Дыпламатычная трагікамедыя

Пасля сумнавядомых падзей пасля 19 снежня Беларускі МЗС стаў заложнікам празмернай актыўнасці чэкістаў.

«Беларускія дыпламаты вядуць вялікую, у тым ліку і інфармацыйна-азнакамляльную працу з еўрапейскімі палітыкамі для фармавання дасведчанага пункту гледжання на падзеі, якія адбыліся ў Мінску», — такімі словамі характарызуе цяперашнюю дзейнасць МЗС яго прэс-сакратар Міхаіл Савіных.



Пасля сумнавядомых падзей пасля 19 снежня Беларускі МЗС стаў заложнікам празмернай актыўнасці чэкістаў.

«Беларускія дыпламаты вядуць вялікую, у тым ліку і інфармацыйна-азнакамляльную працу з еўрапейскімі палітыкамі для фармавання дасведчанага пункту гледжання на падзеі, якія адбыліся ў Мінску», — такімі словамі характарызуе цяперашнюю дзейнасць МЗС яго прэс-сакратар Міхаіл Савіных.

Вельмі цікава было б па­прысутнічаць на сеансах такой працы, паколькі вось ужо месяц пасля Плошчы прайшоў, а «дасведчаны пункт гледжання» не толькі не сфармуляваны, а яшчэ і ўвесь час мяняецца.

Доўгі час афіцыёз даводзіў, што за апазіцыяй стаіць Масква. Калі верыць газеце «Наша Ніва», такую ж версію пасля 19 снежня штурхалі нашы дыпламаты ў Еўропе.

Аднак тэорыя Мартынава супярэчыць тэорыі адміністрацыі. 14–15 студзеня ў «СБ» (друкаваны орган адміністрацыі Лукашэнка) з’явіўся падобны на дэтэктыў опус «За кулісамі адной змовы» — «Перададзеныя па ўказанні кіраўніка дзяржавы для апублікавання ў «СБ» рассакрэчаныя дакументы аб падзеях 19 снежня». Змоўнікамі тут выступаюць Берлін і Варшава.

За адсутнасцю нават больш-менш узгодненай афіцыйнай версіі ўсе намаганні МЗС прыпыніць махавік увядзення санкцый выглядаюць апрыёры смешнымі. Не кажучы пра тое, што хваля ператрусаў і арыштаў, якія працягваюцца ўжо месяц, маральна дыскрэдытавала рэжым.

Нават Даля Грыбаўскайтэ, якая яшчэ ўчора была галоўным адвакатам рэжыму, здала яго. Нават верны саюзнік Зюганаў заявіў, што будзе прасіць літасці для вязняў Амерыканкі.

У выніку нашым дыпламатам заставалася прыняць канструктыўную позу статыстаў і назі­раць, як усе іх напрацоўкі апошніх гадоў ператвараюцца ў пыл.

Ужо на канец першага тыдня новага 2011 года рассыпаўся прабеларускі блок у ЕС. Пасля Італіі пра падтрымку санкцый заявілі Латвія і Літва.

Адзінае, што яшчэ магло грэць душу дыпламатам, намер літоўцаў абмежавацца мяккім варыянтам.

«Санкцыі павінны ўжывацца супраць канкрэтных прадстаўнікоў улады, якія прымаюць рашэнні, удзельнічаюць у іх ажыццяўленні або распаўсюджваюць і абараняюць гэтыя рашэнні», — сказаў Данус Сямашка, дарадца прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ.

Аднак рэзюме слуханняў па Беларусі ў Еўрапарламенце, якія прайшлі 12 студзеня, засведчылі, што літасці не будзе.

Апранутыя ў бел-чырвона-белыя шалікі еўрадэпутаты пастанавілі, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам, асудзілі рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў 19 снежня ў Мінску, а таксама арышты і затрыманні, заклікалі ЕС перагледзець адносіны з РБ.

Яшчэ адзін кепскі знак для беларускіх уладаў — адзінства поглядаў ЕС і ЗША. 14 студзеня, пабываўшы ў Беларусі, сенатар Рычард Дурбін сказаў: «Дзеянні беларускіх уладаў, якія арыштавалі больш за 600 апазіцыйных актывістаў, а таксама тое, што пяць кандыдатаў у прэзідэнты былі арыштаваныя, а яшчэ два кандыдаты застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе, ствараюць не вядомы раней у сусветнай палітыцы прэцэдэнт. У краіне не можа быць дэмакратычнай формы кіравання, калі пройгрыш на выбарах Лукашэнку азначае накіраванне наўпрост у турму».

Пасля пасяджэння ў Брусэлі варта было чакаць перапынку ў працэсе раздачы Мінску дыпламатычных аплявухаў. Толькі 20 студзеня Еўрасаюз мусіў прыняць рэзалюцыю.

Аднак «СБ» сваімі дэтэктывамі не дала нікому расслабіцца. Агучаныя тэзісы пра польскіх і нямецкіх шпіёнаў выклікалі адпаведную рэакцыю ў Варшаве і Берліне.

МЗС Польшчы назваў «драматычнымі, прапагандысцкімі, набліжанымі да абсурду намаганнямі» заявы газеты «Советская Белоруссия».

17 студзеня з неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што ў польскім МЗС падрыхтаваны спіс асобаў, адказных за рэпрэсіі. Ён уключае пракурораў, суддзяў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў спецыяльных службаў.

Пасол Беларусі ў Германіі Андрэй Гіро быў выкліканы ў нямецкае МЗС, дзе яму было заяўлена пра абсалютную безгрунтоўнасць абвінавачванняў афіцыйнага Берліна ў дачыненні да «спробы дзяржперавароту» ў Беларусі. Патрыцыя Флор — упаўнаважаная МЗС Германіі па Усходняй Еўропе, Каўказу і Цэнтральнай Азіі — выразна падкрэсліла, што «падобныя абвінавачванні абсалютна безгрунтоўныя», паведамляюць германскія СМІ.

Думаецца, не без уліку расследаванняў «СБ» дэпутатамі фракцыі Народнай Партыі ў Еўрапарламенце 18 студзеня быў складзены беспрэцэдэнтна жорсткі, варыянт рэзалюцыі па Беларусі.

Партыя заклікае органы Еўрасаюза спыніць усю фінансавую падтрымку Беларусі і ўдзел ва «Усходнім партнёрстве», замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі, замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі; абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да «абсалютнага мінімуму».

На фоне адкрытага ціску з боку Захаду не зразумелая сітуацыя на ўсходнім фронце. Як пажартаваў адзін эксперт, калі Еўропа толькі плануе ўводзіць эканамічныя санкцыі, то Расія іх даўно пачала. Гутарка пра пастаўкі нафты. Масква, праўда, ніякага палітычнага падтэксту ў гэтым не бачыць. У Крамлі кажуць пра дзяжурны «спор хозяйствующих субъектов». Аднак нейкае варушэнне ў Маскве адбываецца. Пра гэта свед­чыць цэлая серыя заяў Смаленскай плошчы: патрабаванне вярнуць журналісту «Коммерсанта» акрэдытацыю, антылукашэнкаўскія ролікі ў выпусках праўладных СМІ, інтарэс да лёсу расіян, якія сядзяць у беларускім ізалятары.

Цяпер застаецца дачакацца, калі на пасяджэнні міністраў замежных спраў краін ЕС спіс і фармат санкцый будзе непасрэдна прыняты. Цікава, ці знойдуць да гэтага часу Якубовіч і Мартынаў кампраміс па пытанню, якія шпіёны (нямецкія, расійскія, польскія, балгарскія, аргенцінскія і г.д.) арганізавалі падзеі 19 снежня? І ці ўвогуле былі тыя шпіёны?
 

Каментаваць