Другая англійская рэвалюцыя

26 мая ў інтэрв’ю газеце «Guardian» Дэвід Камеран, лідэр партыі торы — адназначны фаварыт наступных парламенцкіх выбараў, падтрымаў ідэю палітычнай рэформы ў краіне.

«За апошні год брытанцы сталі сведкамі краху двух самых старых сваіх інстытутаў — банкаўскай і палітычнай сістэмаў», — нядаўна горка падсумавала газета «The Іndependent».



26 мая ў інтэрв’ю газеце «Guardian» Дэвід Камеран, лідэр партыі торы — адназначны фаварыт наступных парламенцкіх выбараў, падтрымаў ідэю палітычнай рэформы ў краіне.

«За апошні год брытанцы сталі сведкамі краху двух самых старых сваіх інстытутаў — банкаўскай і палітычнай сістэмаў», — нядаўна горка падсумавала газета «The Іndependent».

З гэтым мінорным рэзюме цяжка не пагадзіцца. З пачатку фінансавага крызісу Сіті — банкаўскі цэнтр Лондана — на вачах губляе прэстыж і аўтарытэт. Банкіры сталі героямі народных анекдотаў і аб’ектамі жартаў сатырыкаў. Цяпер прыйшла чарга палітыкаў. Буйны карупцыйны скандал, у які аказаўся ўцягнуты спікер ніжняй палаты, шакаваў краіну. Негатыў быў такі моцны, што размова ўжо не ідзе пра пазачарговыя выбары або больш жорсткую форму кантролю за растратаю дэпутатамі публічных фондаў. Падданыя Яе Вялікасці хочуць перамен — змянення базавых прынцыпаў сучаснай палітычнай мадэлі Вялікабрытаніі.

«Брытанскі парламент — маці ўсіх парламентаў», — кажа старая прымаўка. Гэта праўда. Нават самы неадукаваны чалавек можа акрэсліць асноўныя прынцыпы палітычнай сістэмы Вялікабрытаніі. Па-першае, ёсць манарх, які выконвае прадстаўнічыя функцыі. Па-другое, існуе парламент, у якім дэпутацкая большасць фармуе ўрад.

У прынцыпе, гэта сапраўды так, хаця механізм працы парламента і выбарчая сістэма змяняліся на працягу амаль дзесяці стагоддзяў. Спачатку гэта была рада буйных феадалаў пры каралі. Пасля падпісання Вялікай хартыі вольнасці сябры парламента пачалі абірацца. У 1295 годзе парламент падзялілі на палату лордаў і палату абшчынаў. Пасля «Слаўнай рэвалюцыі» 1688 года пачала складацца сістэма канстытуцыйнай манархіі, калі цэнтр улады паступова пераходзіў ад караля да парламента. «Біль аб правах» 1689 года канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. Паступова аформіліся дзве палітычныя партыі — вігі, што баранілі інтарэсы арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі, і торы, што абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства. Напрыканцы XVIII стагоддзя ў парламенце засядалі ў большасці зямельныя арыстакраты. Гэтаму садзейнічала архаічная сістэма нарэзкі выбарчых участкаў. Напрыклад, ад вёскі Самрун з насельніцтвам сем чалавек у парламент абіраліся два дэпутаты, што дазваляла багацеям за кошт банальнага подкупу выбаршчыкаў лёгка атрымаць дэпутацкі мандат. Выбарчыя ўчасткі кшталту Самрун, якія называліся «гнілыя месцы», былі ліквідаваныя дзякуючы славутаму Выбарчаму акту 1832 года. Гэта была першая парламенцкая рэформа, падчас якой выбарчае права займела буйная і сярэдняя буржуазія, стала ўзаконьвацца двухпартыйная сістэма: вігі трансфармаваліся ў лібералаў, торы, адпаведна, — у кансерватараў. Пасля быў уведзены прынцып агульнага галасавання, праўда, спачатку толькі для мужчын. У 1910 годзе лібералы скарацілі кампетэнцыю палаты лордаў. У прыватнасці, пазбавілі яе права затрымліваць закон на тры сесіі, пасля чаго той аўтаматычна ўступаў у сілу. Апошнія рэформы мелі месца ў 1999 годзе, калі пэрам забаранілі перадаваць месцы ў палаце па дынастычнаму прынцыпу (выключэнне зрабілі для 92 сем’яў).

Цяпер чакаюцца новыя глабальныя рэформы. Практычна кожнае саліднае выданне ў краіне стварыла рубрыку, дзе абмяркоўваюцца праекты рэформы. Сярод іх ёсць вельмі радыкальныя: так, прапануецца, напрыклад, пакінуць цэнтральнаму парламенту сімвалічную ўладу і перадаць як мага больш кампетэнцый мясцовым камунам. Іх адміністрацыі, як сцвярджаюць аўтары канцэпцыі, змогуць: а) размяркоўваць грамадскія сродкі па больш справядліваму прынцыпу; б) кантраляваць маштабы выкідаў парніковых газаў у атмасферу (тэма кліматычных зменаў для брытанцаў — пытанне вельмі важнае, паколькі іх востраў можа стаць адной з першых ахвяр узняцця ўзроўню акіяну — наступства глабальнага пацяплення). Аднак гэта хутчэй выглядае як утопія.

Вось асноўныя прапановы па будучай рэформе, якія агучаныя ў цяперашніх дэбатах:

•    Прыняцце канстытуцыі. Цяпер правілы дзейнасці ўрада і парламента шмат у чым не прапісаныя. Так, дату наступных выбараў прызначае прэм’ер. Натуральна, ён можа абвесіць іх у час, калі яго партыя мае добры рэйтынг.
•    Прапарцыянальная выбарчая сістэма. Зараз дэпутаты абіраюцца па мажарытарнаму прынцыпу.
•    Выбарчая сістэма, калі выбаршчык галасуе не за аднаго, а адразу за групу з двух-трох кандыдатаў, якія ў якасці дэпутатаў свае функцыі мяняюць па чарзе. Напрыклад, адзін засядае ў парламенце, другі займацца міжнароднай праблематыкай, трэці — лакальнымі пытаннямі на сваім выбарчым участку.

•    Барацьба з такімі наступствамі глабальнага капіталізму, як ізаляцыя асобы ад грамадства, што вядзе да абыякавасці да сусветных праблем, спажывецкай формулы жыцця. Гэта патрабуе, у сваю чаргу, пакінуць у руках дзяржавы і грамадства сістэму адукацыі, медычнай дапамогі, сістэму асноўных медыя.

•    Дэмакратызацыя вядучых партый.
•    Абмежаванне заробкаў для чыноўнікаў і дэпутатаў.

Якія б праекты ні прапаноўваліся, відавочна, што ў выніку іх канкрэтная рэалізацыя залежыць ад кансерватараў. Пры ўсім радыкалізме цяперашніх настрояў, брытанцы галасуюць па старой традыцыі: або за лейбарыстаў, або за кансерватараў, або за лібералаў. Як сведчаць апытанні выбаршчыкаў, менавіта торы выйграюць наступныя выбары (папярэдняя дата выбараў — 2010 год). Сам Камеран у згаданым вышэй артыкуле піша пра фармат магчымых рэформ наступнае: «Я лічу, што ў цэнтры новай палітыкі павінен быць радыкальны перадзел улады. Улада павінна перайсці ад дзяржавы да грамадзян, ад ураду — да парламенту, ад Вайтхола (урадавы квартал у Лондане) — да камунаў. Ад Еўрасаюза — да Брытаніі, ад суддзяў — да народу, ад бюракратаў — да дэмакратыі. Праз дэцэнтралізацыю, празрыстасць, давер мы можам забраць уладу ў палітычнай эліты і перадаць яе людзям з вуліцы».

Самае цікавае, што тэзісы Камерана шмат у чым паўтараюць пункты перадвыбарчага Маніфеста лейбарыстаў 1997 года, у выніку якіх тыя на дзесяць гадоў прыйшлі да ўлады, і, натуральна, менавіта на іх большасць насельніцтва ўскладае адказнасць за цяперашнюю крызісную сітуацыю.

Хаця ў адным цяперашнія торы і тагачасныя лейбарысты дакладна разыходзяцца. Напрыканцы 90-х інтэрнэт быў яшчэ вельмі слабым. Таму Тоні Блэру (ён быў у 1997 годзе старшынёй лейбарысцкай партыі) у галаву не магла прыйсці ідэя Камерана. Зараз лідэр торы прапануе здымаць пасяджэнні парламенцкіх камітэтаў, якія непасрэдна дзеляць бюджэтныя грошы, і выкладваць тыя відэакадры на інтэрнэт-рэсурс You Tube.

Каментаваць