Deutsche Welle: У ДНР сілавікі затрымліваюць грамадскіх дзеячаў і валанцёраў

Сярод затрыманых вядомы навуковец Ігар Казлоўскі. Падставай для ўзмацнення рэпрэсій мог стаць падрыў невядомымі помніка Леніну.



Помнік Леніну ў Данецку. Фота AFP


У Данецку мясцовымі сілавікамі быў затрыманы вядомы рэлігіязнаўца і грамадскі дзеяч Ігар Казлоўскі. Падставай для затрымання навукоўца мог стаць "нядаўні падрыў невядомымі помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Данецка", паведамляе ў суботу, 30 студзеня, агенцтва "Укрінформ".

Па дадзеных агенцтва, "сілавікі ДНР" уварваліся ў кватэру Казлоўскага 27 студзеня (помнік Леніну быў пашкоджаны раніцай таго ж дня), "забралі тэхніку, кампутар, усе дакументы, у тым ліку і на кватэру, і павезлі ў невядомым кірунку". Зараз яго месцазнаходжанне невядома.

Украінскі журналіст Дзяніс Казанскі, выступаючы ў эфіры тэлеканала "112 Украіна", заявіў, што матывы затрымання навукоўца наўрад ці звязаныя з палітычнай дзейнасцю — Казлоўскі працаваў выкладчыкам у інстытуце і даглядаў цяжка хворага сына.

Акрамя таго, 29 студзеня была затрыманая кіраўнік валанцёрскай групы "Адказныя грамадзяне" Марына Чаранкова, пра што паведаміў яе калега Энрыке Менендэс на сваёй старонцы ў Facebook. Як мяркуецца, Чаранкова ўтрымліваецца ў так званым "Міністэрстве дзяржбяспекі" ДНР.

У сваю чаргу, расійская "Газета.ру" паведамляе пра спробы затрымання кіраўніка данецкага аддзялення ўкраінскай грамадскай арганізацыі "Просвиты" Марыі Алейнік, якую сілавікі не засталі дома, і ў ціску на прадстаўнікоў мясцовых пратэстанцкіх і грэка-каталіцкіх цэркваў. Кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка таксама выдаў указ пра ўзмацненне жорсткасці каменданцкую гадзіны ў Данецку адразу пасля спробы падрыву помніка Леніну.

Паводле www.dw.com

Каментаваць