Дональд Трамп — магільшчык фемінізму

У заходніх СМІ пашыраецца версія, што адной з галоўных ахвяр перамогі Дональда Трампа апынуўся жаночы рух.

Фота www.lenta.ru


Толькі ў 9 з 50-ці штатаў ЗША мужчын колькасна больш за жанчын. Стаўка на жаночае пытанне ўвесь час праяўлялася ў працы паліттэхнолагаў Клінтан, якія стваралі яе апаненту вобраз ненавісніка жанчын, і ў тым ліку адкапалі моцны кампрамат пра вульгарныя паводзіны Трампа з жанчынамі. Нарэшце, вакол штабоў Клінтан вярцелася прорва жаночых грамадскіх актывістак, якія, тэарэтычна, павінны былі трансляваць выбарчыя тэзісы Хілары жанчынам на месцах.

Беручы пад увагу тое, колькі рэсурсаў было выдаткавана на гэта пытанне, вынік галасавання выглядае, мякка кажучы, парадаксальным. Большасць белых жанчын ЗША (53 працэнты) зрабілі выбар на карысць Трампа. Уражвае і колькасць прыхільнікаў рэспубліканца сярод лацінаамерыканак: кожная чацвёртая абрала Трампа, прабачыўшы нават тое, што ён адкрытым тэкстам абяцаў ледзь не масавыя дэпартацыі.

Заходняя прэса задае пытанне: як могуць жанчыны-выбаршчыкі галасаваць за чалавека, які нават сваіх сябровак называў «свіннямі»? Як пасля гэтага не пагадзіцца з версіяй, што 8 лістапада фемінізм у Злучаных Штатах сканаў?

Існуе шмат версій таго, чаму жанчыны падтрымалі Трампа, у тым ліку самых незвычайных. Напрыклад, некаторыя лічаць, што выбар на карысць Трампа быў калектыўнай праявай схаваных у глыбіні свядомасці жанчын-выбаршчыкаў сантыментаў наконт пазітыўнага вобразу бацькі. Маўляў, заможны Трамп са сваімі шматлікімі дзецьмі чымсьці нагадаў патрыярха сямейства, і, быццам, гэта вызначыла жаночы выбар.

Калі не згадваць экзатычныя версіі, дык значна часцей кажуць пра фатальны пралік піяршчыкаў Клінтан. Адзначаюць, што палітычныя тэхнолагі не ўлічылі доўгатэрміновай рэакцыі на абвінавачванні Трампа ў кепскім стаўленні да жанчын. Яго брутальныя споведзі наконт таго, якімі сродкамі трэба дамагацца жаночых сімпатый, спачатку выклікалі сярод амерыканак шок. Паводле дадзеных «Wall Street Journal», па гарачых слядах скандалу Клінтан нарасціла сабе рэйтынг за кошт 20 працэнтаў жаночага электарату.

Аднак з часам стаўленне да Трампа сярод шматлікіх жанчын, асабліва з бедных сем’яў, пачало мяняцца. Забабоны Трампа нагадалі жанчынам паводзіны мужчын з іх сацыяльнага асяроддзя. Як следства, сам мільярдэр атрымаў рысы кагосьці, магчыма, не ідэальнага, аднак пазнавальнага і прадказальнага. На гэтым фоне Клінтан так і засталася для простых людзей чужым і незразумелым экспанатам палітычнай кунсткамеры.

Сваю ролю адыграла і шырокая медыя-кампанія па дыскрымінацыі Трампа, якая выклікала жаданне (у тым ліку сярод жанчын) неяк дапамагчы слабаму і няшчаснаму. Прынамсі, гэтым матывуюць падтрымку Трампа шмат удзельнікаў інтэрнэт-праекту Women For Trump.

Але хапае і тых, хто тлумачаць перамогу Трампа следствам памылковай стратэгіі жаночага руху ў апошнія часы. Пасля таго, як феміністкі дамагліся права на аборты, яны сканцэнтравалі ўвагу на барацьбе супраць побытавых дамаганняў — так званых «sexual harassment». На думку шмат каго, такая формула мала карэлюецца з асноўнымі прыярытэтамі жанчыны ў часы эканамічнага крызісу. На першым месцы ў цяперашняй іерархіі жаночых прыярытэтаў — патрэба эканамічных гарантый для забеспячэння і развіцця сябе, сваёй сям’і і дзяцей. Між тым, тэма жаночага беспрацоўя мала гучала ў выступах Клінтан.

У гэтым плане левыя выданні адзначаюць, што 8 лістапада прайграў не жаночы рух, а яго неаліберальная мадэль, якая ігнаруе той факт, што жанчыны — гэта найбольш сацыяльна ўразлівая і бяспраўная катэгорыя ва ўмовах сучаснага капіталізму. Праўда, з іншага боку, трэба прызнаць, што сацыяльная праграма Клінтан была больш прагрэсіўнай, чым у Трампа. У выпадку яе рэалізацыі захоўвалася сістэма агульнай медычнай дапамогі, якую падчас кампаніі атакаваў Трамп.

Падчас дэбатаў узнікла таксама пытанне — наколькі жаночыя (і ў прынцыпе любыя грамадскія арганізацыі) сапраўды маюць выхад на соцыум? Ёсць меркаванне, што выбары давялі некампетэнтнасць лідараў трэцяга сектару. Грамадскія арганізацыі, маўляў, ператварыліся ў закрытую прафесійную карпарацыю, далёкую ад грамадства. Як следства, феміністкам трэба думаць пра новыя інстытуту свайго руху.

Трэба прызнаць, што шмат феміністычных арганізацый адмовілася ад падтрымкі Клінтан. Тое, што яна зрабіла тэму гендэра прыёмам у выбарчай барацьбе, гэтыя актывісткі называлі «цынічнай эксплуатацыяй геніталій», здрадай традыцыям руху суфражыстак, якія дамагаліся права жанчын на свядомы выбар. Калі верыць гэтай фракцыі феміністак, не трыумф Трампа, а магчымая перамога Клінтан была б катастрофай для фемінізму. Паколькі ўся палітыка адміністрацыі Клінтан аўтаматам успрымалася як учынкі каманды прэзідэнта-феміністкі, ідэю жаночага раўнапраўя можна было лёгка дыскрэдытаваць — асабліва ў краінах, якія маюць канфлікты з ЗША.

Паколькі клінтанаўская версія фемінізму шмат кім сярод саміх феміністак аспрэчвалася, заяўляць пра крызіс усяго руху падаецца катэгарычным і заўчасным. Нездарма ёсць думка, што феномен Трампа, наадварот, з’яўляецца для феміністычнага руху своеасаблівай тэрапіяй. Ён прымусіць актывістак адмовіцца ад прынцыпу «business as usual» у сваёй працы і шукаць новыя накірункі. «Нам павінна быць сорамна за тое, што мы прайгралі 8 лістапада, аднак гэты сорам не павінен паралізаваць нашу дзейнасць і мару пра жанчыну-прэзідэнта ЗША. Аднак гэты прэзідэнт-жанчына не павінна быць кандыдатам ад медыя і незразумелых спонсараў», — адзначае адно з феміністычных выданняў.

Дарэчы, Белы дом без жанчын не застанецца. Дональд Трамп ужо пачаў браць сваю дачку Іванку на ўсе афіцыйныя мерапрыемствы. У тым ліку гаворка ідзе пра сустрэчы, дзе прысутнасць старонніх асоб забароненая пратаколам. Пішуць, што Іванка будзе моцна ўплываць на знешнепалітычны курс ЗША, сімвалізуючы таксама значную ролю жанчын у жыцці краіны.



Каментаваць