Дарагі сябра Гітлер

У Балівудзе (індыйскі аналаг Галівуду), вырашылі рэабілітаваць Гітлера. Еўропа спрабуе зразумець загадкавую індускую душу.

(На здымку: Анупам Кхер і Неха Дхупія)



У Балівудзе (індыйскі аналаг Галівуду), вырашылі рэабілітаваць Гітлера. Еўропа спрабуе зразумець загадкавую індускую душу.

(На здымку: Анупам Кхер і Неха Дхупія)


Навіна, якая выклікала ў Еўропе шок, — рэжысёр Ракеш Кумар паведаміў пра намер зняць фільм, прысвечаны апошнім дням Адольфа Гітлера. Стужка будзе называцца «Дарагі сябра Гітлер» («Dear Friend Hitler»). Ужо вядома, што галоўныя ролі выканаюць акцёры Анупам Кхер і Неха Дхупія — былая міс Індыя. Яны, адпаведна, сыграюць Адольфа Гітлера і Еву Браўн.

Увогуле, тэма Гітлера апошнім часам папулярная ў кінематографе і масавай культуры. Можна згадаць фільм «Малох» — першы фільм у трылогіі Аляксандра Сакурава пра людзей ва ўладзе. У 2004 годзе ў Германіі быў зняты «Бункер». Сцэнар «Бункера» быў напісаны на аснове мемуараў асабістай сакратаркі Гітлера. У 2008-м у расійскі пракат выйшла і адразу правалілася камедыйная стужка «Гітлер капут». Нарэшце, у мінулым годзе Гітлера можна было пабачыць у скандальным фільме Квенціна Таранціна «Ганебныя вырадкі».

Аднак усе згаданыя карціны канцэптуальна не падобныя на тое, што задумалі ў Балівудзе. Па словах Кумара, «карціна будзе прысвечаная любові Гітлера да Індыі і ролі, якую ён ускосна адыграў у працэсе атрымання краінай незалежнасці». «Я хацеў бы паказаць характар Гітлера, ягоную харызму, ягоныя сумненні, паранойю падчас апошніх дзён вайны, ягоны геній», — цытуе нямецкі «Frankfurter Rundshau» рэжысёра.

Для Еўропы такі падыход абсалютна не зразумелы. На старонках заходняй прэсы ўпершыню пачалася дыскусія наконт асаблівасці адаптацыі другой сусветнай вайны і яе спадчыны ў індыйскай масавай свядомасці.

Таму ёсць аб’ектыўныя прычыны. Індыя, на той час брытанская калонія, ляжала далёка ад тэатру вайсковых дзеянняў. Яе жыхары не ведалі, што такое карныя аперацыі СС супраць мірнага насельніцтва або халакост.

Акрамя таго, у індускім грамадстве папулярны тэзіс пра тое, што быццам вайна, развязаная нацыстамі, аб’ектыўна рабіла Вялікабрытанію больш слабай, і ў выніку падштурхнула Лондан пачаць працэс перадачы ўлады ў Індыі тубыльцам.

Большасць падобных аргументаў з пункту гледжання гісторыкаў не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Гітлер сапраўды паслабіў у ходзе вайны Вялікабрытанію. Аднак факт ёсць факт: незалежнасць Індыя атрымала пасля вайны.

Але Гітлер ніколі не падтрымліваў лозунг незалежнасці Індыі і нават раіў англічанам забіць Махатму Гандзі і яго паплечнікаў па Індыйскаму нацыянальнаму кангрэсу. Фюрэр таксама лічыў, што незалежнасць Індыі можа пакласці канец глабальнаму дамінаванню белай расы.

Субхас Чандра Бос з Адольфам Гітлерам


Аднак усе гэтыя спрэчкі не маюць сэнсу, пакуль не будзе разгаданая загадка чалавека пад прозвішчам Субхас Чандра Бос.

Субхас Чандра Бос — выхадзец з багатай сям’і, выпускнік Кембрыджу, належаў да радыкальнай фракцыі Індыйскага нацыянальнага кангрэсу, быў ідэйным праціўнікам Махатмы Гандзі, які рабіў стаўку на паступовыя рэформы. Бос абараняў прынцып «Purna Swaraj» (поўная незалежнасць), што, у сваю чаргу, цягнула за сабою канфлікты з каланіяльнай адміністрацыяй. Ён сядзеў за кратамі 11 разоў.

Калі пачалася другая сусветная вайна, Субхас тайна збег з Індыі і з дапамогай нямецкай службы Абвер і савецкага НКУС дабраўся да Масквы. Бос марыў тактычна скарыстацца сітуацыяй, атрымаць ад праціўнікаў Лондана дапамогу на стварэнне індыйскіх вайсковых фармаванняў. Сталін інтарэсу да праекту не меў, і хутка Бос апынуўся ў Берліне. Гітлер даў яму нейкія сродкі на стварэнне Індыйскага цэнтру, праграму на радыё, дазволіў стварыць пры СС індыйскую вайсковую структуру.

Утульны дом у Берліне, жонка-аўстрыйка і сталая праца — такому чалавеку, як Бос, гэтага было занадта мала. На падводнай лодцы ён перабраўся ў Японію. Пры дапамозе Токіо ў Сінгапуры са складу палонных індусаў была сфармаваная Індыйская нацыянальная армія (INA), якая ў лепшыя часы налічвала 43 тысячы чалавек. Часткі INA кінулі ў Бірму на вайну з брытанцамі (а дакладней сказаць, з індусамі, якія служылі ў брытанскім войску).

Паралельна пачаў дзейнічаць Часовы эміграцыйны індыйскі ўрад «Азад Хінд» («Свабодная Індыя»). Безумоўна, «Азад Хінд» быў марыянеткай японцаў. Нават на тэрыторыях, якія былі вызваленыя ад брытанцаў (Андаманскія астравы), індусам не дазволілі стварыць сваю адміністрацыю. З іншага боку, «Азад Хінд» друкаваў грошы, маркі, меў сваё заканадаўства. Яго афіцыйна прызналі восем краін. Для шматлікіх жыхароў Індыі, якія больш за 200 гадоў знаходзілася пад брытанскім ярмом, гэта была папросту фантастыка.

Аднак хутка ініцыятыва аказалася ў руках антыгітлераўскай кааліцыі. У 1944 годзе Бос пачаў адступаць разам з японцамі. 18 жніўня 1945 года самалёт, на якім ён ляцеў у Японію, разбіўся над Тайванем. Дасюль існуе шмат версій наконт прычыны катастрофы. Бос лічыўся ворагам Брытанскай Імперыі нумар адзін. Спецслужбы Брытаніі неаднаразова рыхтавалі забойства заснавальніка INA. Таксама хадзілі чуткі, што Бос застаўся жывы. Але, быццам, трапіў у палон да рускіх і памёр у сталінскіх лагерах. Іншыя кажуць, што ўсё астатняе жыццё ён быў простым манахам.

Так ці інакш, фігура Боса і яго палітыка дасюль застаюцца прадметам грамадскай дыскусіі. Нават кіраўніцтва INA, супраць курсу якога Бос заўзята змагаўся, адмаўляецца прызнаваць яго здраднікам. Не зразумела, наколькі ён сам верыў у саюз з фашыстамі? Ці ведаў пра злачынствы саюзнікаў — японцаў у Кітаі? Пра пераслед яўрэяў? Як ставіўся да гэтых фактаў?

Пакуль учынкам Боса не будзе дадзеная афіцыйная ацэнка, у індускім грамадстве застанецца глеба для ілюзій наконт таго, што Гітлер быццам нейкім чынам быў лепшым сябрам Індыі.

Хаця, можа, не ўсё так дрэнна. Памятаючы фармат індыйскага кіно з яго танцамі, пастановачнымі бойкамі і шаблоннай драматургіяй, можна чакаць кітчу. Думаецца, што сцэна танцуючага на індыйскі матыў Адольфа выкліча ў аўдыторыі толькі смех.

Каментаваць