Данецкія як асобная нацыя

Стваральнікі так званай Данецкай Народнай Рэспублікі аргументуюць яе права на існаванне, акрамя іншага, наяўнасцю данецкага этнасу. Ці сапраўды на Данбасе жыве асобны ад украінцаў народ, і што гэта за народ?



Ад аргументаванага станоўчага адказу на гэтае пытанне будзе шмат у чым залежаць легітымізацыя данецкага сепаратызму ў масавай свядомасці і, магчыма, нават далейшае існаванне праекту.

Відавочна, што за аснову канцэпцыі існавання данецкага этнасу будуць прынятыя напрацоўкі актывістаў невялікай групоўкі "Данецкая Русь". Гэта палітычная секта была заснаваная ў 2005 годзе ў якасці рэакцыі групы рускамоўнай інтэлігенцыі Данецку на аранжавую рэвалюцыю. На першы погляд, гэта была тыповая патрыятычная групоўкай, якія ва Украіне звычайна кормяцца пры Партыі рэгіёнаў. Аднак у групы была свая фішка. Яна паспрабавала сістэмна сінтэзаваць канцэпт існавання асобнай ад украінскай данецкай этнічна-культурнай супольнасці, што дае ёй правы патрабаваць як мінімум аўтаноміі ў складзе Украіны.

Перш за ўсё ўвага факусавалася на тым, што Данбас — гэта этнічна не ўкраінская тэрыторыя. Першымі каланізаваць гэты дзікі край, быццам, пачалі рускія. У якасці доказу прыводзіліся мапы XVII стагоддзя, на якіх частка цяперашняй Луганскай вобласці ўваходзіць у склад тэрыторыі Данскіх казакоў. Улетку 1599 баярын Багдан Бельскі заснаваў на рацэ Паўночны Данец крэпасць, што, маўляў, стала пачаткам прыходу цывілізацыі ў стэп. Падкрэсліваецца, што менавіта рускія прадпрымальнікі і інжынеры ператварылі Вялікае поле ў галоўную прамысловую базу Поўдня Расійскай Імперыі. Асноўная плынь працоўных эмігрантаў у Данбас ішла з цэнтральнай Расіі, а не з украінскіх губерняў. Паводле перапісу 1898 года, 72 працэнты насельніцтва Данбасу — вялікаросы.

Асобны блок аргументаў звязаны з самаідэнтыфікацыяй вядомых асобаў, якія нарадзіліся ў Данбасе. Кампазітар Сяргей Пракоф'еў, філолаг Уладзімір Даль, пісьменнік Усевалад Гаршын, піянер расійскага кінематографа Аляксандр Ханжанкоў, Аляксей Стаханаў і іншыя, хаця і нарадзіліся ў Данбасе, заўсёды лічылі сябе рускімі або грамадзянамі СССР. А аднаго ўкраінскага класіка данецкія сепаратысты наогул моцна паважаюць. Гэта паэт, дысідэнт 1970-х гадоў Васіль Стус. У сваіх мемуарах ён узгадвае Данецк, дзе яму давялося вучыцца, як абсалютна варожую ўкраінскаму чалавеку прастору. Пры гэтым, натуральна, забываюць, што той жа Сяргей Бубка — вядомы ўкраінскі спартсмен — мае данецкія карані.

Асаблівае месца ў міфатворчасці данецкага этнасу займае эпізод з Данецка-Крыварожскай Рэспублікай. Не дарма 9 лютага, калі ў 1918-м яна была створаная, данецкія сепаратысты абвясцілі Днём Данбасу. Пасля Кастрычніцкага перавароту Цэнтральная Рада абвясціла стварэнне Украінскай народнай рэспублікі (УНР). Украінай абвяшчаўся і Данбас. У адказ пленум Выканкама Саветаў Данкрывбаса выступіў з ініцыятывай аб неабходнасці стварэння «незалежнай ад кіеўскіх цэнтраў самакіраванай аўтаномнай Данецкай вобласці».

Мяркуючы па ўсім, абвясціць стварэнне такой рэспублікі планавалася на зборах у Харкаве. Аднак у Кіеве, дзе паралельна праходзілі першыя зборы Саветаў Украіны, бальшавікі аказаліся ў меншасці. Тады бальшавікі абвясцілі з’езд дэлегатаў Данкрывбаса Першым з’ездам Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў усёй Украіны. Тут жа быў створаны і прасавецкі аналаг УНР пад кіраўніцтвам нацыянал-камуніста Міколы Скрыпніка.

Але як толькі немцы і гайдамакі пачалі ваяваць са Скрыпнікам, данецкія абвясцілі сваю, тую самую Данецка-Крыварожскую Рэспубліку (ДКР). Яна пратрымалася каля месяца, аднак прэцэдэнт, на думку сепаратыстаў, быў створаны.

ДКР спрабавалі адрадзіць у 1919 годзе, калі ў Данбас вярнуліся чырвоныя. Зноў пачалася барацьба бальшавікоў — прыхільнікаў стварэння ДКР з бальшавікамі-ўкраінцамі. Урэшце, у спрэчку Украіны і Данбаса ўмяшалася Масква, і валявым рашэннем тав. Сталіна было загадана лічыць Данкрывбас часткай Украіны.

У савецкі час Данбасу адводзілася роля нараджэння савецкіх міфалагем. Данбас даваў глебу для гісторыка-ідэалагічнай міфалогіі савецкай дзяржавы. З гэтай серыі рух стаханаўцаў, вобраз падпольшчыкаў Маладой Гвардыі, Паша Ангеліна, «Спяць курганы цёмныя» і гэтак далей. Нядзіўна, што пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны, падчас страйкаў у 1993 годзе, шахцёры патрабавалі аўтаноміі ад нацыяналіста Краўчука. Пасля пачатку паходу "данецкіх" ва ўладу дэмакратычныя СМІ зрабілі Данбасу імідж краю бандытаў і гопнікаў, што садзейнічала ментальнай ізаляцыі данецкай супольнасці.

Цікава, што данецкія сепаратысты не лічаць сябе рускімі. Яны сцвярджаюць пра наяўнасць сярод абарыгенаў сербскага, балгарскага і грэчаскага субстрату. Як вядома, царская адміністрацыя давала землі выхадцам з іншых краін на ільготных умовах, прыцягваючы іх для нясення памежнай службы. У 1753 годзе сюды прыбыла першая сербская група, і нават была створана новая адміністрацыйная адзінка Расійскай імперыі — Славянасербія з цэнтрам у Бахмут (цяпер Арцёмаўск).

Нягледзячы на карлікавы характар руху данецкіх сепаратыстаў, Кіеў усе часы незалежнасці ставіўся да праблемы Данбасу вельмі сур’ёзна. Магчыма, баяліся, што Партыя рэгіёнаў можа пачаць гуляць у незалежніцкія гульні. Друкавалася дастаткова шмат (па ўкраінскіх маштабах) прапагандысцкай літаратуры, якая даводзіла ўкраінскасць Данецкага краю. Пры Юшчанку спрабавалі ўсур’ёз разглядаць легенду пра тое, што ў часы вайны ў Данбасе дзейнічала сетка бандэраўскага падполля, у сябры якой запісалі нават групу "Маладая Гвардыя".

Кіеўскімі гісторыкамі аспрэчваўся тэзіс пра тое, што піянерамі-каланістамі Дзікага поля былі рускія. Раней за іх, быццам, тут з’явіліся сяляне з Правабярэжнай Украіны, якія беглі ад паншчыны, і запарожскія казакі. Так, у Кіеве моцна пратэставалі супраць таго, каб заснавальнікам Юзаўкі (цяперашні Данецк) лічылі англійскага прадпрымальніка Джона Юза. У сваіх брашурах яны даводзяць, што горад узнік на базе ўкраінскай казацкай станіцы Аляксандраўка. Нядзіўна, што ва ўсіх гістарычных атласах цяперашні Данбас уключаны ў склад тэрыторый, падкантрольных Запарожскаму казацтву.

Цяпер гістарыяграфічныя войны вакол Данбасу пачнуцца ў нябачаных яшчэ ў гісторыі памерах. Асабліва будзе шмат інвеставаць у агітпроп Масква, паколькі толькі праз ідэю данецкага этнасу можна легімітаваць сепаратызм у краі, дзе этнічную большасць складаюць украінцы. З іншага боку, Масква можа выступіць і магільшчыкам данецкага нацыяналізму. Не выключана, што Данецк і Луганск стануць плацдармам для спроб вяртання ў Кіеў Януковіча, які павінен мець імідж агульнаўкраінскага лідара. У апошнім варыянце данецкі сепаратызм будзе знішчаны самімі цяперашнімі данецкімі сепаратыстамі. 

Каментаваць