Другая гадавіна смаленскай катастрофы

Трое абвінавачаных, крытыка справаздачы ўраду ды бясконцыя тэорыі змовы — вось вынік двух гадоў пасля катастрофы.

“Сыход ніжэй за мінімальную вышыню зніжэння пры празмернай хуткасці зніжэння ў атмасферных умовах пры адсутнасці візуальнага кантакту з зямлёю, спозненая спроба пачаць працэдуру адыходу на другі круг — такія асноўныя прычыны аварыі прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года называе афіцыйны рапарт польскай урадавай камісіі.



Трое абвінавачаных, крытыка справаздачы ўраду ды бясконцыя тэорыі змовы — вось вынік двух гадоў пасля катастрофы.

“Сыход ніжэй за мінімальную вышыню зніжэння пры празмернай хуткасці зніжэння ў атмасферных умовах пры адсутнасці візуальнага кантакту з зямлёю, спозненая спроба пачаць працэдуру адыходу на другі круг — такія асноўныя прычыны аварыі прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года называе афіцыйны рапарт польскай урадавай камісіі.

Высновы польскіх спецыялістаў падобныя да высноваў расійскай камісіі МАК. Адзіная розніца ў тым, што польскія эксперты ўзгадалі памылкі наземнага персаналу смаленскага аэрадрома. Не ўсе эксперты пагаджаюцца з афіцыйнымі высновамі, кажа Вітальд Вашчыкоўскі, былы намеснік кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі. “Следства не пойдзе далей, калі ў нас не будзе доступу да рэшткаў самалёта, да чорных скрынак ды іншых матэрыялаў, якіх не перадалі нам расейцы. Трэба скарыстацца з нашай прыналежнасці да розных міжнародных арганізацыяў, каб усчыніць ціск на расейцаў, каб тыя аддалі матэрыялы, — адзначае ён.

Нягледзячы на афіцыйны рапарт, следства ў справе “смаленскай катастрофы не скончана. Пракуратура высунула абвінавачанні ў невыкананні службовых паўнамоцтваў намесніку кіраўніка Бюро ўрадавай аховы ды двум афіцэрам-лётчыкам. Пракуратура нядаўна прадоўжыла следства ў справе смаленскай катастрофы. Гэта сусветная практыка, кажа былы міністр юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі: “Паўсюль следства такога кшталту цягнецца гадамі. Гэта звязана з патрэбай вельмі глыбока вывучыць прычыны авіяцыйнай катастрофы. Пры такіх катастрофах трэба даць дакладную юрыдычную ацэнку падзеі ды ўсебакова вывучыць тэхнічныя прычыны, каб падобныя сітуацыі не паўтараліся ў будучыні. Я не бачу нічога незвычайнага ў тым, што пракуратура працягнула следства ў гэтай справе.

У сваю чаргу ў польскім Сейме працуе парламенцкая група, якая таксама займаецца расследаваннем смаленскай катастрофы. Прадстаўнікі групы лічаць, што ў Смаленску меў месца замах, сведчаннем чаго ёсць нежаданне расійскага боку перадаць Польшчы рэшткі самалёта. Паводле сацыялагічных апытанняў, 18% палякаў вераць у тэорыю замаху на прэзідэнта. Паводле словаў былога міністра з прэзідэнцкай канцылярыі Мацея Лапіньскага, трэба зрабіць усё, каб даведацца праўду пра катастрофу. “Я не ведаю, ці прычынай катастрофы ў Смаленску быў замах. Але ёсць вельмі шмат сумневаў, вельмі шмат элементаў, якія сведчаць пра тое, што падзеі развіваліся не так, як прадставілі гэта расейцы ў сваім рапарце, а пазней польская камісія. Да нас даходзіць усё больш сігналаў, да якіх трэба ставіцца сур’ёзна. Я спадзяюся, што пракуратура так і зробіць, — кажа Лапіньскі.

Тэорыю замаху крытыкуюць палітыкі кіруючай партыі “Грамадзянская платформа. На думку дэпутата гэтай партыі Паўла Альшэўскага, гэткімі тэорыямі некаторыя асобы хочуць здабыць сабе палітычны капітал: “Шчыра кажучы, гэта непрыемна нават каментаваць, асабліва ў другую гадавіну, калі мы павінны ўшанаваць памяць асобаў, якія загінулі трагічна ў аварыі. Яраслаў Качыньскі ўпарта спрабуе будаваць палітычны капітал на смерці свайго брата. Цяжка інакш назваць тую медыйную атаку, якую пачаў гэты палітык у сваіх інтэрв’ю.

Сёння адбыліся афіцыйныя ўрачыстасці па ўшанаванні памяці трагічна загінулых 10 красавіка 2010 года, як у Польшчы, так і ў Расіі, у Смаленску. Неўзабаве будзе пастаўлены помнік ахвярам смаленскай катастрофы.


Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, www.radyjo.net

 

Каментаваць