо пакончыць з гэтай бойкай! Бо з тых, хто знаходзіцца пад кулямі з абодвух бакоў, мало хто разумее, навошта братам біцца. Толькі крымінал шыкуе: вольніца! А астатнія толькі страчваюць родных
і пакой у сваіх душах.
  • Багдан
  • 2014-10-04 15:13:53
Вы так кажаце, быццам украінцы працягваюць бойку дзеля бойкі, ад няма чаго рабіць. Але не яны яе распачыналі, не могуць і скончыць у аднабаковым парадку. І б'юцца там усё ж не браты. Украіна дае
адлуп агрэсару.
  • Киев
  • 2015-09-30 02:15:06
Прикольно читать про этот полк. В принципе все верно, но помогать ему мы начали в октябре-ноябре и именно по причине что "ничейные". Одежды и обуви направляли паллетами по 350-500кг.
Буржуйки, продукты, медикаменты, мыльно-рыльное. К середине декабря у них стало более-менее терпимо. А весной их базой стала законсервированная в/ч в г.Золотоноша. Там нормальный мэр.
Подремонтировали + местные помогают. Так, что у них все налаживается :)

Каментаваць