Дэнамінацыі: рэйхсмарка, пенгё, карбованцы

Запланаваная на ліпень наступнага года дэнамінацыя ў Беларусі выклікала шмат дыскусій у грамадстве, хаця ў сусветнай гісторыі дэнамінацыі — справа нярэдкая. Шмат якія краіны не адзін раз скасоўвалі нулі на сваіх грошах.



Толькі пасля Другой сусветнай вайны ў свеце было праведзена больш за 600 дэнамінацый. А першая дэнамінацыя ў гісторыі Еўропы ўвогуле мела месца ў Германіі ў 1871 годзе. Праўда, тая дэнамінацыя была спецыфічная — намінал новых грошай быў большы за старыя (у тэорыі дэнамінацыі такое дапускаецца). У дадатак сама грашовая рэформа была выкліканая хутчэй зменамі на палітычнай мапе Еўропы, а не эканамічнай пертурбацыяй. Пасля перамогі Прусіі над Францыяй (1871) і аб’яднання Германіі знікла патрэба ў саюзным талеры — супольнай грашовай адзінцы нямецкіх дзяржаў, якую маглі чаканіць усе 25 чальцоў нямецкага мытнага саюза. Саюзны талер замяніла нямецкая залатая марка, за адзін талер давалі тры маркі. 

Затое ў 1924 годзе ў Германіі адбылася класічная дэнамінацыя. Рэйхсмарка замяніла папяровую марку (Papiermark), якая падчас гіперінфляцыі 1914–1923 гадоў была вельмі абясцэненая. Курс абмену склаў 1 000 000 000 000 : 1 (адзін трыльён папяровых марак да адной рэйхсмаркі).

Гэты рэкорд удалося пабіць толькі Венгрыі, чыя нацыянальная валюта пенгё пасля Другой сусветнай вайны стала ахвярай нябачанай у гісторыі гіперінфляцыі, якая дасягала 400% на суткі. Напрыканцы мая 1946-га купюра ў 1 квадрыльён пенгё каштавала 2,4 цэнта ЗША. 1 жніўня 1946 была ўведзена новая грашовая адзінка — форынт. Старыя грошы абменьваліся на новыя па курсе 400 актыльёнаў (у атыльёне 27 нулёў) пенгё за форынт.

У гісторыі СССР дэнамінацыя праходзіла ў 1922, 1923, 1924, 1947, 1961 гадах. Найбольш буйной была рэформа 1922-га. Дэнамінацыя тады была праведзена з каэфіцыентам 10 000 : 1. У 1947-м і 1961-м дэнамінацыі былі праведзены з каэфіцыентам 10 : 1. Трэба таксама ўзгадаць нефармальную дэнамінацыю часоў грамадзянскай вайны. Пры выпуску савецкіх грошай (так званых «саўзнакаў») у 1923-м пазначалася, што адзін такі «саўзнак» каштуе 1.000.000 старых царскіх рублёў.

А вось у СНД дэнамінацыя стала больш звыклай справай. Пасля распаду СССР сярод краін постсавецкай прасторы дэнамінацыя не праводзілася толькі ў Эстоніі, Арменіі, Казахстане і Кыргызстане. Сярод краін Садружнасці ў прыбіранні нулёў з купюр найбольш адзначылася, безумоўна, Беларусь з дзвюма былымі дэнамінацыямі (1994, 2000) плюс адной запланаванай на 2016-ы.

Найбольш вялікі каэфіцыент пры дэнамінацыі ў краінах СНД быў зафіксаваны ва Украіне пры пераходзе з карбованцаў на грыўны — 100 000 : 1. Найменшы каэфіцыент (10 : 1) дэнамінацыі быў у Беларусі (1994) і ў Грузіі ў 1995-м, калі грузінскі купон замянілі на лары.

А вось у далёкім замежжы пакуль першынства па колькасці дэнамінацый трымае Бразілія. З 1942 па 1996 гады ў Бразіліі нацыянальная валюты губляла нулі 8 разоў. Самая незвычайная дэнамінацыя мела месца ў 1967-м, калі ў абарот быў уведзены «новы крузейра». Асаблівасцю дадзенай замены было тое, што старыя банкноты з ужытку не выводзіліся, а цыркулявалі з адпаведным штампам пра тое, што гэта і ёсць цяпер новыя грошы.

На другім пасля Бразіліі месцы па колькасці дэнамінацый крочыць былая сацыялістычная Югаславія. Да таго, як краіна канчаткова развалілася, нулі з банкнотаў прыбіралі сем разоў, прычым шэсць апошніх дэнамінацый прыходзяцца на 1990-я гады. 

Зімбабве — сусветны лідар па тэмпах інфляцыі — право­дзіла дэнамінацыі толькі тройчы. Праўда, у выніку апошняй (люты 2009-га) новы долар каштаваў адзін трыльён старых. Самае цікавае, што такі маштаб не паўплываў на лёс новай валюты. Ужо 12 красавіка таго ж года стала вядома аб забароне абароту долара Зімбабве з-за новага вітку гіперынфляцыі. Замест мясцовай грашовай адзінкі жыхары краіны сталі выкарыстоўваць долары ЗША, фунты стэрлінгаў, а таксама валюты суседніх дзяржаў, якія маюць больш стабільную эканоміку. Нарэшце 30 чэрвеня 2009 года зімбабвійскі долар спыніў сваё існаванне праз адпаведнае рашэнне Банка Зімбабве.

Парадаксальна, аднак столькі ж дэнамінацый, як Зімбабве, перажылі Балгарыя (1952, 1962, 1999) і Польшча (1924, 1950, 1995). Думаецца, шмат хто яшчэ памятае 1990-я гады, калі Польшчу ліхаманіла ад інфляцыі. Аднак гэта дробязь у параўнанні з 1920-мі гадамі. Пасля грашовай рэформы 1924 года злоты каштаваў 1 800 мільёнаў старых польскіх марак.

У прынцыпе, як бачым, дэнамінацыя не з’яўляецца нейкім чароўным сродкам. У шэрагу выпадкаў яна сапраўды стала адзнакай аздараўлення фінансаў і ўсёй нацыянальнай эканомікі. У іншых — толькі працягвала агонію існуючай эканамічнай мадэлі. Застаецца спадзявацца, што айчынная дэнамінацыя 2016-га, магчыма, стане прыкметай аздараўлення. 

Каментаваць