Дапаможа добры шах

Таджыкскі афіцыёз прапануе закласці ў аснову нацыянальнай ідэі таджыкаў канцэпцыю «добрага шаха». Каталізатарам дыскусіі наконт нацыянальнай ідэі ў Таджыкістане стаў рост папулярнасці персанажаў расійскага сатырычнага шоў «Наша Раша». 



Чытач, напэўна, здагадаўся, што гаворка пра Джамшуда і Раўшана — таджыкскіх гастарбайтэраў, якія па сюжэце працуюць у Маскве і ўвесь час трапляюць у розныя камічныя сітуацыі. Афіцыйны Душанбэ нават неаднаразова выступаў супраць гэтай ксенафобскай праграмы.

Адначасова частка мясцовых інтэлектуалаў выступіла з правакацыйным тэзісам: з’яўленне вобразаў Джамшуда і Раўшана ёсць цалкам заканамернай з’явай. «Тое, што ў этнічных анекдотах у Расіі і ў іншых постсавецкіх краінах вобраз таджыка займае бачнае месца — люстэрка рэчаіснасці. Таджыкскія мігранты сёння з’яўляюцца самымі неканкурэнтаздольнымі на расійскім рынку працы. Устойлівае запаўненне гэтай нішы з’яўляецца галоўным прыкметай неканкурэнтаздольнасці мігрантаў (а значыць, і тытульнай нацыі), паколькі гаворка ідзе пра нішу, якая запаўняецца толькі некваліфікаванай, малапісьменнай працоўнай сілай. У вобразе Джамшуда і Раўшана выступаюць мільёны малапісьменных маладых людзей. Нашы назіранні паказалі, што амаль палова маладых працоўных мігрантаў, якія пакінулі сваю радзіму, не ў стане запоўніць міграцыйную картку», — адзначала таджыкская прэса.

Пасіўнасць маладых таджыкаў, іх нежаданне пакінуць маргінальнае гета інтэлектуалы тлумачылі эрозіяй нацыянальнай ідэі. Другой галоўнай перашкодай для дасягнення нацыянальнай інтэграцыі, без якой сапраўднае адраджэнне тытульнай нацыі немагчымае, называлася развітая сістэма мясцовых кланаў.

Выхад з сітуацыі вырашылі шукаць у абнаўленні нацыянальнай ідэі. Яна, дарэчы, у Таджыкістане вельмі арыгінальная, паколькі таджыкі — адзіны іранамоўны народ, які ўваходзіў у склад СССР. Таму яшчэ ў часы Савецкага Саюзу сярод часткі мясцовай інтэлігенцыі ўзнікла арыйская крамола. Перыядычна нацыяналісты агучвалі тэзіс пра тое, што таджыкі — гэта нашчадкі арыяў, якія паводле расавай тэорыі маюць перавагу над усімі іншымі этнасамі. За гэта іх, адпаведна, ганяла КДБ.

Пасля абвяшчэння незалежнасці арыйскай канцэпцыі было дадзенае зялёнае святло. У ідэйным плане трэба было нешта супрацьпаставіць націску ісламістаў. Аднак з часам стала відавочна, што тэма арыяў выглядае ў вачах таджыкаў дастаткова абстрактнай. Магчыма, таму, што расійскія скінхеды б’юць нашчадкаў арыяў, якім, паводле той жа расавай тэорыі, наадварот, непаўнавартасныя славяне маюць лізаць боты. Не дзіўна, што яшчэ пару гадоў таму афіцыйныя прапагандысты сталі паступова адсоўваць арыйскія матывы на задні план. Замест гэтага прапагандавалі дзяржаву Саманідаў, якую, паводле агітпропу, заснавалі прашчуры таджыкаў. Мінусам гэтай канцэпцыі было тое, што ў дзяржаве Саманідаў вялікую ролю гуляў іслам, што стварае шчыліны для ісламістаў.

Магчыма, таму і ўзнікла ідэя справядлівага шаха, якую агучыў блізкі да ўлады прафесар Абдугані Мамадазімаў. Канцэпцыя гучыць наступным чынам: «Сучасная варыяцыя ідэі аб справядлівым шаху — гэта ідэя аб усенародна абраным прэзідэнце як агульнанацыянальным лідары (замест ранейшага ўдачлівага правадыра, які захапіў уладу мячом), такі правадыр адказны перад грамадствам, праводзіць узважаную ўнутраную і знешнюю палітыку».

Самае цікавае — не толькі Таджыкістан, а ўсё дзяржавы сярэднеазіяцкага рэгіёну даўно, самі гэтага не ведаючы, праводзяць у жыццё ідэю «справядлівага шаха». Гэта выражаецца ў тым, што ва ўсіх краінах, паводле Абдугані, ёсць свае лідары, вакол якіх аб’яднаўся народ. Менавіта такая канфігурацыя грамадства дапамагла рэгіёну адносна лёгка перайсці ад мадэлі сацыялістычных рэспублік да мадэлі нацыянальных дзяржаў. Да таго ж шахская ідэя стала спрыяльнай глебай для правядзення розных агульнанацыянальных рэформаў, бо дамінаванне дзяржаўнага патэрналізму ў дадзеных грамадствах дазволіла пазбегнуць жорсткага супрацьстаяння паміж рознымі грамадскімі пластамі і дзяржаўнымі структурамі, якія праводзяць дадзеныя рэформы.

Нарэшце, быццам, ідэя справядлівага шаху (у новай мадыфікацыі) дазволіла спачатку не дапусціць у рэгіёне «каляровых» рэвалюцый, а пазней — не заўважаць балючыя працэсы «арабскай вясны».

Пры гэтым рэжымы ў Астане, Ташкенце і Ашхабадзе супрацьпастаўляюцца рэжыму ў Кыргызстане, дзе за часы незалежнасці змянілася чатыры прэзідэнты. На калектыўную думку кіргізаў паўплывала шаманская «ерась».

Аўтар канцэпцыі добрага і справядлівага шаха лічыць: «Заканамернасці пераходнага часу патрабуюць дамінавання выканаўчай улады над астатнімі, што можа эканоміць час для ўзгаднення палітыкі паміж усімі галінамі ўлады». Як адзначае выданне «Фергана», «няма сумневаў, хто менавіта прапануецца ў сучасныя «справядлівыя шахі». Перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі падчас паездак Эмамалі Рахмона па краіне дарослыя і дзеці, якія збіраліся на сустрэчы з ім, сустракалі прэзідэнта радаснымі крыкамі: «Прыходзь, наш шах!».

Прапанова Мамадазімава выклікала шмат пратэстаў у інтэлектуальных колах. «Сама ідэя аб справядлівым шаху або аб народным прэзідэнце не з’яўляецца канструктыўнай. Гісторыя яшчэ не ведае ніводнага справядлівага шаха — рэальнага выразніка інтарэсаў народа. Усё, што кажуць пра Аляксандра Македонскага, пра Пятра I, пра Леніна, пра Ельцына і пра многіх іншых шахаў і прэзідэнтаў, — чыстыя выдумкі прыдворных і гісторыкаў і паэтаў», — піша адзін з апанентаў Мамадазімава.

Між тым, большасць назіральнікаў згодныя, што ўлада ў Душанбе сапраўды можа правесці ідэалагічную «зачыстку» і абвясціць Рахмона шахам. Гэта будзе сур’ёзным крокам у накірунку прававога ператварэння фармальных рэспублік Сярэдняй Азіі ў адкрытыя манархіі.

Нават Туркменбашы ў свой час адмовіўся ад ідэі стаць шахам, хаця такая ідэя актыўна абмяркоўвалася ў туркменскіх урадавых колах. А вось наколькі шахскі тытул Эмамалі Рахмона здольны выклікаць у таджыкаў выбух пачуцця нацыянальнай годнасці, можна паспрачацца. Прынамсі, большасць аглядальнікаў глядзіць на гэта са скепсісам.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2014-02-11 01:01:21
Энтузіязм не большы, чым з'яўленьне ў нас Вялікага Князя Алекса І.

Каментаваць