Дракон з мячом

Пекін зацвердзіў амбіцыйны план, які павінен ператварыць кітайцаў у перадавую футбольную нацыю. Нашто Кітаю быць самай магутнай футбольнай дзяржавай планеты?



Лічыцца, што гульню ў мяч у Кітай прывезлі на пачатку ХХ стагоддзя (Футбольная асацыяцыя ўзнікла тут у 1924 годзе). З таго часу асаблівага майстэрства кітайскі футбол не дэманстраваў. За ўсю гісторыю кітайская зборная толькі адзін раз, у 2002-м, прабілася на чэмпіянат свету, дзе вылецела ўжо на групавым этапе, не забіўшы ніводнага голу. Праўда, трэба ўзгадаць, што ў часы культурнай рэвалюцыі з 1958 па 1979 год Кітай адмовіўся гуляць у чэмпіянатах пад эгідай буржуазнай FIFA (Міжнароднай федэрацыя футболу) і, адпаведна, адстаў ад сусветных тэндэнцый. У цяперашнім рэйтынгу кітайцы займаюць сціплае 83-е месца, якраз пасля Гандурасу.

Беручы пад увагу агучаныя аспекты, цяжка верыцца ў тое, што за два гады справа ў гэтай галіне кардынальна палепшыцца. Аднак парадыгма бытавой логікі і партыйныя задачы, як вядома з гісторыі, часта не супадаюць. У Пекіне мяркуюць, што два гады — рэальны тэрмін для таго, каб вывесці кітайскі футбол у сусветныя лідары.

Менавіта такі амбіцыйны план быў зацверджаны Дзяржаўным саветам краіны. Ён складаецца з 50 пунктаў. Першым крокам на гэтым шляху стане стварэнне ў краіне на працягу двух гадоў 20 тысяч футбольных школ (да 2025-га іх колькасць павінна вырасці ўвогуле да 50 тысяч). Прычым займацца ў тых школах павінны, на думку кітайскай адміністрацыі, у тым ліку і дзяўчынкі. Таксама кітайскі ўрад запатрабаваў тэрмінова перакласці сем самых прызнаных сярод спецыялістаў лепшых у свеце кніжак па футбольнай тэорыі.

Кітайская асацыяцыя футбола фактычна больш не падпарадкаваная Мінспорту. Яна ператвараецца ў нейкі субдэпартамент пры апараце ўраду і пачынае фінансавацца асобна. Перападзе ад рэформы і простым футбалістам. Ёсць прапанова стварыць нейкі фонд, з якога дапамагаць фінансава слабым клубам, асабліва ў правінцыі, каб не дапусціць сыходу талантаў у багатыя каманды.

У прынцыпе, працаваць футбольным рэфарматарам давядзецца не на голым месцы. Хаця з лёгкай рукі Маа ўсе камуністычныя чыноўнікі былі абавязаныя любіць настольны тэніс, футболу як папулярнай гульні ўвагу заўжды надавалі. У 2004 годзе была створаная нацыянальная суперліга, у якой зараз гуляюць 16 клубаў, што, як правіла, прадстаўляюць гарады ўсходу краіны. Нават кітайская афіцыйная прэса прызнае, што спадарожнік футболу ў КНР — шалёная карупцыя. Існуе цэлая сетка падпольных букмекераў, якія праз функцыянераў суперлігі або асацыяцыі даюць хабары футбалістам і трэнерам. Як мінімум двое сяброў кіраўніцтва асацыяцыі былі арыштаваныя за апошні час за ўдзел у падобных схемах.

Цікава, што ў кітайскую суперлігу не пускаюць клубы з Макао і Ганконгу (былыя калоніі, адпаведна, Партугаліі і Вялікабрытаніі), якія пасля рэінтэграцыі ў склад КНР захавалі нейкія дэмакратычныя парадкі. У Макао і Ганконгу існуюць свае футбольныя лігі.

Але за ўсёй гэтай футбольнай рэформай не зразумела адно — нашто кітайцам ганяць мяч не горш за бразільцаў? Калі верыць зацверджанаму плану, краіна павінна праз нейкі час прыняць у сябе чэмпіянат свету, і да гэтай даты падцягнуць сваю зборную, каб ёй не сорамна было перад усімі краінамі. Натуральна, добрая гульня кітайскіх футбалістаў перад сваімі трыбунамі — вельмі важная тэма, аднак наўрад ці гэтым інтарэс да футболу сярод кіраўніцтва КНР вычэрпваецца.

Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што ў афіцыйных дакументах шмат гаворыцца пра вялікую сацыяльную ролю футболу. «Футбол мае вялікі сацыяльны эфект, і яго вельмі любяць у масах», «гэта гульня дапамагае духу калектывізму», «футбол спрыяе марам пра эканамічнае сацыяльнае і культурнае развіццё», — адзначалася на пасяджэнні Дзяржсавету.

У гэтым плане не выключана, што флірт з футболам — частка глабальнай палітыкі. Ён можа быць неяк звязаны з апошняй кампаніяй супраць адыходу чыноўнікаў ад так званай камуністычнай этыкі. Гаворка пра з’яву, калі камуністы, якія зрабілі гешэфт на розных бізнесовых аферах, вядуць буржуазны лад жыцця, адным з сімвалаў якога з’яўляюцца заняткі тэнісам або бейсболам.

Папулярызацыя футбола як народнай гульні павінна дапамагчы аднавіць камуністычнай партыі свой імідж, як структуры, што звязаная з інтарэсамі простага люду.

Не выключана, што ўлады КНР палохае вестэрнізацыя кітайскай моладзі праз футбольную тэматыку. У краіне вельмі шмат фанатаў розных еўрапейскіх футбольных клубаў, асабліва тых, за якія гуляюць або гулялі спартоўцы кітайскага паходжання.

Культ футболу ў Кітаі, безумоўна, палепшыць імідж краіны ў Лацінскай Амерыцы і Афрыцы, куды зараз ідуць каласальныя кітайскія інвестыцыі і дзе футбол часта — не проста папулярная гульня, а фактычна адзін з палітычных чыннікаў.

Увогуле, кавалерыйскія атакі ў спорце адбываюцца ў краіне не першы раз. Напярэдадні пекінскай Алімпіяды 2008 года такім ж валюнтарысцкімі сродкамі адбывалася папулярызацыя лёгкай атлетыкі. Як бачым па выніках Алімпіяды (зборная КНР стала лідарам па залатых медалях), такая тэхналогія спрацавала і, напэўна, натхніла кітайскіх камуністаў на тое, каб заняцца спортам нумар адзін.

Адным словам — беражыся Гандурас!

Каментаваць