Два гады Януковіча

25 лютага споўнілася два гады знаходжання Віктара Януковіча на пасадзе прэзідэнта Украіны. Пра вынікі яго кіравання журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— 62 працэнта грамадзян Украіны незадаволеныя дзейнасцю прэзідэнта. Такі вынік апытання, зробленага напярэдадні “юбілею па замове аўтарытэтнага нямецкага радыё “Deutsche Welle. Яшчэ амаль траціна рэспандэнтаў заявілі, што “вельмі незадаволеныя. Адкуль такая сумная для Януковіча арыфметыка?



25 лютага споўнілася два гады знаходжання Віктара Януковіча на пасадзе прэзідэнта Украіны. Пра вынікі яго кіравання журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— 62 працэнта грамадзян Украіны незадаволеныя дзейнасцю прэзідэнта. Такі вынік апытання, зробленага напярэдадні “юбілею па замове аўтарытэтнага нямецкага радыё “Deutsche Welle. Яшчэ амаль траціна рэспандэнтаў заявілі, што “вельмі незадаволеныя. Адкуль такая сумная для Януковіча арыфметыка?

— Безумоўна, галоўным фактарам з’яўляецца эканоміка. Крызіс ёсць крызіс. Януковіч, як паказаў вопыт, сапраўды добры мэнэджар, аднак дасягнуць параметраў 2006 года, калі пры ўладзе быў Юшчанка, ён у сілу аб’ектыўных чыннікаў не здольны. Тады сярэдні заробак жыхароў буйных гарадоў дасягаў 500 долараў, што цяпер здаецца фантастыкай. Шэраг перадвыбарных абяцанняў лідара Партыі рэгіёнаў на праверку аказаліся голым папулізмам. Казаць пра іпатэку ў 7%, інстытут сямейнага лекара, 5% бюджэтных месцах у ВНУ, кампенсацыі працадаўцам пры працаўладкаванні моладзі, выдачы кватэр бюджэтнікам, якія падпісалі кантракты на 20 гадоў, не даводзіцца. Плюс аўтарытарныя тэндэнцыі. Януковіч унёс змены ў 32 закона, якія вызначаюць паўнамоцтвы ўлады, замкнуўшы ўсю сістэму кіравання краінай на сабе. Ён у выніку і адказвае за ўсё.

— Як у Партыі рэгіёнаў ацэньваюць апошнія два гады?

— Галоўнай заслугай украінскага прэзідэнта яго паплечнікі лічаць тое, што Віктару Януковічу ўдалося ўтрымаць краіну на годным узроўні ў няпростых умовах сусветнага эканамічнага крызісу. Яны ахвотна нагадваюць, што ў 2009 годзе падзенне ВУП склала 15 працэнтаў. Іншымі словамі, Януковіч і яго ўрад здолелі пазбегнуць рызыкаў ператварэнні Украіны ў другую Грэцыю, і нават у іх атрымалася аднавіць эканамічны рост. Сярод дасягненняў Януковіча таксама лічаць палітычную стабільнасць: усе інстытуты дзяржавы функцыянуюць, адноўлена адміністратыўная сістэма. Януковіч, па меркаванню яго прыхільнікаў, не даў развіцца супрацьстаянню Захад—Усход. Як прыклад, ён наклаў вета на закон пра выкарыстанне 9 мая чырвонага сцяга як дзяржаўнага, супакоіўшы заходнюю ўкраінскую грамадскасць. Нарэшце, спасылаюцца на вынікі апытання грамадскай думкі. Калі б прэзідэнцкія выбары праходзілі ў лютым гэтага года, Віктар Януковіч стаў бы пераможцам першага тура. Аднак пры гэтым праўрадавыя эксперты не жадаюць прызнаць, што, паводле вынікаў апытання, Януковіч на прэзідэнцкіх выбарах у першым туры набраў бы толькі 16% галасоў. Нават Юшчанка, якога ўсе лічаць няўдахам, праз два гады прэзідэнцтва меў вышэйшы рэйтынг.

— Што думае апазіцыя наконт таго, што ўладзе ўдалося ўтрымаць эканоміку ў рамках пазітыўных макраэканамічных паказнікаў, навесці дысцыпліну ў вертыкалі і г.д.?

— Факт таго, што рост эканомікі мае месца, прызнаецца. Аднак звяртаецца ўвага на тое, што практычна ніхто, адпаведна тым жа сацыялагічны апытанням, не адчуў гэта на сваёй кішэні. Што да кіраўнічай дысцыпліны, то ў адказ прыводзяцца дадзеныя самой адміністрацыі прэзідэнта — сёння не выконваецца каля 40% указаў кіраўніка дзяржавы. Зрэшты, апазіцыя прызнае, што двухгодка Януковіча мела нейкі пазітыў. Дзякуючы прынятаму ў апошні час пакету антысацыяльных рэформаў у краіне пачаўся працэс фармавання грамадзянскай супольнасці. Гэта штосьці новае ў параўнанні з часамі аранжавай рэвалюцыі. Новыя грамадзянскія ініцыятывы мала вераць палітыкам і дамагаюцца канкрэтных мэтаў.

— Януковіч ішоў на выбары, будучы заўзятым апанентам празаходняй знешняй палітыкі аранжавых. Якія тут вынікі?

— У знешняй палітыцы прэзідэнт Украіны адназначна выканаў сваё галоўнае абяцанне — аднавіў і замацаваў пазаблокавы статус краіны. Але гэта дзіўны нейтралітэт, які грунтуецца на праблемах з суседзямі. Украінскі прэзідэнт не змог наладзіць адносіны з Расіяй. Масква адмаўляецца перагледзець газавы кантракт, які Кіеў лічыць нявыгадным. Мы назіраем перыяд спрэчак, якія прывялі да развязвання адкрытых гандлёвых войнаў, напрыклад “сырнай. Адносіны ж з Еўрапейскім саюзам перажываюць перыяд астуджэння. Гэта выклікана перш за ўсё працэсам па справе экс-прэм’ера Юліі Цімашэнка. У выніку інвестыцыйная прывабнасць дзяржавы змяншаецца, а перамовы з МВФ праваленыя. З’явіўся нават тэзіс пра тое, што ва Украіне наогул адсутнічае канцэптуальная знешняя палітыка. Замест гэтага сёння ў галіне замежнай паліткі ёсць толькі манеўры, закліканыя ўтрымаць сітуацыю ўнутры краіны пад кантролем.

— Якраз напярэдадні двухгоддзя кіравання Януковіча быў вынесены прысуд аднаму з апазіцыйных лідараў Юрыю Луцэнку, які атрымаў 4 гады турмы. Луцэнка ў сваёй заключнай прамове ў судзе нават сказаў, што яго адмыслова засудзілі да ўгодкаў кіравання Януковіча ў якасці своеасаблівага падарунку прэзідэнту. Ці паўплывалі працэсы над апазіцыяй на папулярнасць Януковіча?

— Справы Цімашэнка і Луцэнкі сталі ключавымі момантамі, дэстабілізуючымі фактарамі ва ўнутранай і знешняй палітыцы Януковіча, пагоршыўшы імідж прэзідэнта не толькі за межамі краіны, аднак таксама ўнутры яе. Хіба можа абывацель паверыць у тое, што той жа Луцэнка, як малюе яго афіцыёз, жудасны злачынец, калі ўсё, што на яго накапалі, — працаўладкаванне асабістага шафёра на цёплае мястэчка і занадта шыкоўная імпрэза з нагоды дня міліцыі? Гэта пасля таго, як адзін з папярэдніх дырэктараў украінскага МУС займаўся тым, што ўласнаручна адразаў галаву журналісту Гангадзэ.

— Пасля абрання Януковіча прэзідэнтам прайшло толькі два гады, у той час як тэрмін яго паўнамоцтваў складае пяць гадоў. Што можа адбыцца ў наступныя тры?

— Пакуль казаць пра тое, што нешта кардынальна зменіцца, рана. Сімвалічным з’яўляецца, па меркаванню экспертаў, нядаўні перанос працоўнага кабінета Віктара Януковіча ў асабістую рэзідэнцыю “Межигорье пад Кіевам. Паколькі цяперашняя рэзідэнцыя — былы ўрадавы санаторны аб’ект — была аформлена на Януковіча з пункту закона не вельмі празрыста, слова “Межигорье стала сімвалам карупцыі. Таму пераезд у “Межигорье паказвае, наколькі кіраўнік дзяржавы адарваны ад рэальнасці. Адпаведна, ёсць меркаванне, што, прыватызаваўшы ўладу, Януковіч пойдзе шляхам Лукашэнкі і Пуціна. І апошнія заявы чальцоў прэзідэнцкай адміністрацыі, які разважаюць пра перспектывы сяброўства Украіны ў Мытным Саюзе, кажуць на карысць гэтай версіі. Але, з іншага боку, Януковіч дабіўся адназначна сур’ёзнага прарыву ў адносінах з Еўрасаюзам. Менавіта ён, а не яго папярэднік Віктар Юшчанка, здолеў практычна падыйсці да працэсу падпісання дамовы пра зону свабоднага гандлю і дамовы пра асацыяцыю з ЕС. Дастаткова амніставаць Юлію — і дамовы, якія адкрываюць Украіне дарогу ў ЕС, будуць падпісаныя. Таму ад прагнозаў наконт будучыні прэзідэнцтва Януковіча лепш устрымацца. Як мінімум да вынікаў выбараў у парламент увосень.
 

Каментаваць