Дуля Наперальскага

Вынікам выбараў у Польшчы стала не толькі неабходнасць другога туру, але і тое, што, магчыма, лёс выбараў вызначыць партыя экс-камуністаў.



Вынікам выбараў у Польшчы стала не толькі неабходнасць другога туру, але і тое, што, магчыма, лёс выбараў вызначыць партыя экс-камуністаў.

На старце прэзідэнцкай кампаніі кандыдат ад ліберальнай «Грамадзянскай платформы» (РО) Браніслаў Камароўскі меў 53 працэнты падтрымкі, што гарантавала яму перамогу ўжо ў першым раундзе. Ягоны галоўны канкурэнт Яраслаў Качыньскі — брат Леха Качыньскага, прадстаўнік кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) — карыстаўся на той момант падтрымкай толькі 20–25 працэнтаў выбаршчыкаў. Аднак літаральна за два месяцы ён здолеў скараціць гэты разрыў да 3 працэнтаў.

Прычыны ўздыму рэйтынгу Качыньскага, безумоўна, звязаныя з грамадскай атмасферай, якая панавала ў Польшчы пасля катастрофы пад Смаленскам. Соцыум перажыў калектыўную траўму. Галасуючы за Качыньскага, брата нябожчыка-прэзідэнта, людзі праяўлялі спачуванне да ахвяр аварыі. Жалобныя мерапрыемствы, якія расцягнуліся амаль на месяц, узнялі ролю касцёла, традыцыйна звязанага з PiS. Сваю ролю адыграў і разбуральны павадак у маі. Адказнасць за дрэнны стан дамб і плацінаў PiS лёгка пераклала на дзеючы ліберальны ўрад.

Аднак самы вялікі сюрпрыз зрабіў 20 чэрвеня не Качыньскі, а 35-гадовы Гжэгаж Наперальскі, кандыдат ад Саюза левых дэмакратаў (SLD). Наперальскаму ў выніку дасталося 13 працэнтаў галасоў.

Трэба нагадаць, што ў апошнія гады SLD на вачах ператвараўся ў тусоўку палітычных маргіналаў. Залатыя часы партыі, звязаныя з Аляксандрам Квасьнеўскім, закончыліся прыблізна ў 2005 годзе. У той год на выбарах у сейм партыя атрымала 13 працэнтаў — амаль у тры разы менш, чым на папярэдніх выбарах. Гэта было пэўнага кшталту пакаранне за ліберальны курс кабінету Лешэка Мілера і серыю карупцыйных скандалаў з удзелам бонзаў SLD. З таго часу партыйныя шэрагі SLD ахапіла фрустрацыя. Саюз паступова сыходзіў у другую лігу польскай палітыкі.

Заход SLD таксама знаменаваў заканчэнне этапу польскай палітычнай гісторыі, дзе ўсё будавалася на супрацьстаянні былых камуністаў і партый з лагеру «Салідарнасці». Пачала фармавацца новая, падобная на амерыканскую двухпартыйная мадэль: змагаліся дзве фракцыі «Салідарнасці» — ліберальная «Грамадзянская платформа» супраць кансерватыўнай PiS. На левых ліліпутаў ніхто вялікай увагі не звяртаў.

І тут прыходзіць Наперальскі. Калі ён заявіў пра сваю кандыдатуру, за яго гатовыя былі галасаваць 4 працэнты. Лічылі, што кампанію ён робіць выключна для птушачкі, каб папросту захаваць SLD у медыйнай прасторы. Тым не менш за тыдзень да пачатку выбараў ён падцягнуў свой рэйтынг да 8 працэнтаў. І, нарэшце, літаральна за 1–2 дні да галасавання мабілізаваў яшчэ 5–6 працэнтаў. Такога ад маладога палітыка ніхто не чакаў.

У чым загадка Наперальскага? «Gazeta Wyborcza» тлумачыць феномен Наперальскага так: «На фоне палітычнага жыцця, які вызначалі Камароўскі, Качыньскі і Паўляк (кандыдат ад правых), ён — Наперальскі — выглядаў больш жывым. Галасуючы за Наперальскага, шмат выбаршчыкаў паказалі дулю гегемонам з PO i PiS. Наперальскі нічога сабой не ўяўляе. Ён перамог дзякуючы таму, што з’явіўся ў канкрэтным часе ў канкрэтным месцы і ў атачэнні канкрэтных канкурэнтаў».

З падобнымі ацэнкамі пагаджаюцца і іншыя. Электарат Наперальскага —людзі 23–35 гадоў, па якіх крызіс ударыў не так цяжка. Яны сітуацыйна пратэставалі супраць спробы клерыкалізацыі грамадства, якая пачаліся на хвалі жалобы па ахвярах смаленскай катастрофы.

Так ці інакш, цяпер Качыньскі і Камароўскі, якія даўно спісалі SLD на сметнік гісторыі, мусяць фліртаваць з левымі. Стаўка — амаль 2 мільёны галасоў. Такая колькасць палякаў галасавала за Наперальскага. Адпаведна апошнім апытанням, траціна з іх схіляецца аддаць галасы за Качыньскага. Астатнія гатовыя зрабіць выбар на карысць кандыдата ад «Грамадзянскай платформы».

Найбольш цяжка з левымі Качыньскаму, які ў часы прэм’ерства заявіў пра тое, што SLD як партыя — нашчадак камуністычнай Польскай працоўнай партыі — павінна позна ці рана быць забароненай. Цяпер ён цалкам змяніў рыторыку: кажа, што не лічыць левых посткамуністамі. Увогуле, Яраслаў заявіў, што лічыць сябе левым кандыдатам.

У апараце РО таксама не спяць. З’явіліся спекуляцыі наконт таго, што партыя можа ўзяць левых у якасці партнёраў па кабінету. Камароўскі нечакана пагадзіўся з даўняй ідэяй Наперальскага сабраць Савет бяспекі па пытанню сітуацыі ў Афганістане, дзе таксама служыць польскі корпус.

Аднак хапае праблем і ў стане пераможцаў. Нават актыў SLD прызнае, што электарат партыі не кансалідаваны. І калі зараз пачаць кулуарны гандаль, гэта можа выклікаць адмоўную рэакцыю ў тых, хто толькі пачаў асацыяваць сябе з левым полюсам.

Таму левыя вырашылі зрабіць так званы «Каталог прапазіцый» і прапанаваць іх на разгляд кожнаму кандыдату. Галоўныя пункты каталогу — сітуацыя ў Афганістане, погляды на рэформы пенсійнай сістэмы і аховы здароўя, роўнасць жанчын і мужчын. Які кандыдат апынецца бліжэй левым у гэтых галінах, за таго, быццам, Наперальскі і будзе заклікаць галасаваць сваіх прыхільнікаў.

Аднак тут прысутнічае элемент падвойных стандартаў. Не будзем забываць, што ў наступным годзе выбары ў Сейм. Па словах аднаго з функцыянераў SLD, партыя была б зацікаўленая ў захаванні на палітычнай сцэне агрэсіўнай клерыкальнай партыі кшталту PiS. Яе прысутнасць забяспечыла б левым новыя галасы, перш за ўсё моладзі. Пры такім сцэнары SLD магла б разлічваць на 20 працэнтаў галасоў, што гарантавала ім вартае месца ў кааліцыйным з лібераламі ўрадзе.

---------------------------------------------------

Даведка:

Гжэгаж Наперальскі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Шчэціне. Паходзіць з сям’і кадравага партыйнага супрацоўніка. Вучыўся ў тэхнікуме. Закончыў факультэт паліталогіі ў мясцовым універсітэце. З 21 года — сябра партыі. У 2002 годзе стаў дэпутатам гарадскога савета Шчэціна. У 2005-м — дэпутат Сейму і генеральны сакратар SLD і, нарэшце, 31 мая 2008 года абраны яго старшынёй. Жанаты, мае дзве дачкі.

Каментаваць